Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль на менскім стадыёне «Дынама» адбываецца вялая рэканструкцыя, футбольны клюб БАТЭ правядзе першы эўракубкавы матч на сучасным стадыёне «Барысаў Арэна».

Сёньня футбольны клюб БАТЭ правядзе першы эўракубкавы матч на сучасным стадыёне «Барысаў Арэна». Супернікам — альбанскі «Скендэрбеў». «Барысаў Арэна» фігуруе ў якасьці базавай пляцоўкі і для беларускіх камандаў, якія бяруць удзел у адборачных сустрэчах Лігі Эўропы, а таксама для нацыянальнай зборнай Беларусі. А вось у Менску сучаснага стадыёна пакуль няма, хоць улады абяцалі аднавіць арэну «Дынама» яшчэ некалькі гадоў таму.

За два апошнія гады, як на менскім стадыёне «Дынама» пачалі дэмантаж трыбунаў і абсталяваньня, з прылеглай тэрыторыі і памяшканьняў павысялялі прадпрымальнікаў-гандляроў ды іншых арандатараў. Аднак будаўнічага ажыўленьня на апусьцелым аб’екце ня бачна. Прыкладам, з боку вуліцы Ўльянаўскай ніякай рэканструкцыі не адчуваецца ўвогуле. На скрыжаваньні са Сьвярдлова, дзе зьнесьлі спартовую паліклініку, прыгналі некалькі экскаватараў, якія вырылі пару катлаванаў. Ад вуліцы Кірава, дзе яшчэ летась зьнесьлі «казырок», на тэрыторыі стаіць некалькі адзінак спэцтэхнікі, ідзе дэмантаж пліткі.

На чыгуннай агароджы зьявілася некалькі плякатаў з выявамі будучага стадыёну. Выглядае, што фрагмэнтарна вырашана пакінуць арачную сьцяну, якую прызналі «помнікам архітэктуры», канцэптуальна захаваюцца асьвятляльныя вежы. Прынцыповая навінка — над трыбунамі зьявіцца дах. З карцінак вынікае і асноўная прычына тармажэньня з рэалізацыяй праекту — стадыён захавае лёгкаатлетычную спэцыялізацыю. Пасьля таго як на адмысловай нарадзе Аляксандар Лукашэнка загадаў захаваць бегавыя дарожкі (а з такой задачай, маўляў, управяцца і мясцовыя спэцыялісты), быў разарваны кантракт з вугорскай фірмай «Graboplan», якая спэцыялізуецца на ўзьвядзеньні футбольных стадыёнаў. Тым жа скончылася і супрацоўніцтва зь нямецкай кампаніяй GMP International GmbH.

Пасьля таго як дынамаўскую спэцыялізацыю пастанавілі не ламаць, галоўны футбольны стадыён меркавалася ўзьвесьці на месцы «Трактара». Але за прамінулы час нічога ня зроблена і там — нягледзячы на тое, што няісны «трыццацітысячнік» нават трапіў у заяўку на правядзеньне некалькіх матчаў эўрапейскага першынства 2020 году. Наадварот, цяпер ужо вядзецца гаворка, што «Трактар» чапаць ня трэба, а лепш будаваць побач новы. Пра стадыённыя шараханьні — спартовы аглядальнік Яўген Валошын:

Яўген Валошын

Яўген Валошын

«Вядома, рана ці позна рухі будуць, нешта збудуюць. Калі — прадказаць складана, бо дэтэктыў працягваецца. Прынамсі не зьдзіўлюся, што з такімі тэмпамі гэта можа быць і 7, і 10 гадоў, хай сабе нават і без асаблівых прэтэнзіяў на арыгінальнасьць. А што да нацыянальнага стадыёну, які нібыта зьявіцца побач са стадыёнам „Трактар“, — думаю, справу да канца давядуць, але, зноў жа, нейкай моднай, ультрасучаснай арэны не атрымаем. Па-першае, з-за паводзінаў чыноўнікаў, проста непрафэсійных. Заяўляецца адно, потым па 25 разоў перакручваецца, і, мяркуючы па ўсім, наўрад ці мы дачакаемся цудоўнай, выбітнай арэны, як гэта плянавалася ад пачатку. Нешта будавацца, вядома, будзе. Зноў жа, праект зробяць беларусы і будзе гэта стадыён зь беларускім калярытам. „Амстэрдам Арэны“ ці „Ўэмблі“ мы там адназначна не атрымаем. Як ні круці, на сучасным стадыёне кошт пасадачнага месца ня можа быць меншы за 3 тысячы эўра. Іначай, калі менш, гэта ўжо халтура. Прынамсі, пра гэта сьведчыць досьвед будаўніцтва сусьветных стадыёнаў. Я быў на „Маракане“ ў Рыё-дэ-Жанэйра, быў у Кіеве, бачыў іхні галоўны стадыён — там укладаліся вялізныя грошы, больш за 400 мільёнаў эўра. У нас, улічваючы сёньняшнія эканамічныя праблемы, такое не пацягнуць».

Калі арэна на месцы стадыёну «Трактар» ці побач зь ім існуе выключна ў сьвядомасьці чыноўнікаў, то на «Дынама» прынамсі складзены «акт». Ня так даўно Лукашэнка нарэшце падпісаў указ «Аб рэканструкцыі комплексу аб’ектаў стадыёну «Дынама». Дакумэнтам прадугледжана перапрафіляваньне стадыёну ў лёгкаатлетычны з захаваньнем магчымасьці правядзеньня футбольных матчаў. Заказчык праекту — упраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму, праектная арганізацыя — «Менскпраект». Фінансаваньне працаў будзе ажыцьцяўляцца за сродкі сталічнага бюджэту, прыблізны кошт — 150 мільёнаў эўра. Канчатковыя працы на «Дынама» будзе ацэньваць не UEFA, як плянавалася раней, а Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (IAAF). Гэта значыць, менскім заўзятарам яшчэ доўга давядзецца чакаць паўнавартаснай футбольнай арэны.

Зрэшты, як лічыць футбольны адмыслоўца, экс-гулец нацыянальнай зборнай Беларусі Ўладзімер Макоўскі, збудаваць сучасную арэну — гэта толькі палова справы. Трэба ж яшчэ прывабіць гледачоў туды хадзіць. Але ва ўмовах, калі дзеля папулярызацыі футболу ў краіне практычна нічога ня робіцца, акупляць дарагія праекты будзе надзвычай складана:

Уладзімер Макоўскі

Уладзімер Макоўскі

«Пабудавалі вось „Барысаў Арэну“. Ну і што? Пабудавалі ведаеце, для якіх гульняў? Выключна паміж БАТЭ і менскім „Дынама“. Колькі разоў БАТЭ з „Дынама“ гуляе ў сэзоне? Тры, максымум чатыры гульні. Плюс яшчэ эўракубкі, але я нават не лічу, бо невядома, колькі тых гульняў увогуле будзе, можа, усяго адна. То бок чатыры гульні ў чэмпіянаце Беларусі будзе зьбіраць „Барысаў Арэна“, вось і ўсё. Пагаджаецеся? Бо глядзіце: у нядзелю БАТЭ гуляў з „Брэстам“. Колькі прыйшло заўзятараў? Тры тысячы чалавек. Дый тое нармальна ў параўнаньні з тым, колькі прыйшло да таго на „Тарпэда“ — тады сабралася 50 чалавек, зь іх 30 сваякоў. Пра якую папулярызацыю можна гаварыць? Дый што ўвогуле зроблена ў краіне дзеля папулярызацыі футболу, скажыце мне? Пайсьці на кагосьці паглядзець? Дык няма нават на каго! А інакш нічога і ня будзе. Купляць футбалістаў трэба, набываць гульцоў такога клясу, каб людзі шлі менавіта на іх. А каб такога футбаліста купіць, патрэбныя вялікія грошы. Грошай, адпаведна, няма. Вось і ўсё, кола замкнулася. Я так лічу, ня ведаю, гэта мая асабістая думка».

Паводле заяўленых плянаў, рэканструкцыя менскага стадыёну «Дынама» павінна завяршыцца ў 2017 годзе. Пэрспэктывы спэцыялізаванай футбольнай арэны ў раёне «Трактара» не акрэсьленыя зусім. Пры тым, што прывідны аб’ект ужо фігуруе ў заяўках на матчы Эўра-2020, калі будзе адзначацца 60-гадовы юбілей першага кантынэнтальнага першынства і права на некалькі матчаў атрымаюць паўтара дзясятка гарадоў Эўропы. Варта нагадаць, што адпачатку нацыянальны стадыён зьбіраліся вынесьці за рысу гораду — у мікрараён Шчомысьліца, бліжэй да «студэнцкай вёскі». Аднак яшчэ на этапе распрацоўкі праектнай дакумэнтацыі было вырашана пакінуць галоўную арэну ў цэнтры, пераабсталяваўшы яе пад выключна футбольную.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG