Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТОП-5 кніг пра Грунвальд па вэрсіі Яраша Малішэўскага


Яраш Малішэўскі

Яраш Малішэўскі

Гонар за продкаў, радзіму і сябе паўстае ў душы, калі даведваесься пра слаўную сярэднявечную перамогу пад Грунвальдам. І калі вы яшчэ самі ня ведаеце пра яе і нічога не расказвалі сваім дзецям, то летнія вакацыі – самы час папоўніць скарбонку і ведаў пра гісторыю краіны і падвысіць пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Перадача «Пяцікніжжа Свабоды» ад 16 ліпеня 2011 г

Яраш Малішэўскі – пра найлепшыя чытанкі пра Грунвальд.

КАСТУСЬ ТАРАСАЎ. ПАГОНЯ НА ГРУНВАЛЬД.

Менск, “Школьная бібліятэка”, 1997

Пра яго часта казалі: ён пераняў сьцяг ад Караткевіча. Як і “Памяць пра легенды”, Тарасава “Пагоня” запаліла многіх у Беларусі, дзе так тады не ставала сьвятла. Тарасаў, працягваючы распачатае, накідваў на гісторыю ўжо больш шчыльную і густую “сетку” – рэальных людзей, падзеяў, месцаў.

Гаворачы пра “Пагоню”, многія праводзяць паралелі з “Крыжакамі” Сянкевіча. У адрозьненьні ад польскага шэдэўра тутэйшыя героі гінуць, і фінал тут трагічны. Беларускае ўспрыманьне? Ці наступны крок? Калі людзям напачатку трэ было нагадаць, што ў іх наагул была гісторыя, то цяпер можна пайсьці й далей ад “чыстага рамантызму”. У “Пагоні”, адной зь вяршыняў нашае гістарычнае прозы, упершыню ў беларускай літаратуры многія тагачасныя героі паўстаюць не схэматычнымі пэрсанажамі, а жывымі людзьмі. Упершыню чытач можа зразумець іх, людзей, а не квадрат з радкоў у энцыкляпэдыі. То чытай, а як чытаў калісь – перачытвай!



ЮРЫ ЎСЬЦІНОВІЧ. ЯСЬКА І КОНІК ЯГОНЫ ГРЫЎКА.

Менск, “Логвінаў”, 2010

Вось чаго не ставала ў грунвальдзкай тэме, дык гэта дзіцячай кнігі. А без маленькіх чытачоў тут ніяк не абысьціся. Сур’ёзныя, паважныя кнігі беларус абавязкова знойдзе, але ж і праз казку – шлях зусім ня горшы. І дзеткі, а мо й дарослыя адкрыцьці зробяць. Бо з маленства ведаючы пра сваё, сягнеш далей, пакрочыш шырэй. Веды, калі і не з матчыным малаком мусяць прыходзіць, дык і не запозна. Ува “ўнутраных акадэміях” праўдзе не навучаць, а ў ціхаровай кішэні беларускую кнігу ня знойдзеш – трэ было раней клапаціцца. Вось, мяркую, тыя, хто калі ня сам, дык з дапамогаю крэўных пазнаёміцца з гэткімі кнігамі, ды шчэ ў час патрэбны, наўрад ці станецца віртуозам баявога пшыку.
Цудоўна аздобленая мастаком Іванам Івановым, кніга апавядзе казачную гісторыю пра малога палачаніна Яську, які моцна жадаў, ды й паўдзельнічаў у Грунвальдзе. Натуральна, з конікам сваім. Ды яшчэ як! Кніга скіруе дзетак-дарослых у Полацак тых часоў, калі места на Дзьвіне не “не саступала ні ў чым ані Вільні, ані Мальбарку”. А дзеткі, яны заўжды тыя ж – што сёньня, што шэсьцьсот гадоў таму. Нашыя дзеткі. Беларусы.

«ARCHE» (10 -2010). Грунвальд: 1410-2010.


Грунвальд – адна з тых бітваў, дзе дзіды ламаюць і сёньня. Ужо не ваяры – дасьледнікі. Я маю на ўвазе ня толькі дэталі падзеяў, ня толькі стратэгію ды тактыку. Ідзецца наконт, так бы мовіць, нацыянальнай прыналежнасьці падзеі. Палякі, беларусы, летувісы ды іншыя “зацікаўленыя бакі” даводзяць, што менавіта бязь іх, маўляў, аніякай перамогі ў прынцыпе быць не магло. І многія аматары гісторыі, што ўсё жыцьцьцё знаходзяцца ў рэчышчы сваёй “нацыянальнай гістарычнай традыцыі”, зь немалым зьдзіўленьнем раптам даведваюцца, што ў канкурэнтаў, аказваецца, ня толькі імпэт, але й аргумэнты ёсьць. Вось і тутака – адметнасьцю гэтага выданьня ёсьць пашырэньне ведаў для ўсіх – аматараў і прафэсіяналаў, прычым па розныя бакі розных межаў. Ад самага пачатку супрацьстаяньня з крыжакамі да помнікаў, прысьвечаных Грунвальду ўжо ў ХХ стагодзьдзі. А колькі новага, незвычайнага, жывога! Узяць хаця б артыкул “Літоўскія прыгоды шэксьпіраўскіх пэрсанажаў” – пра тых заходнеэўрапейскіх рыцараў, што з’яўляліся ў ВКЛ – не чаканымі госьцейкамі, а ў складзе крыжовых паходаў. А сёй-той зь іх пазьней стаў прататыпам пэрсанажаў трагедый клясыка… Адным словам, з рогу ўсяго многа. І на карысьць чытачу паспалітаму.

АЛЯКСАНДАР КРАЎЦЭВІЧ. ТЭЎТОНСКІ ОРДЭН. АД ЕРУСАЛІМА ДА ГРУНВАЛЬДА.

Менск, “Навука i тэхнiка”, 1993

Праца гадзенскага гісторыка і археоляга апынулася ў сьпісе невыпадкова – бяз гэтага чалавека ў нашым пяцікніжжы абысьціся, па мойму, папросту немагчыма. Дык вось – мы часта ўспрымаем супрацьстаяньне ВКЛ і крыжакоў, як схэму, якая склалася, так бы мовіць намертва. Мы – і яны. Яны, натуральна, ворагі. А паспрабаваць зірнуць глыбей – хто ж такія тэўтоны? Мяркую, што немалая колькасьць паставіўшы перад сабою гэтае пытаньне, апрача “зьвярынага аскалу”, “вылюдкаў” і нейкага пекла, якім уяўляецца Ордэн, нічога пэўнага і сказаць ня здолее. Далей лініі фронту веды й не сягаюць. Што, панове, хіба ня так? А як жыў, чым жыў ордэн, што ён ёсьць – гэта мы і знойдзем у кнізе Краўцэвіча. Ад самага пачатку і да “пералому”. Ну, а тое, што Тэўтонскі ордэн – з’ява ўнікальная, і казаць няма чаго. Прыкладаў таго, каб духоўна-рыцарскае аб'яднаньне стварыла такую магутную і ўплывовую эўрапейскую дзяржаву, мы й ня знойдзем. Ну, вядома, і пра Грунвальд тутака цікавосткі адшукаем – як жа безь яго?


ВОЛЬГА ІПАТАВА. ЗНАК ВЯЛІКАГА МАГІСТРА.

Менск, “Кнігазбор”, 2009

Раман Вольгі Іпатавай падыходзіць да Грунвальда, добра-такі пазнаёміўшы чытача з асобаю князя Вітаўта – таго, хто, калі стварыць пяцёрку “самых-самых” для беларускай гісторыі, абавязкова туды ўвойдзе. Перад намі – шматпакутны шлях чалавека, змушанага ваяваць і здраджваць, бегчы і перамагаць. Пераступаць праз клятвы і пагадненьні, ахвяраваць усім, нават уласнымі дзецьмі, каб урэшце дапяць тых фантастычных – для тых, хто быў да і пасьля яго, вышыняў. Ахвяраваць усім, нават дзецьмі, дзеля дзяржавы, дзеля ўлады. І тая, неатрыманая ім карона, з аднаго боку – гэткі сымбаль незавершанасьці працэсу. А з другога – сымбаль неверагоднага абсягу працы, зробленай гэтым чалавекам, каб Вялікае Княства сталася тым, чым яно было за ягоным кіраваньнем. На старонках “Знака…” побач і брат – Ягайла. Ворагі і хаўрусьнікі, крэўныя – з крывёй, што лучыла іх і падзяляла. І веліч перамогі. Тугі вузел, які, аднак, прыемна разблытваць, хай сабе за вакном зараз і лепяць чарговую “мураўёўку”. Прыйдзе час велічы.

XS
SM
MD
LG