Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Санкцыі супраць Расеі — на карысьць афіцыйнаму Менску


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Санкцыі ЭЗ і ЗША, уведзеныя супраць Расеі, могуць пайсьці на карысьць афіцыйнаму Менску.

Такое меркаваньне выказвае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. У прэс-рэлізе, які дасланы ў рэдакцыю Радыё Свабода, палітык сьцьвярджае:

«Я не выключаю, што афіцыйны Менск паспрабуе атрымаць выгаду ад санкцыяў Захаду супраць Расеі, заняўшы нішу своеасаблівага афшора, празь які расейскі ваенна-прамысловы, паліўна-энэргетычны і фінансавы сэктар маглі б весьці стасункі з астатнім сьветам у абыход санкцыяў. Разам з тым для паўнавартаснага выкананьня гэтай ролі беларускім уладам неабходна дасягнуць пэўнага паляпшэньня стасункаў з Захадам — невялікія, але заўважныя крокі ў гэтым кірунку мы бачым у апошнія месяцы. Я прагназую, што менавіта гэтая лінія паводзінаў будзе працягвацца ў бліжэйшы час.

Пры гэтым афіцыйны Менск будзе ў меншай ступені гатовы аказваць галосную падтрымку дзеяньням Расеі, бо пры паўнавартасных санкцыях супраць яе павялічваецца верагоднасьць ужываньня санкцыяў і супраць яе бліжэйшага вайсковага і палітычнага хаўрусьніка».

Партыя БНФ вітае санкцыйныя дзеяньні ЗША і ЭЗ супраць Расеі, якую лічыць «агрэсарам» і «акупантам часткі тэрыторыі незалежнай Украіны».

16 ліпеня ЗША абвясьцілі пра ўвядзеньне новых санкцыяў супраць Расеі. Як паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША, санкцыі будуць тычыцца некалькіх вядучых расейскіх банкаў і энэргетычных кампаніяў.

Гаворка ідзе пра дзяржаўныя расейскія кампаніі — такія, як «Роснефть» або «Новатек», якая займаецца здабычай газу, пра дзяржаўныя банкі — у прыватнасьці, «Внешэкономбанк» ды «Газпромбанк» — фінансавае падразьдзяленьне расейскага энэргетычнага манапаліста «Газпром».

Акрамя гэтага, уводзяцца і пэрсанальныя санкцыі — супраць кіраўніка пятай службы ФСБ Сяргея Бяседы, віцэ-сьпікера Дзярждумы Расеі Сяргея Няверава, міністра ў справах Крыму Алега Савельева і дарадцы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна Ігара Шчаглова.

17 ліпеня Эўразьвяз абвясьціў пра прыняцьце новых санкцыяў супраць Расеі. Сьпіс кампаній, прадпрыемстваў і асобаў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, будзе сфармаваны да канца ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG