Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая мова ў Беларусі больш маральная?


Вам кажуць, што ад вас залежыць жыцьцё або сьмерць пяцярых людзей — вы можаце іх уратаваць, але для гэтага вам трэба сьвядома спрычыніць сьмерць шостага чалавека. На шалях пяць жыцьцяў супраць аднаго — які ваш выбар?

У псыхалёгіі і этыцы гэткая маральная дылема вядомая пад назвай «праблема ваганэткі». Навукоўцы, якія хочуць дасьледаваць пытаньне маральнага выбару, прапануюць удзельнікам досьледу правесьці ў думках наступны экспэрымэнт.

Уявіце сабе, кажуць навукоўцы, што вы стаіце на пешаходным мастку над чыгуначнымі рэйкамі. Ваганэтка, якая па іх едзе, заб’е пяцярых людзей, якія прывязаныя далей на рэйках. Адзіны спосаб прадухіліць трагедыю — сьпіхнуць з мастка пад колы ваганэткі таўстуна, які стаіць побач з вамі на мастку. Ягоная сьмерць уратуе пяць жыцьцяў. (Ваш скок на рэйкі ня спыніць ваганэткі, бо вы занадта лёгкі.) Дык што вы зробіце — сьпіхняце таўстуна ці не?

Зразумела, ніхто не ўхваляе забойства нявіннага чалавека. Аднак жа ахвяраваньне жыцьцём аднаго чалавека дзеля выратаваньня пяцярых мае сваю маральную лёгіку, праўда? Вы — пастаўлены ў бязьлітасную сытуацыю, у якой, незалежна ад вашага выбару, трэба ахвяраваць маральным прынцыпам «не забі». Якое забойства, так бы мовіць, вам больш падыходзіць?

Нядаўна дасьледнікі «праблемы ваганэткі» далучылі дадатковай яе ўмовай лінгвістычны аспэкт і атрымалі даволі цікавыя вынікі. Дзьве групы дасьледнікаў, якія працавалі незалежна адна ад адной, адкрылі, што калі ўдзельнікам мысьленнага экспэрымэнту прадставіць «праблему ваганэткі» на замежнай мове (якую ўдзельнікі ведаюць), то яны будуць больш схільныя ахвяраваць жыцьцём аднаго чалавека дзеля выратаваньня пяцярых, чым калі прадставіць ім гэтую дылему на роднай мове.

Адна група дасьледнікаў працавала ў Барсэлёне сярод гішпанамоўных, якія вывучалі ангельскую мову як замежную, і ангельскамоўных, якія вывучалі гішпанскую мову як замежную. Сярод тых, якім прадстаўлялі «праблему ваганэткі» на роднай мове, толькі 18% заявілі, што сьпіхнулі б чалавека пад трамвай; сярод тых, якім прадстаўлялі гэтую дылему на замежнай мове, амаль палова (44%) сказала, што так зрабіла б, каб уратаваць пяць жыцьцяў.

Падобныя вынікі атрымала група дасьледнікаў з Чыкага, якая дасьледавала пытаньне гэтага маральнага выбару сярод людзей з роднымі мовамі настолькі рознымі, як карэйская, іўрыт, японская, ангельская і гішпанская.

Чаму атрымліваюцца такія вынікі? Ці карыстаньне роднай мовай сапраўды ўплывае на маральны выбар чалавека?

Ці падобныя вынікі атрымаліся б у Беларусі, калі ўявіць сабе паддосьледную групу, у якой «праблему ваганэткі» адной частцы удзельнікаў прадставілі б па-расейску, а другой — па-беларуску? Наколькі беларуская сытуацыя «дзьвюхмоўнасьці» можа паўплываць на вынікі такога мысьленнага досьледу?

Якая мова ў Беларусі больш маральная?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG