Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына: Кантактная група мусіць неадкладна пачаць перамовы з сэпаратыстамі


Трохбаковая кантактная група наладзіць прамы кантакт з сэпаратыстамі праз відэаканфэрэнцыю не пазьней як у аўторак, 16 ліпеня.

Пра гэта дамовіліся міністры замежных справаў Нямеччыны, Францыі, Украіны і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі падчас відэаканфэрэнцыі.

Пра гэтае рашэньне паведамляе МЗС Нямеччыны. Падчас відэаканфэрэнцыі мусіць быць узгодненае месца непасрэднай сустрэчы кантактнай групы з прадстаўнікамі сэпаратыстаў — гаворыцца ў паведамленьні пра размову кіраўнікоў МЗС Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера, Францыі — Лярана Фабыюса, Украіны — Паўла Клімкіна і кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Іванова.

Канкрэтныя прапановы на гэты конт ужо абмеркаваныя — паведамляе МЗС, аднак дэталі не ўдакладняе. Сама сустрэча кантактнай групы з прадстаўнікамі сэпаратыстаў мусіць адбыцца неўзабаве пасьля вызначэньня месца яе правядзеньня.

Апроч гэтага бакі дамовіліся працаваць дзеля трывалага двухбаковага прыпыненьня вагню. Бакі спадзяюцца, што Расея выканае абяцаньне выкарыстаць свой уплыў на сэпаратыстаў дзеля дасягненьня гэтай мэты. Чарговы пункт чатырохбаковай дамоўленасьці — пашырэньне працы назіральнай місіі АБСЭ і дзейсны маніторынг дзейнасьці па абароне мяжы.

Гэта мусіць перадухіліць парушэньне мяжы і ўвод на тэрыторыю Ўкраіны ўзбраеньня і баевікоў — гаворыцца ў паведамленьні.

У сувязі з гэтым бакі віталі падрыхтоўчыя захады, якія ўжыла АБСЭ для назіраньня за расейска-украінскай мяжой пры дапамозе беспілётных апаратаў над тэрыторыяй Украіны, і пагадзіліся актыўна іх падтрымліваць.

Бакі выказалі глыбокую занепакоенасьць гуманітарнай сытуацыяй у зоне канфлікта і настойваюць на неадкладнай патрэбе стварыць гуманітарныя калідоры. Бакі віталі дзеяньні АБСЭ па падрыхтоўцы хуткага абмену палоннымі і закладнікамі — заявіў Бэрлін.

Расея пры гэтым заявіла, што прадстаўнікі амбасады Ўкраіны маюць доступ да затрыманай у Расеі ўкраінскай жанчыны-лётчыцы, — сьцвярджаецца ў паведамленьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG