Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшняя беларуская моладзь адчувае сябе як у 1974 годзе


Каля 2/3 беларускай моладзі ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў гатовыя зьехаць за мяжу на сталае месца жыхарства. У цэлым сярод беларускага грамадзтва гэты паказчык дасягае ўзроўню 40%.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў доктар сацыялягічных навук, прафэсар Алег Манаеў.

Паводле Манаева, галоўны чыньнік высокага ўзроўню міграцыйных настрояў сярод беларускай моладзі — адсутнасьць ці недастатковасьць пэрспэктываў. У адрозьненьне ад людзей старэйшага ўзросту, якія перш за ўсё думаюць пра сёньняшні дзень, для моладзі натуральна думаць пра тое, што будзе праз 3, 5 або 10 гадоў. Таму імкненьне зьехаць з краіны туды, дзе пэрспэктыў павінна быць больш, выглядае зразумелым.

Цікава параўнаць сёньняшняе бачаньне моладзьдзю сваіх пэрспэктыў з тым, што было раней. Як адзначае Манаеў, у 1994-м годзе тагачасная моладзь з аптымізмам глядзела ў будучыню, пэрспэктывы здаваліся значна шырэйшымі. Маладыя людзі зьвязвалі свае надзеі на будучыню з жыцьцём у незалежнай краіне ва ўмовах дэмакратыі і рынкавай эканомікі, яны верылі, што Беларусь пойдзе эўрапейскім шляхам разьвіцьця і хутка дасягне заходняга ўзроўню жыцьця.

Алег Манаеў
Алег Манаеў

«У цэлым быў такі настрой, — кажа Манаеў. — Для моладзі пэрспэктывы сыходзілі за гарызонт — асабліва ў параўнаньні з тым, што было 20 гадоў назад, у 1974 годзе».

«Калі сёньня мы такое ж параўнаньне зробім паміж 2014 годам і 1994-м, то тут тэндэнцыя будзе роўна процілеглая ў параўнаньні з папярэднім пэрыядам. Калі ў 1994 годзе пэрспэктывы пашыраліся, паглыбляліся і сыходзілі за гарызонт (прынамсі, для шмат каго з маладых людзей), то сёньня ўсё якраз наадварот. Гэта я ведаю і як прафэсар унівэрсытэту, кантактуючы са студэнтамі, і як навуковец, які вывучае грамадзтва, і па выніках сацыялягічных апытаньняў можна пра гэта казаць», — адзначае Манаеў.

Ён тлумачыць, што самі па сабе пэрспэктывы — гэта складаны комплекс праблемаў. Пэрспэктывы для моладзі маюць і матэрыяльна-эканамічны складнік (узровень заробкаў), і палітычны (узровень грамадзянскіх і палітычных свабодаў), і прававы (напрыклад, наколькі ўстойлівыя заканадаўчыя ўмовы вядзеньня бізнэсу).

Між тым трэба разумець, што жаданьне зьехаць у замежжа яшчэ не азначае, што чалавек сапраўды пакіне Беларусь. Насамрэч міграцыйныя настроі сярод беларускіх грамадзян амаль не трансфармуюцца ў рэальную міграцыю, лічыць Манаеў.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што 2/3 маладых беларусаў, якія паводле вынікаў сацыялягічных апытаньняў гатовыя пакінуць краіну, — гэта каля 1 мільёна чалавек. Але на самой справе зь Беларусі кожны год зьяжджае ня больш за 1–3 тысячы маладых людзей. Такім чынам, рэальны ўзровень міграцыі — гэта кропля ў моры адносна колькасьці тых, хто выказвае жаданьне зьехаць.

Манаеў адзначае, што не рэалізуюцца і імкненьні адносна краін, у якія маладыя беларусы жадалі б эміграваць.Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, большасьць беларусаў імкнулася б зьехаць на Захад — у Нямеччыну, Польшчу ці ЗША. Але тыя хто эмігруе фактычна, часьцей за ўсё зьяжджаюць у Расею.

Паводле Манаева, насамрэч міграцыйны балянс у Беларусі дадатны — гэта значыць, што ўяжджае ў краіну больш, чым выяжджае. Прафэсар пры гэтым падкрэсьлівае, што сьцьвярджэньні, быццам афіцыйная статыстыка прымяншае ўзровень міграцыі, — гэта глупства. Насамрэч дадзеныя МУС і Белстату наконт узроўню міграцыі рэальна адлюстроўваюць стан рэчаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі МУС, у 2013 годзе, для таго каб працаваць за мяжой, Беларусь пакінулі 5715 грамадзян усіх узростаў. Яшчэ 1075 чалавек зьехалі зь Беларусі ў першы квартал 2014 году. Абсалютная большасьць зь іх зьяжджае працаваць у Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG