Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Падбярэскі пра «Славянскі базар»: Не бывае фэстывалю для ўсіх, як не бывае газэты для ўсіх


Зьміцер Падбярэзскі

Зьміцер Падбярэзскі

Ці адпавядаюць сучасным культурным рэаліям стыль і канцэпцыя фэстывалю «Славянскі базар»? Якіх фэстываляў не хапае ў культурным жыцьці Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае музычны крытык Зьміцер Падбярэскі.

— «Славянскі базар» у Віцебску ад пачатку задумваўся як сымбаль славянскай еднасьці. Але на фоне расейска-ўкраінскай вайны гэтая ідэя выглядае неяк недарэчна. Што можна сказаць пра фармат гэтага фэстывалю на сёньня, ці адпавядае ён сучасным музычным тэндэнцыям?

— Я ня думаю, што ад «Базару» можна чакаць чагосьці новага. З году ў год ён праводзіцца бязь нейкіх істотных зьменаў, і ягоная формула практычна не мяняецца. Адзінае, што калі раней праводзіліся дні Беларусі, Украіны, то сёньня дзень Украіны ўявіць сабе там фактычна немагчыма.

І я ня стаў бы называць гэты фэстываль камэрцыйным. Бо палітычны чыньнік там стаіць на першым пляне і пераважае мастацкі. Вялікіх творчых пэрспэктываў для «Славянскага базару» я ня бачу. Будзе паўтор таго, што з году ў год там адбываецца. Пакуль ён існуе ў такім фармаце, нічога яркага новага там чакаць не выпадае.

— Якіх музычных імпрэзаў не хапае ў культурным жыцьці Беларусі?

— Я думаю, што нам элемэнтарна проста не хапае самых розных фэстываляў. Калі ўзгадаць усе беларускія фэстывалі, то мы набярэм максымум каля 30. Я тут не лічу раённыя фэсты, хаця сярод іх ёсьць такія цікавыя, як, напрыклад, «Пружанскі блюз», які адбываецца раз на два гады, і мае статус раённага джаз-фэстывалю, і гэта вельмі цікавая зьява.

І калі параўнаць гэтую колькасьць (прыблізна 30 фэстываляў) з той жа Польшчай, напрыклад, то тут мы саступаем разоў у 5-6. І калі браць кірунак гэтых імпрэзаў, то ў Польшчы выбар значна багацейшы. Разнастайнасьць стварае сваю публіку для кожнага. Калі браць «Славянскі базар», то ён ад пачатку быў накіраваны як фэстываль для ўсіх. Але, прабачце, такога не бывае, як не бывае радыё для ўсіх, газэты для ўсіх.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG