Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Працавітыя людзі ўцякаюць ад эканамічнага бязладзьдзя — хто ў Расею, хто ў Менск»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Тэма, якая нязьменна прысутнічае ў пошце Свабоды — драматычны стан беларускай мовы, яе будучыня. Праблема набыла асаблівае гучаньне ў сувязі з вострым канфліктам на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Лінія разлому там пралягае шмат у чым менавіта праз праблему мовы, нацыянальнай ідэнтычнасьці ўкраінцаў. Беларусы, назіраючы за збройным канфліктам у Данбасе, міжволі задумваюцца пра лёс уласнай дзяржавы.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, разважаючы пра ўкраінскія падзеі, піша:

«Там ідзе самая сапраўдная вайна. З пункту гледжаньня ўкраінцаў — за нацыянальны сувэрэнітэт, за родныя мову і культуру. Расейцы тлумачаць свае дзеяньні абаронай расейскамоўнага насельніцтва — нібыта ад генацыду. Але які ж генацыд у тым, што ўкраінцы хочуць усталяваць сваю дзяржаўную ўкраінскую мову на тэрыторыі ўласнай краіны. Гэта ж іхная дзяржава — не расейская!

Як паступіла Расея, калі ў 90-я гады ад яе паспрабавала аддзяліцца Чачня? Зброяй задушыла паўстаньне, хоць раней нібыта сама абяцала, што адпусьціць чачэнцаў.

А захоп Крыму — гэта ўвогуле беспрэцэдэнтны цынізм. Ніякай маральлю такое не апраўдаеш. Між тым недалёкаму абывацелю вешаюць локшыну на вушы, пераконваюць, што Масква зрабіла правільна, абараніла расейцаў, якія жывуць у Крыме... Ад каго абараніла?

У сьвятле гэтых падзеяў міжволі задумваесься над будучыняй Беларусі. У нас засільле расейскай мовы — паўсюль. Была нясьмелая спроба адраджэньня сваёй мовы на пачатку 90-х гадоў, але ж яе спынілі ў самым зародку. Лукашэнка вярнуў расейшчыну, якая цяпер пануе непадзельна. А мары Васіля Быкава ды Зянона Пазьняка пра беларускамоўную Беларусь — гэта сёньня выглядае чымсьці недасягальным».

На тле драматычных украінскіх падзеяў беларуская ўлада нібыта пачала ўсьведамляць, наколькі істотная роля нацыянальнай мовы ў захаваньні дзяржаўнага сувэрэнітэту. Аляксандар Лукашэнка апошнім часам некалькі разоў выказваўся на гэты конт з заўважнай трывогай і непакоем. А 3 ліпеня ўпершыню за шмат гадоў нават наважыўся прачытаць па-беларуску сьвяточны даклад. Ці ёсьць гэта прыкметай таго, што нацыянальная палітыка ў Беларусі можа істотным чынам зьмяніцца? Пры гэтай уладзе — наўрад ці. 60 гадоў (а менавіта столькі спаўняецца Лукашэнку ў жніўні) — яўна ня той узрост, у якім людзі асьмельваюцца крута мяняць свае погляды ці пераходзіць у зносінах на іншую мову. Моўная сытуацыя ў Беларусі ў блізкай будучыні, хутчэй за ўсё, ня зьменіцца. Але і ад занадта цесных братэрскіх абдымкаў Расеі Лукашэнка будзе абараняцца ўсімі магчымымі спосабамі. Там, дзе ўзьнікаюць пагрозы для ягонай аднаасобнай непадзельнай улады, беларускі лідэр дзейнічае зазвычай жорстка, рашуча і пасьлядоўна.

Будучыня беларускай мовы трывожыць і нашага даўняга слухача і аўтара, былога вайскоўца Міколу Канаховіча з Пружанаў. Палемізуючы зь іншым нашым аўтарам — прыхільнікам дзьвюхмоўя Аляксеем Былінскім з Рэчыцы — спадар Мікола піша:

«На маю думку, спадар Былінскі ня хоча ведаць самую простую ісьціну, што Беларусь — гэта ўнітарная дзяржава, таму ў нас увогуле ня можа быць дзьвюх дзяржаўных моў. І ня трэба правакацыйна ўводзіць у зман беларускую грамадзкасьць. Так званы «рэфэрэндум» 1995 году — гэта ня што іншае, як прадаўжэньне сталінска-гітлераўскага генацыду супраць беларускага этнасу. Тое, чаго не пасьпеў зрабіць генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік, а потым Сталін з Гітлерам — вырашыў давесьці да канца Лукашэнка, каб навекі забіць апошні цьвік у труну беларускага народа. А такія, як спадар Былінскі, толькі дапамагаюць забіваць той цьвік, каб Беларусь ніколі не ўваскрэсла...Слушна пісаў Якуб Колас у сваім апошнім лісьце ў ЦК КПБ, называючы праціўнікаў беларускай мовы коратка і ёмка — здраднікамі.

Ня варта, спадар Мікола, залічваць у здраднікі ўсіх, хто не падзяляе вашых поглядаў на моўную праблему. Ва ўмовах поўнага панаваньня расейшчыны вырасьлі, выгадаваліся, атрымалі адукацыю многія пакаленьні беларусаў. Ці іхная віна ў тым, што яны ня мелі магчымасьці наведваць беларускамоўны садок, што ў іхных гарадах і вёсках не было беларускамоўных школ? Многія з гэтых людзей прыхільна ставяцца да беларускай справы, усьведамляюць неабходнасьць адраджэньня мовы — хоць і не пагаджаюцца на тое, каб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. Ці не разумней зрабіць іх саюзьнікамі, а ня ворагамі? Праблема ж далёка ня толькі ў тым, які дзяржаўны статус мае мова. Мы гэта назіраем на прыкладзе сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. Фармальна ў беларускай мовы — тыя ж правы, што і ў расейскай. А на справе — ніякага рэальнага дзьвюхмоўя і блізка няма. Закон існуе — але не працуе. Тое самае можа здарыцца нават у тым выпадку, калі адзінай дзяржаўнай мовай будзе абвешчана беларуская.

Аўтар наступнага ліста Аляксандар Лешык з Баранавічаў, назіраючы за нядаўнім пампэзным сьвяткаваньнем чарговай гадавіны вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі, паспрабаваў адказаць на пытаньне: чаму пераможцы той даўняй вайны жывуць значна горш за пераможаных? Слухач піша:

«Людзі там працуюць на сябе. І ведаюць, што закон — вышэй за любую пасаду, яго на крывой кабыле не аб’едзеш. Таму ўвесь гаспадарчы і дзяржаўны мэханізм працуе спраўна. А грамадзяне адказваюць на гэта дабротнай, якаснай працай. А ў нас — самаўладзтва, дыктат адной асобы. Чыноўнікі што хочуць, тое і робяць: ніякі закон ім ня ўказ. Гаспадарка разладжана, грошы марнуюцца, укладваюцца ў непатрэбныя стратныя праекты, а ня трацяцца на тое, што магло б прыносіць прыбытак. Працавітыя людзі ўцякаюць ад эканамічнага бязладзьдзя — хто ў Расею, хто ў Менск. Чыноўнікі наладзіць гаспадарку ня ўмеюць. Дык імкнуцца злупіць грошы іншым спосабам — праз цэны, праз штрафы і пагрозы.

Вось я нядаўна ўвечары пераходзіў вуліцу — па асьветленым участку дарогі. Сам я ў мінулым вадзіцель, 30 гадоў адпрацаваў на аўтобусе, на грузавіках — правілы добра ведаю. Дык вось, убачылі мяне міліцыянты, пад’ехалі, прычапіліся: чаму няма флікера на вопратцы, плаці штраф. Дык за што плаціць? Каму я якую небясьпеку стварыў?

Стаў спрачацца, дык яшчэ і сумку прымусілі паказаць: што нясеш. А ў сумцы я нёс гармонік: вяртаўся з дня народзінаў, граў там аднаму юбіляру. Можа, кажу, і вам зайграць? „Не,— адказваюць, — ня трэба“. Урэшце адчапіліся, зьехалі.

Рознымі паборамі людзей так абклалі — далей няма куды. І ўвесь час падвышаюць гэтыя зборы, штрафы, пошліны. Людзі абураюцца, хоць адкрыта гаварыць пра гэта баяцца. Але калі б нехта адважыўся пашкуматаць усю гэтую ўладную шарагу — думаю, ніхто б яе не абараняў. Хіба што самыя набліжаныя да Лукашэнкі».

Вы, спадар Аляксандар, зьвярнулі ўвагу на вельмі важную асаблівасьць цяперашняга беларускага рэжыму. Сутыкнуўшыся зь вялікімі эканамічнымі праблемамі, ён сапраўды шукае выйсьця ў тым, каб перакласьці гэты цяжар на плечы грамадзянаў, уводзячы ўсё новыя паборы. Вядома, шукаць грошы ў чужых кішэнях прасьцей, чым перабудоўваць неэфэктыўную дзяржаўную гаспадарку, прыцягваць інвэстыцыі і праводзіць складаныя эканамічныя рэформы. На гэтым тле крывадушна і зьдзекліва гучаць сьцьвярджэньні пра сацыяльна арыентаваную дзяржаву, якая найперш дбае пра інтарэсы ўласных грамадзянаў.

На заканчэньне — ліст ад Івана Зотава зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну з развагамі пра адну з галоўных сацыяльных праблемаў Беларусі — масавае п’янства. Слухач піша:

«Як вядома, гарэлку п’юць ня дзеля таго, каб стаць разумнейшымі. Дык чаму ў нас дайшло да таго, што кошт аднаго кіляграма кілбасы раўняецца кошту дзьвюх бутэлек гарэлкі? Ці ня ёсьць гэта сьвядомай дзяржаўнай палітыкай? П’яным ды дурным, вядома ж, лёгка маніпуляваць. Чалавек, залежны ад гарэлкі, заўсёды будзе галасаваць за таго, хто тую гарэлку прадае па самых нізкіх коштах.

Потым, як падрасьце Міколка, можна будзе зрабіць і так, што кіляграм каўбасы зраўняецца па коштах з трыма, а то і чатырма бутэлькамі. І тады выберуць Міколку прэзыдэнтам, і таксама „бацькам“ будуць называць. Але гэта, вядома, пры ўмове, што народ будзе працягваць піць гэтак жа бязбожна...» .

Нагадаем, што ў «застольна-запойныя» брэжнеўскія гады суадносіны паміж коштамі каўбасы і гарэлкі былі супрацьлеглыя: бутэлька гарэлкі — два кіляграмы каўбасы. І ўсё роўна лічылася, што дзяржава заахвочвае п’янства і недастаткова настойліва супрацьстаіць гэтай навале.

Ня думаю, спадар Іван, што ў блізкай будучыні сьпіртное ў Беларусі будзе станавіцца яшчэ таньнейшым у пераліку на прадукты харчаваньня. Перадумоў для гэтага няма. Уступіўшы ў Мытны зьвяз з Расеяй і Казахстанам, Беларусь фактычна страціла магчымасьць ажыцьцяўляць нейкую ўласную цэнавую палітыку, адрозную ад той, якую дыктуе Масква. А ў Расеі гарэлка ўсе апошнія гады толькі даражэе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG