Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 ліпеня: 50 гадоў Валянціну Жданко


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Сёньня – 50 гадоў Валянціну Жданко, беларускаму журналісту, супрацоўніку Радыё Свабода, аўтару кнігі «Лісты на Свабоду», вядучаму штотыднёвай перадачы «Паштовая скрынка 111», ляўрэату прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага Пэн-цэнтру.

Калі аўтарытарнай сыстэмы перастаюць баяцца і пачынаюць зь яе насьміхацца нават тыя, хто закліканы ёй аддана служыць – сыстэма гэтая доўга не праіснуе.

Валянцін Жданко

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску ў Нацыянальным гістарычным музэі адкрыецца міжнародны праект – выстава «Рэчы паміж жыцьцём і сьмерцю» з Музэю Арміі (Стакгольм, Швэцыя). Пачатак у 17.00.

У менскім Цэнтры сучасных мастацтваў адкрыецца арт-праект сучасных латыскіх мастакоў «Самы вялікі хор у сьвеце» з сэрыі імпрэзаў, якая прадстаўляе Рыгу як культурную сталіцу Эўропы 2014. Пачатак у 18.00.

На стадыёне «Трактар» менскае «Дынама» правядзе першы матч у другім кваліфікацыйным раўндзе футбольнай Лігі Эўропы на сваім полі зь фінскім клюбам «МюПа-47». Пачатак у 18.30.

Праект Cinemascope і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазытараў прэзэнтуюць другі open-air фэстываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінэмо». На працягу пяці вечароў ва ўнутраным дворыку музэю-майстэрні Заіра Азгура будуць дэманстравацца нямыя фільмы клясыкаў сусьветнага кінэматографу, агучаныя сучаснымі беларускімі музыкамі і кампазытарамі. Сёньня ў 21.30 – праграма кароткамэтражных фільмаў.

У клюбе RE:Public у рамках праекту Re:Live выступяць Паліна Рэспубліка, Navi и Tanin Jazz (з новым праектам «Адліга»). Пачатак у 19.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1570 — у Вільні заснаваны езуіцкі калегіюм.

1868 — сталіца Японіі перанесеная з Кіёта ў Токіё.

1918 — у Маскве пачаўся Усерасейскі зьезд уцекачоў зь Беларусі.

1918 — забіты разам зь сям’ёй Мікалай II, расейскі імпэратар.

1919 — урад Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі спыніў сваю дзейнасьць.

1924 — утвораны Сьветлагорскі раён.

1941 — арганізаваная генэральная акруга «Беларусь», якая разам з генэральнымі акругамі «Літва», «Латвія» і «Эстонія» ўвайшла ў склад нацысцкага рэйхскамісарыяту «Остлянд».

1942 — Пачалася Сталінградзкая бітва.

1945 — Пачалася Патсдамская канфэрэнцыя.

1992 — Славацкія дэпутаты прагаласавалі за выхад Славаччыны са складу Чэхаславаччыны і ўтварэньне сувэрэннай дзяржавы.

У гэты дзень нарадзіліся:

1954 — Ангела Мэркель, нямецкі палітык, канцлер Нямеччыны.

1959 — Барыс Пятровіч, беларускі празаік.

1964 – Валянцін Жданко, беларускі журналіст.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Размова з вэтэранам. 17 ліпеня 1918 у Расеі забітая імпэратарская сям’я

XS
SM
MD
LG