Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомыя чырвонаармейцы» ХV стагодзьдзя з Ваўкавыску


Шкілет, знойдзены пад Ваўкавыскам

Шкілет, знойдзены пад Ваўкавыскам

У Ваўкавыску на тэрыторыі сярэднявечнага гораду ідуць раскопкі. Да археолягаў там пабываў батальён Мінабароны, які знайшоў на могільніку ХІІІ—ХV стагодзьдзяў і затым перазахаваў парэшткі «невядомых чырвонаармейцаў».

Раскопкі праводзіць сумесная экспэдыцыя гарадзенскіх навукоўцаў з унівэрсытэту імя Янкі Купалы і гісторыка-археалягічнага музэю. Кіруюць ёю загадчык аддзелу археалёгіі музэю Натальля Кізюкевіч і дацэнт унівэрсытэцкай катэдры гісторыі Беларусі, археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплінаў Генадзь Семянчук. Раскопкі скончацца 20 ліпеня.

Выявілася памылка вайскоўцаў выпадкова. Археоляг Генадзь Семянчук быў у родным Ваўкавыску і заўважыў на схіле аднаго з двух пагоркаў каля замчышча невялікія ямкі, зробленыя ў шахматным парадку. Раскапаўшы, знайшлі сярэднявечны хрысьціянскі могільнік, які датуецца ХІІІ—ХV стагодзьдзямі. Навуковец паведаміў пра гэта ў райвыканкам, а ў ідэалягічным аддзеле кажуць: а мы там выкапалі салдацкія парэшткі... Ён папрасіў паперу, а ў ёй было напісана пра 56 шкілетаў, «перазахаваных ля падножжа Швэдзкай гары».

Генадзь Семянчук

Генадзь Семянчук

Генадзь Семянчук зразумеў, што сутыкнуўся зь дзейнасьцю згаданага раней батальёну Мінабароны. Навуковец тлумачыць:

«Рэч у тым, што замчышча і Швэдзкая гара ўнесеныя ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. І ў любым выпадку, нават каб гэта былі ахвяры вайны, павінен быў прысутнічаць прафэсійны археоляг. Пры гэтым яны вярталіся, раскопвалі два разы. Справаздачы мне ніхто, вядома, не паказаў: ні райвыканкам, ні батальён. Але ямаў было каля васьмідзесяці. Магчыма, ня ў кожнай быў шкілет. Пры гэтым мясцовыя зьдзіўляліся: чаму няма ботаў? Ці спражак? Ці валасоў? Бо вядома, што за семдзесят гадоў на шкілеце застаецца нейкая арганіка. А мы маем дачыненьне з чыстымі, высахлымі косткамі, якім па пяцьсот-васямсот год».

Генадзь Семянчук працягвае:

«Дзейнасьць гэтага батальёну шмат у каго выклікала пытаньні, бо вядомая наша маніякальная тэндэнцыя ўсё шукаць і перазахоўваць», прычым «гэта манапалізавана, падведзена пад ідэалёгію», таму час ад часу робіцца шкода. Каб пазьбегнуць гэтага, павінна быць сьціслейшае супрацоўніцтва гэтага батальёну з прафэсійнымі археолягамі. Тое ж, што было зроблена, Генадзь Семянчук называе «варварствам і цынізмам».

Па выніках навуковых раскопак у Ваўкавыску знайшлі трыццаць адно пахаваньне на першым могільніку і яшчэ дзевяць на другім (на суседнім пагорку). Сёлета будзе магчымасьць зрабіць аналіз ДНК парэштак, сказаў Генадзь Семянчук. Навукоўцы заўсёды робяць антрапалягічны аналіз знойдзеных шкілетаў, каб ведаць узрост, пол пахаванага, хваробы, на якія ён цярпеў альбо ад якіх памёр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG