Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горацкай акадэміі недабор студэнтаў. Ня хоча моладзь у калгасы


Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, як і летась, недабірае студэнтаў. У мінулым годзе недабор склаў 250 чалавек.

Сёлета ж — больш за 350. У акадэміі праблему зьвязваюць са зьмяншэньнем колькасьці выпускнікоў школ ды з падзеньнем прэстыжу сельскагаспадарчых прафэсіяў.

У акадэміі з 943 бюджэтных месцаў незапоўненымі застаюцца 370. У рэктараце заяўляюць, што сёлетні недабор студэнтаў характэрны для ўсіх беларускіх вышэйшых навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю. «Цяжка знайсьці ВНУ, якая б закрыла ўсе кантрольныя лічбы», — тлумачыць супрацоўнік акадэміі.

«Стала намнога менш выпускнікоў школ — на 11 тысяч у параўнаньні зь мінулым годам. І такая сытуацыя будзе паўтарацца прыкладна да 2017 году. Дый абітурыент слабенькі. Ня тая цяпер падрыхтоўка ў школе. Хто гэта калі думаў, што з тройкамі будуць паступаць у ВНУ?» — кажа суразмоўца.

Яшчэ адна прычына недабору студэнтаў, паводле супрацоўніка акадэміі, — падзеньне прэстыжу сельскагаспадарчых прафэсіяў:

«Зьявілася нават такое паняцьце, як вострадэфіцытныя сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці — аграномія, заатэхнія, інжынэр-мэханік, вэтурач. Хоць, здаецца, на сяле створаныя ўсе ўмовы для працы, і там вытворчасьць дужа мае патрэбу ў спэцыялістах дадзенага профілю».

У акадэміі спадзяюцца, што ў ходзе дадатковага набору студэнтаў стане больш і патрабаваньне закрыць кантрольныя лічбы па першакурсьніках будзе выканана.

Немалая частка студэнтаў не хавае, што паступілі ў акадэмію, бо гэта было нескладана зрабіць. Па заканчэньні навучальнай установы працаваць па спэцыяльнасьці мала хто хоча. Пасьля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі, заяўляюць студэнты, кінем сельскую гаспадарку.

«Калі тут правесьці сацыялягічнае апытаньне, то я перакананая, што бальшыня людзей паступілі ў акадэмію, бо проста паступіць, а патрэбная корка, што ёсьць вышэйшая адукацыя, — заяўляе адна са студэнтак. — У сельскай гаспадарцы маленькія заробкі. Няхай сабе тая ж даярка. Яна ж працуе ўся ў поце, а заробак у яе які? Нічога ня бачыш, і сям’і таксама».

Меркаваньні бацькоў будучых абітурыентаў пра тых, хто сьвядома ідзе вучыцца ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю і пераканана зьвязвае сваё жыцьцё зь сельскай гаспадаркай, даволі прагматычныя. Адно зь іх: «Бацькі там. Хата там. Во й ідуць вучыцца. А потым уцякаюць».

Былы студэнт Горацкай акадэміі Зьміцер кажа, што атрыманыя ў навучальнай установе веды яго задавальняюць. Ён зазначае: калі паступаў, то бачыў багата абітурыентаў з дужа слабымі ведамі, якія ўсё ж сталі пасьля іспытаў студэнтамі.

Сам ён вучыцца ў акадэмію прыйшоў сьвядома. Цяпер жа глядзіць на колішні свой выбар прафэсіі іншымі вачыма:

«Усё ўпіраецца ў матэрыяльны бок дадзенага пытаньня. Можна было атрымаць адукацыю больш прэстыжную і ў пэрспэктыве з большым заробкам. З майго выпуску працуе ў галіне адзін ці два чалавекі з 24, што выпускаліся. Яны больш за 3–4 мільёны наўрад ці зарабляюць».

Некаторыя выпускнікі пасьля адпрацоўкі і пошуку новых месцаў працы засталіся беспрацоўнымі:

«Я адвучыўся, і цяпер для мяне няма працы, — наракае адзін з такіх былых студэнтаў. — Нікому я не патрэбны з гэтым дыплёмам, хіба што толькі ў калгасе. А чаго туды ехаць? Выжываць. У асноўным тыя, хто прыехаў зь вёсак, яны туды і едуць. Для іх бліжэйшая вёска».

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі таксама вучыўся ў Горацкай сельгасакадэміі. Зьвесткамі пра недабор студэнтаў уражаны. Калі ён вучыўся, конкурс на паступленьне ў гэтую ВНУ складаў шэсьць чалавек на адно месца. Пётар Мігурскі працягвае:

Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

«Калі я даведаўся пра гэта, у мяне расчараваньне надышло як у выпускніка акадэміі. Для мяне недабор на бюджэтныя месцы — гэта проста незразумела. Ёсьць жа інфармацыя, што летась за недабор рэктара звольнілі, а сёлета ж сытуацыя яшчэ больш пагоршылася. Нібыта ў гэтым рэктар вінаваты. Не — тут вінавата агульная сытуацыя ў краіне, і ў сельскай гаспадарцы ў прыватнасьці. Маладыя людзі ня бачаць сябе ў якасьці спэцыялістаў».

XS
SM
MD
LG