Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 ліпеня: Паніхіда па Валерыі Навадворскай


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча
Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Паніхіда па расейскай праваабаронцы беларускага паходжаньня Валерыі Навадворскай. Наўпроставую відэатрансьляцыю з цырымоніі глядзіце на нашым сайце ад 9.00.

У клюбе «Doodah King» (Менск, вул. Берсана 14) адбудзецца канцэрт джаз-трыё Канстанціна Гарачага. Пачатак а 21.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1054 – папскія легаты абвясьцілі адлучэньне ад Царквы канстантынопальскага патрыярха Міхаіла Керуларыя, а ён – легатаў. Гэтая дата лічыцца пачаткам Вялікай схізмы, якая падзяліла адзіную да таго часу хрысьціянскую Царкву на дзьве часткі.

1945 – ЗША правялі першае пасьпяховае выпрабаваньне атамнай бомбы на палігоне ў штаце Нью-Мэксыка. Выпрабаваньне адбылося ў рамках гэтак званага «Праекту Мангэтан», у якім былі створаныя тры атамныя бомбы: плютоніевая «Штучка» (Gadget) была ўзарваная 16 ліпеня; уранавы «Малыш» (Little Boy) скінуты на Хірасіму 6 жніўня; плютоніевы «Таўстун» (Fat Man) скінуты на Нагасакі 9 жніўня 1945 году. Кіравалі праектам амэрыканскі фізык Робэрт Опэнгаймэр і генэрал Лесьлі Гроўз.

1951 – быў апублікаваны славуты раман «Лавец у жыце» амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра.

Прыкмета нясьпеласьці чалавека – тое, што ён хоча высакародна памерці за слушную справу, а прыкмета сталасьці – тое, што ён хоча пакорліва жыць дзеля слушнай справы.

Джэром Сэлінджэр, цытата з «Лаўца ў жыце»

1990 – Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

У гэты дзень нарадзіліся:

1879 – Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч. У 1922 абраны дэпутатам у польскі сойм ад Блёку Нацыянальных Меншасьцяў, у 1928 ад таго ж блёку – у сэнат. Уваходзіў у Беларускі пасольскі клюб. Рагулю арыштоўвалі польскія ўлады. У 1930-х працаваў на сялянскай гаспадарцы. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР – 20 чэрвеня 1941 году арыштаваны савецкімі органамі дзяржбясьпекі. З пачаткам нямецка-савецкай вайны ўцёк з турмы. Падчас нямецкай акупацыі – бурмістар Дзятлава. Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 – на эміграцыі. Памёр у 1955 годзе ў Нью-Ёрку.

1908 – Юрка Лявонны, беларускі паэт. Расстраляны савецкімі карнымі органамі ў 1938 годзе.

Ён прыйшоў,

Прыйшоў квяцісты травень,

Ахінуты ў белы футарал.

І на яблынях пялёсткавую навісь

Кінула шаўковая зара.

...Сьветлы мой! Мне сёньня –

Цэлых дваццаць!..

Ну, а ты, здаецца, маладзей...

Мне так хочацца вясёла прывітацца

І з табою разам заірдзець!

Юрка Лявонны, фрагмэнт верша «Ён прыйшоў...»

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Правілы гігіены. 16 ліпеня 1439 году ў Ангельшчыне пацалункі былі забароненыя законам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG