Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярозаўскія вайскоўцы згубілі бесьпілётнік. Мінабароны не пацьвярджае, але і не адпрэчвае (абнаўляецца)

абноўлена

Некаторыя рэсурсы паведамілі, што згублены апарат можа каштаваць ад аднаго да чатырох мільёнаў даляраў. Вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін лічыць гэтую лічбу неверагоднай.

Самалёт-бесьпілётнік быў згублены яшчэ тыдзень таму, 10 ліпеня, пры правядзеньні палётаў. Абвестку пра пошук бесьпілётніка разьмясьціла газэта Бярозаўскага раёну «Маяк».

Па тэлефоне, пададзеным у абвестцы, мужчынскі голас паведаміў Радыё Свабода, што бесьпілётнік яшчэ ня знойдзены.

Некаторыя рэсурсы паведамілі, што згублены апарат можа каштаваць ад аднаго да чатырох мільёнаў даляраў. Вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін лічыць гэтую лічбу неверагоднай:

«Прылада за мільён і больш даляраў — гэта салідны апарат, набіты электронікай. Думаю, што для мэтаў падрыхтоўкі апэратараў відавочна прымяняюць самыя танныя мадэлі. Бо ёсьць вялікая рызыка таго, што апэратар яго разаб’е ці можа ўпусьціць. І ўлічваючы, што яны вучацца пілятаваць і прымяняць прыладу, шырокі набор радыёэлектроннай апаратуры на борце ім ня трэба. А менавіта яна складае асноўную цану прылады. Мяркую, што самы дарагі апарат, які яны выкарыстоўваюць, наўрад ці каштуе нават сто тысяч даляраў. Бо гэта было б проста нерацыянальна».

Асоба, пазначаная ў абвестцы: ня ведае, колькі каштаваў бесьпілётнік: «Можа, і дзесяць мільёнаў каштуе, я ня ведаю. Я яго не купляў». Суразмоўца распавёў, што адзін чалавек свабодна можа пераносіць дрон у руках.

Тым, хто ўсё ж знойдзе бесьпілётнік у Бярозаўскім раёне, суразмоўца просіць аднесьці яго ў бліжэйшы РУУС.

Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы Міністэрства абароны ня ведае пра тое, што беспілётнік згублены. Намесьнік начальніка ўпраўленьня падпалкоўнік Міхаіл Тараканаў распавёў Радыё Свабода наступнае:

«Інфармацыі пра тое, што зьнік бесьпілётнік, у мяне няма. Так, сапраўды, названы вамі цэнтр такімі апаратамі ўкамплектаваны. Наконт іх цаны нічога паведаміць не магу».

Паводле рэсурса TOMIN.BY, дрон згубілі вайскоўцы 927-га цэнтру падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў ВВС і войск СПА Беларусі. У залежнасьці ад начынкі такі апарат можа каштаваць ад мільёна да чатырох мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG