Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад самага пачатку свайго кіраваньня Аляксандар Лукашэнка ўзяў курс на інтэграцыю з Расеяй. Ці былі ў яго іншыя варыянты замежнай палітыкі? Які бок вызначаў мадэль дачыненьняў? Ці зможа Беларусь вызваліцца ад расейскай залежнасьці?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Ці былі ў Лукашэнкі іншыя варыянты замежнай палітыкі?

Валер Карбалевіч: «За 20 гадоў было шмат абвінавачаньняў на адрас Лукашэнкі, што ён здаў Беларусь Расеі, ён амаль здраднік. Але, зь іншага боку, пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка, па вялікім рахунку, нічога прынцыпова новага ў замежнай палітыцы краіны не прыдумаў. Ён працягнуў курс на інтэграцыю з Расеяй, якую праводзіў да яго ўрад Кебіча. А ці мог Лукашэнка нешта памяняць? Ці былі іншыя варыянты? Можа, курс на сяброўства з Расеяй быў запраграмаваны ня толькі ягоным папярэднікам, але і ўсёй савецкай спадчынай? Залежнасьць эканомікі Беларусі ад Расеі была вялізная, мусіць, большая, чым іншых рэспублік СССР. Большасьць грамадзтва і эліты адчувала няўпэўненасьць ад існаваньня незалежнай краіны, настальгавала па СССР. І, можа, Лукашэнка проста рабіў тое, чаго хацела большасьць насельніцтва і эліты, асабліва гаспадарчай?»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Думаю, вы маеце рацыю. Беларускае грамадзтва не было гатовае да незалежнасьці. А гэта азначае, што яно не было гатовае адарвацца ад Расеі. Бо яму бракуе нацыянальнай самасьвядомасьці. Так што тут грамадзтва і кіраўнік дзяржавы знайшлі адно аднаго. Лукашэнка добра адчуваў настроі насельніцтва. І калі б ён павёў Беларусь па шляху краінаў Балтыі, я ня ўпэўнены, ці ўтрымаўся б ён ва ўладзе доўгі час».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Думаю, менавіта ў Лукашэнкі іншых варыянтаў не было. Бо ён адпачатку пазыцыянаваў сябе як палымяны інтэгратар, прычым лепшы, чым Кебіч.

Тут можна паставіць пытаньне: а ці былі іншыя варыянты ў Беларусі? Калі ўявіць, што на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году перамог бы Пазьняк ці Шушкевіч, то балтыйскі шлях быў бы магчымы. Але існавалі моцныя чыньнікі, якія працавалі супраць перамогі прадстаўніка нацыянальна-дэмакратычных сіл. Бо ў грамадзтве дамінавалі ідэі настальгіі па „сьветлай“ савецкай мінуўшчыне. І Лукашэнка вельмі спрытна асядлаў гэты трэнд.

Яшчэ адзін чыньнік. Другое дыханьне інтэграцыйным памкненьням Лукашэнкі надала ягоная надзея на крамлёўскі трон. Калі ён пачаў інтэграцыйныя гульні з састарэлым Ельцыным, то адчуў, што можа стаць ягоным пераемнікам. Таму і быў тады шчырым інтэгратарам.

З прыходам да ўлады Пуціна для Лукашэнкі здарыўся вялікі аблом. Але Беларусь ужо моцна падсела на расейскую іголку, і Лукашэнку не было куды падзецца. Альтэрнатывай было рашучае рэфармаваньне, збліжэньне з Захадам. А ўсё гэта супярэчыла савецкай мэнтальнасьці Лукашэнкі і ягонай празе ўлады. Менавіта апошняе стала самым моцным чыньнікам, які блякуе як рэформы, так і любыя павароты ва ўнутранай і замежнай палітыцы кіраўніка Беларусі».

Які бок вызначаў мадэль дачыненьняў?

Карбалевіч: «Вось сп. Класкоўскі адзначыў, што за 20 гадоў мадэль беларуска-расейскай інтэграцыі значна мянялася. У 1990-я гады Лукашэнка праводзіў курс на рэальнае аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў. А ў 2000–2010-я гады ён выкарыстоўваў Расею як сродак для выжываньня беларускай сацыяльнай сыстэмы, беларускага рэжыму. Прычым падаецца, што гэтую мадэль адносін вызначаў Менск. А Масква была вымушана прымаць пазыцыю беларускага боку. Але калі хвост круціць сабакам, то ці можна гаварыць пра статус Беларусі як сатэліта, паўкалёніі Расеі?»

Фёдараў: «Калі весьці размову пра 1990-я і, магчыма, пачатак 2000-х гадоў, то ні пра якую калёнію гаварыць было нельга. Расея тады была даволі слабая ў эканамічным і палітычным пляне. Таму яна не магла сябе паводзіць з пазыцыі сілы. І беларускае кіраўніцтва гэтым карысталася.

Акрамя таго, Лукашэнка карыстаўся яшчэ і тым, што Масква хацела аднавіць Расейскую імпэрыю. Сілай зрабіць гэта Крэмль ня мог і быў вымушаны падладжвацца пад тых, каго ён хацеў інтэграваць вакол сябе.

Пазьней Расея пачала мацнець. І пачала пакрысе ўцягваць Беларусь у сфэру свайго ўплыву. І хоць Менск упарта супраціўляўся, Крэмль апошнія пяць гадоў шмат чаго дасягнуў у гэтых інтэграцыйных гульнях. І цяпер кіраўніцтву Беларусі выскачыць з гэтай каляіны вельмі цяжка».

Карбалевіч: «Калі ў 1990-я гады Расея хацела аднавіць імпэрыю і Лукашэнка быў асабіста зацікаўлены ў рэальным аб’яднаньні Беларусі і Расеі, то чаму ж нічога не атрымалася?»

Фёдараў: «Калі высьветлілася, што стварыць імпэрыю пад сваім кіраўніцтвам Лукашэнка ня можа, то ў яго памяняліся настроі. Бо губляць уладу над Беларусьсю Лукашэнка не хацеў».

Класкоўскі: «Як ні парадаксальна, менавіта Лукашэнка мяняў схему інтэграцыі. Сапраўды, калі ён зразумеў, што ня мае шанцаў заняць расейскі трон, то ягоная палітыка зьвялася да таго, каб „разводзіць на бабкі“ Маскву.

Лукашэнка кожны раз спрытна, віртуозна карыстаецца імпэрскімі амбіцыямі Масквы

Зразумела, у Маскве не такія наіўныя, каб не разумець палітыку Лукашэнкі. Бо тут залежнасьць узаемная. Масква спрабавала прыціснуць Менск. Былі газавыя, нафтавыя, інфармацыйныя войны. Але найбольш красамоўнай была сытуацыя 2010 году, калі пасьля некалькіх сэрыяў „Хроснага Бацькі“ перад выбарамі Лукашэнка зьезьдзіў у Маскву і зноў стаў „мір, дружба, жвачка“. Бо Маскве зь яе вялікадзяржаўнымі амбіцыямі патрэбныя хаўрусьнікі. Яна павінна дэманстраваць посьпехі ў „зьбіраньні зямель“. Сёньня такі праект — Эўразійскі зьвяз.

У зьвязку з расейска-ўкраінскім канфліктам РФ апынулася ў пэўнай ізаляцыі. Таму трэба хоць бы зь Беларусьсю падтрымліваць саюзьніцкія дачыненьні. І Лукашэнка кожны раз спрытна, віртуозна карыстаецца гэтымі імпэрскімі амбіцыямі Масквы.

Хоць за ўсё даводзіцца плаціць. І Беларусь плаціць усё большай залежнасьцю, рызыкай для свайго сувэрэнітэту. Ужо не кажу пра гістарычнае адставаньне. Бо ня ладзяцца рэформы, якія даўно насьпелі і перасьпелі».

Ці зможа Беларусь вызваліцца ад расейскай залежнасьці?

Карбалевіч: «Якія можна зрабіць высновы? З аднаго боку, залежнасьць Беларусі ад Расеі за гэтыя гады ўзрасла. Зь іншага боку, можна казаць, што дзякуючы расейскім дармавым рэсурсам Беларусь умацавала сваю дзяржаўнасьць.

І што далей? Ці ёсьць шанец вырвацца з расейскай каляіны? Для цяперашняга рэжыму Расея стала і адзіным чыньнікам выжываньня, і, адначасова, галоўнай пагрозай, зважаючы на ўкраінскі досьвед. Якое выйсьце бачыць для сябе Лукашэнка з гэтай пасткі?»

Фёдараў: «Тут варта падзяліць бліжэйшы час і далейшую будучыню. Блізкім часам Менск можа працягваць гуляць у тыя ж гульні. Хоць мы бачым, што паводзіны Лукашэнкі сталі больш асьцярожнымі. Зьвярніце ўвагу, што цяпер няма істотных канфліктаў між Менскам і Масквою. І гэта вынік украінскіх падзеяў.

Шчыра кажучы, добрага выйсьця для Беларусі я ня бачу

У Менску бачаць, што цяпер Расея пачала сілай праводзіць імпэрскую палітыку на постсавецкай прасторы, ня надта зважаючы на рэакцыю Захаду. Беларусь будзе і далей уцягвацца ў інтэграцыйную палітыку Масквы. Шчыра кажучы, добрага выйсьця для Беларусі я ня бачу. Адзіная магчымасьць пазьбегнуць такой сытуацыі — унутраны крызіс у Расеі зь нейкіх прычын. Тады РФ будзе не да Беларусі, абы выжыць».

Карбалевіч: «Шмат кажуць пра эканамічныя праблемы Расеі, у зьвязку з чым у Масквы ня будзе рэсурсаў, каб падтрымліваць Беларусь. Але хачу зьвярнуць увагу, што эканамічная сытуацыя ў Расеі ў 1990-я гады, у часы Ельцына, была жахлівая. Тым ня менш, РФ актыўна падтрымлівала Беларусь эканамічна. Можа, калі і цяпер у Расеі ўзьнікне праблема зь фінансамі, то ня хопіць грошай на Далёкі Ўсход ці Камчатку, а для Беларусі грошы знойдуцца. Як у СССР не было каўбасы, а ўлады падтрымлівалі ўсе камуністычныя краіны і рухі. Бо лёгіка паводзін імпэрыі не супадае зь лёгікай паводзін звычайнай дзяржавы».

Фёдараў: «У параўнаньні з 1990-мі гадамі расейскае грамадзтва зьмянілася. Расейцы адчулі смак адносна добрага жыцьця. І вяртацца ў ранейшы стан яны не захочуць».

Карбалевіч: «Сп. Класкоўскі, а вы як лічыце, ці ўдасца Беларусі выскачыць з каляіны беларуска-расейскай інтэграцыі? А можа, ніхто і не зьбіраецца выскокваць? Можа, сытуацыя статус-кво аптымальная і для існага рэжыму, і для большасьці грамадзтва?»

Класкоўскі: «Сапраўды, я ня думаю, што Лукашэнка хоча выскачыць з гэтай каляіны. Таму што адтуль ідуць рэсурсы. І мэнтальна, псыхалягічна Лукашэнка бліжэйшы да расейскага кіраўніцтва, чым да Захаду зь ягонымі прэтэнзіямі наконт правоў чалавека.

Акрамя таго, Лукашэнка не стратэг, а хітры тактык. У пытаньнях інтэграцыі ён кіруецца ўсходняй мудрасьцю, што цяпер падпісваю нейкія дакумэнты, бяру на сябе абавязаньні, а далей паглядзім, што будзе. Ці ішак, ці падзішах памруць. То бок ад тых абавязаньняў, якія нявыгадныя, можна адкруціцца. Менавіта такой лініі прытрымліваецца Лукашэнка і цяпер у працэсе гэтай эўразійскай інтэграцыі.

І сапраўды, хоць залежнасьць Беларусі ад Расеі ўзрастае, невядома, што будзе з Расеяй. Калі ў Масквы скончацца рэсурсы, каб праплочваць эўразійскую інтэграцыю, Менск і Астана адразу страцяць да яе цікавасьць. То бок існуе шмат чыньнікаў, якія робяць будучыню Беларусі не фатальнай, але вельмі хісткай».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG