Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскія вайскоўцы пачалі ў чацьвер наземную вайсковую апэрацыю ў сэктары Газа. Распараджэньне аб гэтым аддаў прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу.

Агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на відавочцаў, што Ізраіль вядзе агонь зь цяжкіх артылерыйскіх гармат, з вайсковых караблёў і верталётаў. Армія абароны Ізраілю заявіла, што галоўная мэта новага этапу апэрацыі «Непарушная скала», якая пачалася 8 ліпеня, — абараніць ізраільцян і зьнішчыць аб’екты баевікоў групоўкі ХАМАС.

Раней у чацьвер, як толькі скончылася 5-гадзіннае «гуманітарнае замірэньне» паміж Ізраілем і баевікамі ХАМАС, ізраільская тэрыторыя была зноў абстраляная з сэктару Газа.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што па Ізраілі выпушчана ўжо 1300 ракет.

Паводле палесцінскага боку, ахвярамі ізраільскіх паветраных удараў сталі 240 чалавек, яшчэ сотні — параненыя. Паводле дадзеных ААН, большасьць загінулых і пацярпелых — мірныя жыхары.

У чацьвер Ізраіль паведаміў, што афіцыйна выстаўленыя абвінавачаньні ў забойстве палестынскага падлетка. Судзіць будуць трох габрэйскіх радыкалаў — членаў адной сям’і. Яны прызналі, што спалілі хлопчыка жыўцом у адказ на забойства трох выкрадзеных палестынскімі баевікамі ізраільскіх школьнікаў.

З гэтых забойстваў пачаўся цяперашні ваенны канфлікт у рэгіёне.

XS
SM
MD
LG