Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Пугачова ў Расеі трапіла пад палітычны перасьлед?


Будынак тэатру ў Санкт-Пецярбургу ня будзе пабудаваны, хоць у праект ужо ўкладзена каля 100 мільёнаў расейскіх рублёў. Пра гэта паведамляе «Маскоўскі камсамолец». Ці мае дачыненьне вострая крытыка дзеяньняў расейскіх уладаў да таго, што поп-зорка можа страціць свой Тэатар песьні?

На мінулым тыдні чыноўнікі Смольнага паінфармавалі інвэстараў і Алу Пугачову пра немагчымасьць далейшай рэалізацыі праекту.

Цяпер інвэстары спрабуюць спагнаць страчаныя грошы — за арэнду зямлі пад будучы комплекс яны штоквартал плацілі 2,5 мільёна рублёў.

Кіраўнік музычнай карпарацыі PMI і ўладальнік кантрольнага пакета акцыяў будаўніцтва Яўген Фінкельштэйн камэнтуе сытуацыю адназначна: чыноўнікі «кінулі» Пугачову і бізнэсоўцаў.

«Нас выклікалі ў Смольны і паведамілі, што ім быў накіраваны ліст аб немагчымасьці рэалізацыі гэтага праекту віцэ-губэрнатарам Маратам Аганэсянам. Калі шчыра, я зьдзівіўся. Бо нас першапачаткова запэўнівалі, што тэатар будзе пабудаваны на 100%, і мы некалькі разоў мянялі праект, паляпшаючы яго. Пугачова — адзін з сузаснавальнікаў, пад імя якога інвэстары давалі грошы. І горад, наадварот, павінен быць ёй удзячны за тое, што яна прыцягвае ў Пецярбург інвэстыцыі. Бо тэатар меўся будавацца безь дзяржаўных выдаткаў».

Ала Пугачова ня раз сьмела выказвалася пра палітычную сытуацыю ў Расеі і пра кіраўніцтва краіны. Так, пасьля сьмерці Валерыі Навадворскай сьпявачка напісала ў твітэры: «Калі на пахаваньне Навадворскай у Маскве прыйдзе 1 мільён чалавек і ня сыдзе дадому, то Пуціну хана. Давайце, расіяне!»

Яна таксама падпісалася ў падтрымку рокера Андрэя Макарэвіча, калі пасьля крытычных выказваньняў пра падзеі ва Ўкраіне зьявіўся інтэрнэт-зварот на сайце change.org, дзе прапаноўвалася пазбавіць яго ўсіх дзяржаўных узнагародаў.

А 12 чэрвеня, калі ў Крыме адзначалі Дзень Расеі, Ала Пугачова не паехала туды і не ўзяла ўдзелу ў музычным конкурсе. І хоць прычыны няўдзелу публічна не называліся, меркаваць пра іх можна хаця б па такім яе выказваньні ў твітэры: «Расея, якая ваюе 23 гады, хоча выставіць Украіну, якая не ваявала, краінай-забойцай сваіх жа грамадзянаў. Абсурднасьць задумы відавочная для ўсяго сьвету».

Адмову ў працягу будаўніцтва Тэатру песьні Алы Пугачовай тлумачаць і наступным чынам. 17 жніўня 2011 году, калі губэрнатарка Санкт-Пецярбургу Валянціна Мацьвіенка зацьвердзіла пастанову гарадзкога ўраду аб выдзяленьні зямельнага ўчастку пад будоўлю Тэатру песьні Алы Пугачовай, гэтае рашэньне выклікала ў Пецярбургу сур’ёзную крытыку. Па-першае, зямельны ўчастак у вусьці ракі Смаленкі плошчай амаль 3 гектары быў прададзены бяз конкурсу. Па-другое, пакупнікі заплацілі за яго ў казну 39 мільёнаў рублёў, што, на думку экспэртаў, разоў у 10–15 менш за яго рынкавы кошт.

Крытыкі рашэньня Валянціны Мацьвіенкі тлумачаць яго не любоўю былога губэрнатара гораду да творчасьці Алы Пугачовай, а тым, што ў склад акцыянэраў Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тэатар песьні Алы Пугачовай» тады ўваходзілі партнэры сябра Ўладзімера Пуціна, уладальніка Stroytransgaz Holding Генадзя ЦімчанкіМаксім Вераб’ёў і Міхаіл Кенін, якія пазьней выйшлі зь яго складу.

Цяпер Ала Пугачова патрабуе ад Санкт-Пецярбургу кампэнсацыі ў 100 мільёнаў рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG