Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады нібыта «за» амбудсмэна. Але не сьпяшаюцца


Прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык
Прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык

Беларускія ўлады разам з Радай Эўропы і ААН арганізоўваюць дыскусію на тэму ўвядзеньня ў Беларусі пасады амбудсмэна — афіцыйнага ўпаўнаважанага ў справе правоў чалавека. Дыскусія пройдзе ў фармаце міжнароднага сэмінару.

Сэмінар, які пройдзе 18 ліпеня ў менскім гатэлі «Краўн плаза», будзе называцца «Нацыянальныя інстытуты правоў чалавека: заснаваньне і дзейнасьць». Ладзяць сэмінар МЗС Беларусі разам з інфармацыйным пунктам Рады Эўропы і Прадстаўніцтвам ААН.

«Мерапрыемства будзе наўпрост тычыцца тэмы ўвядзеньня ў Беларусі інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека», — паведаміў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык. Што ж да пазыцыі міністэрства адносна ўвядзеньня пасады амбудсмэна, спадар Мірончык ад камэнтароў устрымаўся:

«Ведаеце, усё ж будзе мерапрыемства, на якім гэта будзе абмяркоўвацца. Давайце ня будзем адбіраць хлеб ва ўдзельнікаў мерапрыемства».

У сэмінары возьмуць удзел прадстаўнікі МЗС Беларусі, замежныя дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі, прадстаўнікі ААН і краінаў Эўропы. Сярод анансаваных дакладчыкаў — і Рыгор Васілевіч, былы старшыня Канстытуцыйнага суду і былы генэральны пракурор Беларусі, аўтар канцэпцыі ўвядзеньня ў краіне інстытуту амбудсмэна, якая абмяркоўваецца ўжо больш за год.

Ці пасунецца наперад працэс увядзеньня ў Беларусі пасады амбудсмэна? Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, які запрошаны на сэмінар, займае стрыманую пазыцыю. Паводле яго, «працэс увядзеньня пасады амбудсмэна ня сунецца наперад, але і не ідзе назад»:

Алег Гулак
Алег Гулак

«Сказаць, што нічога ня робіцца, — вядома, таксама няправільна. Але і ня скажаш, што зробленае задавальняе. Нават у гэтых няпростых умовах можна было б зрабіць нашмат больш. Гэта як са сьмяротным пакараньнем: праходзяць нібыта час ад часу нейкія заявы, мерапрыемствы, але што замінае хутчэй адмяніць гэта, ня кажа ніхто. Так і з амбудсмэнам. Ёсьць гэтая канцэпцыя Васілевіча. Але ніхто пэўна на афіцыйным узроўні пакуль не казаў, што ў ёй задавальняе, што не. Таму складана сказаць, што замінае. Як звычайна ў такіх сытуацыях, напрошваецца выснова — гэта палітычнае пытаньне».

Паводле Гулака, запрашэньне на сэмінар не атрымалі праваабаронцы зь незарэгістраваных па арганізацый. Гэтак ня будзе браць удзелу ў сэмінары праваабарончы цэнтар «Вясна», які шмат зрабіў для ўвядзеньня інстытуту амбудсмэна ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG