Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Наколькі якасная беларуская нафта? Ці ёсьць пэрспэктывы пашырэньня здабычы? Як на нафтавай галіне Беларусі адбіліся амэрыканскія эканамічныя санкцыі?

Пра гэта Юры Дракахруст пагутарыў з Васілём, які 5 гадоў працаваў на прадпрыемстве здабычы нафты ў Беларусі. Зараз Васіль вучыцца ў ВНУ ў адной з эўрапейскіх краінаў.

РС: Наколькі якасная беларуская нафта? У параўнаньні з расейскай, скажам.

Васіль: Недахоп нашай нафты – тое, што яна абваднёная, у ёй да 80% вады, трэба яе аддзяляць. А паводле якасьці яна добрая. З Расеяй цяжка параўноўваць, там яна вельмі розная. Скажам, у астраханскай нафце шмат серавадароду, гэта нізкаякасная нафта. А ў Сібіры здабываюць высакаякасную, маркі Брэнт. А калі разам усё мяшаюць, атрымліваецца сярэдняя, якую называюць Юралс.

РС: Некалькі гадоў таму Лукашэнка казаў: «Павінна ў нас быць вялікая нафта, ня можа быць, каб не было». Нехта сьмяяўся над гэтым. А што гавораць спэцыялісты? Можа і праўда ёсьць?

Васіль: Цяпер у Беларусі здабываюць 1.2 мільёна тонаў нафты. Наконт той тэхналёгіі, якая выкарыстоўваецца, можна даволі ўпэўнена сказаць, што ёй нейкія вялікія радовішчы нафты ня знойдзеш. Але год таму пачалося будаўніцтва звышглыбокай сьвідравіны глыбінёй да 7 тысяч мэтраў. Калі яно будзе скончанае, можна будзе казаць дакладна, ці ёсьць там нафта.

У нас наагул вельмі глыбокія сьвідравіны ў адрозьненьні ад Савудаўскай Арабіі ці паўночнай Расеі. Там сьвідравіны па 2 кілямэтры, у нас нармальнымі лічацца па 4 кілямэтры. Геолягі маюць думку, што на глыбіні 7 кілямэтраў можа быць нафта, якая туды асела. На такой глыбіні можна нешта знайсьці. З гэтым зьвязаныя пэрспэктывы нетрадыцыйных газу і нафты.

РС: У Расеі нафтаздабычай займаюцца прыватныя кампаніі. У Беларусі гэта цалкам дзяржаўнае?

Васіль: Так, поўная манаполія дзяржавы. Прадпрыемства захавалася з савецкіх часоў. Была невялічкая рэструктурызацыя, але ўвесь цыкль застаўся з савецкіх часоў – пошук, геафізычныя працы, будова сьвідравін, здабыча, перапрацоўка і продаж. Гэта ўсё адбываецца ў межах канцэрну Белнафтахім, у які ўваходзіць сэктар па здабычы нафты – Белнафта, сэктар перапрацоўкі – гэта некалькі НПЗ, і сэктар продажу – гэта «Беларуская нафтавая кампанія».

РС: Зь лістапада 2007 году адносна прадпрыемстваў Белнафтахіму дзейнічаюць амэрыканскія эканамічныя санкцыі. Яна адчувальныя на ўзроўні прадпрыемства, дзе вы працавалі?

Васіль: Гэта адчувалася. Многія прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Белнафту, закупілі новае абсталяваньне. У нафтавай галіне шмат абсталяваньня – амэрыканскага. Яго ўсё роўна можна купіць, але з-за таго, што яно купляецца празь пасярэднікаў, яно альбо ня мае гарантыяў, альбо цяжка знайсьці запчасткі да яго. Я не лічу, што гэтыя санкцыі карысныя для Беларусі. Тэхналёгія, незалежна ад палітычнай сытуацыі – гэта патэнцыял будучыні краіны. Гэтыя санкцыі не вырашаюць пытаньня, усё роўна гэтае абсталяваньне купляецца. Але якасьць ня тая. Кіраўніцтва ад гэтага ня церпіць, а людзі – церпяць.

РС: А як зарабляюць нафтавікі? Здаецца, паводле статыстыкі яны – самая высокааплатная катэгорыя насельніцтва, разам з салігорскімі шахтарамі і IT-шнікамі?

Васіль: Ну, ёсьць яшчэ і банкаўскі сэктар, там таксама шмат зарабляюць. Салігорскія шахтары зарабляюць часам больш, чым нашы нафтавікі. У нас з савецкіх часоў захавалася тарыфная сетка. Калі ты, скажам, інжынэр, то працуеш ты на БМЗ ці на прадпрыемстве нафтахіміі – стаўка ў цябе тая самая. Але ў нафтавікоў ёсьць надбаўкі за шкоднасьць, прэміі, часам палова заробку нафтавікоў складае прэмія. У нас чым больш ты працуеш, тым больш табе надбаўка за стаж. Ёсьць надбаўкі за кваліфікацыю. У нас заробак рабочага на прадпрыемстве – 500 даляраў, гэта мінімум, менш яны не зарабляюць. Калі больш кваліфікаваная праца, майстра, скажам, то зарабляюць па тысячы даляраў і нават больш.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG