Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце заклікае ўвесьці эмбарга на зброю для Расеі


Даля Грыбаўскайце

Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце абвінавачвае Расею ў эскаляцыі крызісу ва Ўкраіне і патрабуе прыняць да яе жорсткія меры.

Грыбаўскайце таксама выказала занепакоенасьць тым, што на пасаду кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ можа быць абраны прарасейскі кандыдат.

Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва Delfi.

«Літва і іншыя краіны Балтыі — мы вельмі адкрыта і жорстка патрабуем, каб гэтая сытуацыя была адлюстраваная ў нашых дакумэнтах. Калі санкцыі, якія ўжо спазьняюцца — напрыклад, перакрыцьцё паставак узбраеньняў і тэхналёгіяў, — яшчэ ня ўжытыя, то гэта трэба абавязкова рабіць», — сказала ў Брусэлі прэзыдэнт.

Паводле дыпляматаў, на саміце лідэры ЭЗ, хутчэй за ўсё, ня прымуць рашэньня аб забароне на продаж зброі Маскве, але могуць прапанаваць санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць украінскіх сэпаратыстаў, а таксама замарозіць праекты Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ў Расеі.

«Краіны Балтыі і Польшча выказваюцца за выразныя сыгналы на адрас Расеі. Калі яны невыразныя, то Расея ідзе далей і агрэсіўна паводзіць сябе ў Эўропе і каля межаў Эўропы», — сказала Грыбаўскайце.

Калі сыгналы для Расеі невыразныя, то яна ідзе далей і агрэсіўна паводзіць сябе ў Эўропе і каля межаў Эўропы

Яшчэ адно важнае пытаньне на саміце — перамовы пра пасады кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ і старшыні Рады ЭЗ.

Грыбаўскайце прызнала, што дзяржавы-сябры «вельмі раздробленыя» ў пытаньні пра тое, хто павінен стаць новым Вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі замест прадстаўніцы Вялікабрытаніі Кэтрын Эштан, у якой завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў.

Дыпляматы сьцьвярджаюць, што краіны Балтыі і Польшча супраць прызначэньня на гэтую пасаду міністра замежных спраў Італіі Фэдэрыка Магерыні, а альтэрнатывай італьянцу магла б стаць камісар ЭЗ па пытаньнях гуманітарнай дапамогі Крысталіна Георгіева з Балгарыі.

«Патрабаваньне Літвы па-ранейшаму такое, каб гэта быў чалавек з досьведам у эўрапейскай зьнешняй палітыцы. Для нас вельмі важна, каб гэта быў чалавек, які займае нэўтральную пазыцыю і спрабуе адлюстраваць меркаваньне ўсіх краін ЭЗ у дачыненьні да расейска-ўкраінскага канфлікту, і Літва ні ў якім разе не падтрымае чалавека, які адкрыта дэманструе пракрамлёўскую пазыцыю», — сказала прэзыдэнт.

Дыпляматы кажуць, што рэальным кандыдатам на пасаду старшыні Рады ЭЗ замест бэльгійца Гэрмана ван Ромпэя лічыцца кіраўнік ураду Даніі Хеле Торынг-Шміт.

З-за адсутнасьці кампрамісу пачатак саміту быў адкладзены на некалькі гадзін, аднак перад яго пачаткам канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель ня выключыла, што знайсьці кампраміс зараз, можа, і ня ўдасца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG