Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа чакаць Эўропа ад новага старшыні Эўракамісіі? Якую палітыку будзе праводзіць Жан-Клёд Юнкер на гэтай пасадзе? Як могуць скласьціся адносіны афіцыйнага Менску з новым кіраўніцтвам Эўракамісіі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Эўрапейскі парлямэнт зацьвердзіў на пасадзе старшыні Эўрапейскай камісіі экс-прэм’ера Люксэмбургу Жан-Клёда Юнкера. Ягоную кандыдатуру падтрымалі дэпутаты двух найбуйнейшых фракцыяў — цэнтрысцкай Эўрапейскай народнай партыі і сацыял-дэмакраты. Да якіх падыходаў больш схільны новы старшыня? Да далейшай інтэграцыі і нават фэдэралізацыі Эўразьвязу, альбо ён вымушаны будзе балянсаваць паміж рознымі інтарэсамі, не наважваючыся на радыкальныя рэформы?

— Старшыня Эўракамісіі — гэта пасада, якая мае пэўны тэхнічны характар. Ягоная роля — найперш адстойваць інтарэсы Эўразьвязу і ўзмацняць інтэграцыю. Вядома, нягледзячы на свой фэдэралісцкі падыход, Юнкер будзе імкнуцца ўлічваць інтарэсы розных краінаў, у тым ліку рабіць усё магчымае, каб Вялікабрытанія заставалася ў Эўразьвязе.

Можна меркаваць, што ягоная палітыка будзе накіраваная на змаганьне з нэгатыўнымі наступствамі эканамічнага крызісу, праблемамі малога эканамічнага росту.

— Так, Юнкер ужо заклікаў да правядзеньня пэўных шырокамаштабных рэформаў, неабходнасьці ўзмацненьня канкурэнтаздольнасьці эканамічнай эканомікі. Ці ён больш схільны да «левых» мэтадаў, большага кантролю за эканомікай альбо да лібэральных крокаў?

— Эўракамісія доўгі час была той інстытуцыяй, якая актыўна прасоўвала лібэралізацыю эканамічнага жыцьця ў Эўропе і скасаваньне ўнутраных бар’ераў. У дадзеным выпадку варта чакаць новых крокаў дзеля стварэньня новых працоўных месцаў, скарачэньня дэфіцыту бюджэту, запазычанасьцяў. Эўракамісія на тле эканамічнага крызісу ўжо атрымала большыя паўнамоцтвы, каб адсочваць, што робяць нацыянальныя дзяржавы са сваімі бюджэтамі.

— У свой час шырока вядомым стала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра «казла Барозу» (былога старшыню Эўракамісіі). Ці будзе кіраўнік Беларусі больш асьцярожны ў сваіх выказваньнях пра новага кіраўніка Эўракамісіі, ці гэта ня той палітык, да якога Лукашэнка будзе праяўляць стрыманасьць?

— Гэтыя выказваньні тады адлюстроўвалі велізарнае расчараваньне Лукашэнкі, якога не запрасілі на сустрэчу, на якую ён вельмі хацеў трапіць. Увогуле ж гэтая фраза вельмі добра характарызуе яе аўтара і паказвае брак агульнай культуры і недапушчальныя эксцэнтрычныя выказваньні, не ўласьцівыя эўрапейскай палітыцы. У эўрапейскай палітыцы існуе высокі і прыстойны стандарт публічных заяваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG