Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брыгінца не дэпартавалі зь Беларусі, яго проста не пусьцілі — Памежны камітэт


Аляксандар Брыгінец

Аляксандар Брыгінец

Дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандра Брыгінца, якога 16 ліпеня не пусьцілі ў Беларусь, раніцай 17 ліпеня адправілі на самалёце ў Кіеў. Чаму гэта здарылася?

Аляксандар Брыгінец прыляцеў у менскі аэрапорт з Кіева ўвечары 16 ліпеня ў складзе дэлегацыі ўкраінскіх і польскіх дэпутатаў ды праваабаронцаў, якая накіроўвалася ў Варонеж. Але ў Беларусь Аляксандар Брыгінец ня быў прапушчаны беларускімі памежнікамі, якія працуюць у аэрапорце. А 8-й раніцы 17 ліпеня Аляксандра Брыгінца пасадзілі на самалёт авіякампаніі «Белавія», які вылецеў у Кіеў. «Вось так выглядае дэпартацыя», — пракамэнтаваў Аляксандар Брыгінец штамп у сваім пашпарце, на якім напісана, што ўезд у Беларусь яму забаронены.

«Гэта не была дэпартацыя. Дэпартацыя ёсьць мера адміністрацыйнага ўзьдзеяньня, а на Брыгінца ніякіх пратаколаў не складалася, да адміністрацыйнай адказнасьці яго не прыцягвалі. Яго не пусьцілі ў Беларусь на падставе таго, што ягонае імя апынулася ў сьпісе асобаў, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь, а таксама на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы забаронены ці непажаданы», — паведаміў карэспандэнту Свабоды намесьнік начальніка прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі. Чаму ўкраінскі дэпутат трапіў у такі сьпіс, памежніку невядома. Паводле Антона Бычкоўскага, сьпіс неўязных складаецца кампэтэнтнымі органамі, а памежнікі ім толькі карыстаюцца.

У якіх умовах знаходзіўся ўкраінскі дэпутат, перш чым адляцеў на беларускім самалёце ў Кіеў? Сам Аляксандар Брыгінец паведаміў, што ноч ён правёў у транзытнай зоне аэрапорту, але ня меў магчымасьці па ёй свабодна перасоўвацца.

Намесьнік начальніка прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі гэтыя зьвесткі абверг.

«Вы ж, пэўна, уяўляеце, што Нацыянальны аэрапорт — гэта такая ўстанова, дзе шмат людзей, у тым ліку шмат людзей праходзіць праз транзытную зону. Гэта ня можа быць маленькім пакойчыкам. Ён знаходзіўся ў транзытнай зоне, там ёсьць тэлевізар, створаныя ўсе ўмовы, каб чакаць свайго рэйсу. У 8:25 сёньня рэйсам „Белавія“, дарэчы, за кошт кампаніі, яго накіравалі ў Кіеў».

Але ці ёсьць у транзытнай зоне Нацыянальнага аэрапорту пакоі, дзе пэўных пасажыраў могуць трымаць асобна ад іншых? На пытаньне магла б адказаць адмысловая служба абслугоўваньня пасажыраў, але ў аэрапортаўскім аддзеле па абслугоўваньні пасажыраў карэспандэнту Свабоды паведамілі, што за ўмовы ў транзытнай зоне яны не адказваюць:

«Не аддзел абслугоўваньня пасажыраў займаецца асобамі, якіх не запусьцілі. Гэтым займаюцца памежнікі і кампанія „Белавія“, якая абавязана паклапаціцца пра тое, каб такія пасажыры былі адпраўленыя найбліжэйшым рэйсам назад», — сказала супрацоўніца і параіла зьвярнуцца да дзяжурнага афіцэра памежнай службы, што працуе ў аэрапорце.

Аднак той ня стаў адказваць на пытаньне пра ўмовы ў транзытнай зоне аэрапорту, а накіраваў да аднаго з адказных афіцэраў памежнага камітэту. Гэты чалавек, не назваўшыся, параіў зьвярнуцца ў прэсавую службу. Кола, такім чынам, замкнулася, але пытаньні пра ўмовы ў транзытнай зоне засталіся.

У КДБ Беларусі не камэнтуюць прычын, дзеля якіх дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Брыгінец трапіў у сьпіс неўязных у Беларусь.

XS
SM
MD
LG