Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар МакКэйн: Пакараньне будзе суровае, мала не падасца. РЭАКЦЫІ


Джон МакКэйн

Джон МакКэйн

Супернік Барака Абамы на прэзыдэнцкіх выбарах 2008 году, сэнатар-рэспубліканец ад штату Арызона Джон МакКэйн выступіў у амэрыканскім тэлеэфіры з заявамі наконт падзеньня пад Данецкам самалёта малайзійскай авіякампаніі.

Сэнатар Джон МакКэйн заявіў, што не гатовы зрабіць выснову, што падзеньне малайзійскага самалёта было вынікам нападу — але даў ясна зразумець, што прарасейскіх сэпаратыстаў чакаюць вялікія праблемы, калі пацьвердзяцца меркаваньні пра наўмыснае зьбіцьцё самалёта.

«Рабіць пасьпешлівыя высновы было б вельмі непрыстойным і недарэчным, пакуль мы ня будзем мець больш інфармацыі, — сказаў МакКэйн у інтэрвію тэлеканалу MSNBC адразу пасьля таго, як пачуў паведамленьні, што самалёт з 295 людзьмі на борце мог быць зьбіты над усходняй Украінай прарасейскімі сэпаратыстамі.

МакКэйн заявіў, што ягоны сэнацкі камітэт у пытаньнях узброеных сілаў і замежных справаў атрымліваў іншыя паведамленьні пра меркаваныя агрэсіўныя дзеяньні сэпаратыстаў, якія пасьля не пацьвярджаліся.

Таму ў сувязі з апошнімі падзеямі ён спрабуе захоўваць спакой і паўстрымацца ад высноваў.

«Але калі гэта здарылася ў выніку дзеяньняў сэпаратыстаў або Расеі, якія памылкова прынялі пасажырскі лайнэр за ўкраінскі вайсковы самалёт, я думаю, што будзе суровае пакараньне, мала не падасца», — сказаў сэнатар ад штату Арызона.

МакКэйн дадаў, што тут ёсьць прызнакі «трагічнай памылкі, учыненай некім, хто мае магчымасьць проста зьбіць самалёт, і мы ведаем прынамсі па апошняй пары тыдняў, што такія магчымасьці маглі б мець Расея або прарасейскія сэпаратысты»

Выступаючы праз гадзіну ў эфіры CNN, сэнатар МакКэйн заявіў:

«Калі — я падкрэсьліваю: калі — гэта была ракета, запушчаная Расеяй або сэпаратыстамі, што ў маім уяўленьні два неаддзельныя паняцьці, гэта магло б мець самыя глыбокія наступствы. Гэта расчыніла б перад намі браму і мы маглі б урэшце дапамагчы Ўкраіне, перадаць ёй абароннае ўзбраеньне. Санкцыі, якія б у выніку маглі быць ужытыя, былі б толькі пачаткам. Вось жа, я проста не магу паверыць, каб нехта ў здаровым розуме захацеў бы зьбіць пасажырскі лайнэр».

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў у сувязі з падзеньнем малайзійскага самалёта пад Данецкам: «Выглядае, што гэта, магчыма, страшная трагедыя».

У сваёй першай рэакцыі на здарэньне Абама зазначыў, што даручыў групе спэцыялістаў у нацыянальнай бясьпецы трымаць цесны кантакт з украінскімі ўладамі.

Ён сказаў, што Злучаныя Штаты дадуць любую дапамогу для выяўленьня прычыны катастрофы.

З заявай у сувязі з падзеньнем пад Данецкам малайзійскага самалёта выступіў генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн:

«Я глыбока ўзрушаны і засмучаны катастрофай сёньня ва Ўкраіне пасажырскага авіялайнэра малайзійскіх авіялініяў, якая забрала шмат жыцьцяў.

Акалічнасьці катастрофы застаюцца няяснымі. Аднак нестабільнасьць у рэгіёне, спрычыненая прарасейскімі сэпаратыстамі, стварае ўсё больш і больш небясьпечную сытуацыю.

Важна, каб поўнае міжнароднае расьсьледаваньне было праведзенае неадкладна, безь ніякіх перашкодаў, каб выявіць усе факты і аддаць суду тых, хто можа быць адказны».

«Мы зробім усё магчымае, каб высьветліць прычыну таго, што здарылася, - заявіў на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды гібелі малайзійскага авіялайнэра прэм'ер-міністар Малайзіі Наджыб Разак. - І калі выявіцца, што самалёт быў зьбіты, мы запатрабуем неадкладнага прыцягненьня вінаватых да адказнасьці».

Выступаючы ў Куала-Лумпуры, прэм'ер сказаў, што трагедыя чацьвярга - гэта "яшчэ адзін трагічны дзень трагічнага года".

Ён паабяцаў, што пошукі працягнуцца да таго часу, пакуль ня будуць знойдзеныя целы ўсіх пасажыраў і членаў экіпажу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG