Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр глыбоцкі незалежны журналіст Яўген Самсонаў


Яўген Самсонаў

Яўген Самсонаў

Ягоная сьмерць была раптоўнай. Ніхто са знаёмых ды сяброў ня мог і ўявіць, што з жыцьця так хутка пойдзе гэты вельмі шчыры і энэргічны чалавек. Яму было толькі 58.

Яўген Самсонаў працаваў кіроўцам у ЖКГ. Ня меўшы адмысловай адукацыі, ён прыйшоў у журналістыку стаў ўжо сталым чалавекам, але да гэтае справы ставіўся зь вялікім энтузіязмам і адказнасцю. Стаў рэпаратэрам-аматарам, шмат пісаў для сайту westki.info — на спартовую тэматыку, пра культурніцкае жыцьцё рэгіёну.

Апошнім часам яго амаль заўжды бачылі з відэакамерай, ён здымаў відэафільмы пра Глыбоччыну, пра выбітных людзей рэгіёна, пра тое, што хвалявала яго самога і ягоных землякоў. Сёлета ў траўні ў Глыбокім прайшла прэзэнтацыя трох яго апошніх фільмаў. Назва аднаго зь іх, прысьвечанага мастаку Язэпу Драздовічу, гучыць па сьмерці аўтара фільма па-прарочаму — «Я вас помню, а вы ўспамянеце можа»... Яўген Самсонаў займаўся і грамадзкай дзейнасьцю, быў прыхільнікам стварэньня партыі БХД. У 2011 годзе ён распачаў у Глыбоцкім раёне кампанію за захаваньне ў належным экалягічным стане возера Алоізберг каля мястэчка Падсьвільле. Мясцовая міліцыя неаднаразова ладзіла праверкі, ці не займаецца спадар Самсонаў чымсьці недазволеным: прынамсі, у міліцыю была паступіла «ананімка», што ён выпусьціў паклёпніцкія ўлёткі супраць кіраўніка ідэалягічнага аддзелу. Зьвесткі з анаімкі не пацьвердзіліся, але ўся тая гісторыя папсавала актывісту нямала нэрваў.

І ўсё ж Яўгена Самсонава згадваюць у Глыбокім як вялікага аптыміста, якому былі неабыякавыя любыя падзеі ў родным горадзе. Згадваюць ягоную ўсьмешку і гатоўнасьць дапамагчы парадай ці справай. І ніхто з тых, хто яго ведаў, ня хоча і ня можа даць веры, што Яўгена Самсонава больш няма...

Пахаваюць спадара Яўгена 18 ліпеня на глыбоцкіх могілках.

Тацяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту ў стварэньні партыі БХД па Віцебскай вобласьці:

«Гэта вялікая страта для нас, аднапартыйцаў, сяброў... Яўген Самсонаў быў адным з тых, хто гатовы ўсё зрабіць у імя зьменаў у нашым жыцьці. І ён сам зьмяняў яго, наколькі мог, — і як грамадзянін, як прыхільнік стварэньня нашай партыі, і як журналіст. За гэта яму шмат даставалася ад уладаў, і кожны выпадак перасьледу пакідаў сьлед на ягоным сэрцы. Гэта перажывалася цяжка, хаця Яўген імкнуўся не паказваць на людзях свае праблемы і цяжкасьці. Ён трываў, заўжды выглядаў аптымістам, а вось сэрца ня вытрымала... Сьветлая памяць сьветламу чалавеку, нашаму Яўгену Самсонаву».

Грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка ўзгадвае Яўгена Самсонава як надзвычай актыўнага чалавека:

«Гэта чалавек, каля якога не праходзіла ніякая значная беларуская падзея, як культурная, так і важная для грамадзтва, у яго родным рэгіёне. Лёгкі на пад’ём, вучыўся новым тэхналёгіям, у тым ліку лічбавым, авалодваў відэажурналістыкай, зрабіў некалькі, хай аматарскіх, але насычаных дакумэнтальных фільмаў, удзельнічаў у конкурсе Народны журналіст, і нават увайшоў у першую дзясятку лідэраў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG