Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольнае сьвята безь Беларусі


У Бразыліі завяршыўся юбілейны, ХХ чэмпіянат сьвету па футболе. У фінале ў дадатковы час зборная Нямеччыны перамагла супернікаў з Аргентыны, стаўшы чатырохразовай уладальніцай футбольнай кароны. Лепшым гульцом першынства прызнаны лідэр аргентынцаў Леанэль Мэсі. Якія высновы па выніках мундыялю зрабілі для сябе беларускія спартовыя адмыслоўцы? Ці настане час, калі ў падобных форумах будзе браць удзел каманда Беларусі?

Наколькі чаканы вынік усясьветнага першынства? Ці апраўдаліся спадзяваньні экспэртаў ды шараговых заўзятараў? Уражаньнямі ад месячнага маратону дзеліцца экс-гулец менскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Беларусі Ўладзімер Макоўскі:

Уладзімер Макоўскі
Уладзімер Макоўскі

«Немцы перамаглі заслужана, без варыянтаў. Але спадабаліся і галяндцы — каманда вясёлая, не гулялі, як бальшыня, другім нумарам, ад абароны. Мабыць, не адзін я так думаю, — расчаравалі бразыльцы. Хоць ужо ад першага матчу было зразумела, што цяжка ім будзе выйграць чэмпіянат. Казалі: маўляў, Нэймар шмат на сябе бярэ, увесь час падае і г.д. Але бачыце — няма Нэймара, няма і каманды. Прынамсі, каб ён быў у складзе, ня выключана, што крыху інакш склалася б гульня з той жа Нямеччынай. Зь іншага боку, усё ж не адны асобы ў футбол гуляюць. Учора ўсе разьлічвалі на Мэсі, столькі дыфірамбаў было, і што? Пару разоў выбухнуў, некалькі небясьпечных момантаў стварыў, але па-сапраўднаму Мэсі ў гульні ня ўбачылі. А вось у немцаў гуляла менавіта ўся каманда. У цэлым магу сказаць, што пачынаўся чэмпіянат весела: галяндцы добра гулялі, лацінаамэрыканцы. Але потым тыдзень нешта сумнавата было. Пачалі гуляць ад абароны, вырашаць свае задачы. Але ўжо плюс, што перапісана гісторыя: Клозэ стаў найлепшым бамбардзірам, ніколі не было паўфіналаў зь лікам 7:1. Ужо свае плюсы. Лічу, што чэмпіянат удаўся. Ну, і абсалютна заканамерна перамаглі немцы».

Адной з галоўных сэнсацыяў прамінулага чэмпіянату экспэрты аднадушна называюць разгром немцамі гаспадароў мундыялю — каманды Бразыліі. Гэта пры тым, што менавіта бразыльцы ад пачатку лічыліся аднымі з галоўных фаварытаў спаборніцтваў, а мільёны бразыльскіх заўзятараў загадзя прымяралі камандзе шосты па ліку чэмпіёнскі тытул. Тым ня меней, як лічыць спартовы тэлекамэнтатар Павал Баранаў, усё склалася лягічна, а адданыя прыхільнікі бразыльскай зборнай проста пераацанілі сваіх улюбёнцаў:

Павал Баранаў
Павал Баранаў

«Найперш, сама па сабе гульня зборнай Нямеччыны, якая, бясспрэчна, да гэтага чэмпіянату выдатна падрыхтавалася. Вырасла шыкоўнае пакаленьне футбалістаў, якое ў свой час, 5 гадоў таму, выйграла моладзевы чэмпіянат Эўропы. Гэта якраз паказьнік для ўсіх астатніх, у першую чаргу для нас —маладыя не згубіліся на шляху да дарослага футболу і цяпер цэмэнтуюць нацыянальную зборную. Пры тым, што ў складзе каманды ёсьць і вэтэраны, якіх мы цудоўна ведаем. Гэткі своеасаблівы масток паміж пакаленьнямі. А галоўнае тлумачэньне таго, што адбылося з Бразыліяй, — гэта яе слабасьць. Нягледзячы на тое, што Скалары са сваім вопытам і мысьленьнем — больш нават эўрапейскі трэнэр і, адпаведна, стварыў зборную на зорках, што выхаваліся ў Эўропе (як Давід Луіс), усё роўна гэта засталася каманда, якая будавалася вакол некалькіх асобаў, найперш Нэймара. У яго не было рэзэрву, падмурку (нават ня буду казаць „пляна Б“, а менавіта што тычыцца людзкіх рэсурсаў). Адпаведна, з таго, што адбылося ў паўфінале, магу ўявіць адно: каб Бразылія была ў аптымальным складзе, напэўна, прайграла б, але такога разгрому б не было. У любым разе футбалісты, якія выйшлі на поле, ня ў стане былі даць бой Бундэсманшафт. Нямецкай машыне, адным словам».

Не апраўдаліся спадзяваньні на выхад прынамсі ў стадыю плэй-оф і прыхільнікаў адзінага постсавецкага прадстаўніка на чэмпіянаце, зборнай Расеі. Пры гэтым крытыка ляцела ня толькі на адрас італьянскага трэнэра Фабіё Капэлы і саміх футбалістаў — не выключалася і «міжнародная змова». Як кажа адзін з найлепшых у мінулым беларускіх футбалістаў Андрэй Зыгмантовіч, ня трэба ківаць на іншых, калі няма чым падмацаваць майстэрства:

Андрэй Зыгмантовіч
Андрэй Зыгмантовіч

«Ня столькі нехта і дзесьці вінаваты, колькі сама зборная Расеі, якая фактычна нічога на гэтым чэмпіянаце не паказала. Асабіста мне цікава было назіраць за той жа Мэксыкай, як яна гуляла, напрыклад, зь Нідэрляндамі. Мне проста прыемна было глядзець, у які футбол яны гуляюць, бо яны гуляюць у адкрыты, атакуючы футбол, зараджаюць сваёй энэргетыкай гледачоў. Хоць яны ўрэшце прайгралі, але пакінулі самае станоўчае ўражаньне. У расейцаў нічога гэтага не было і блізка. Ці тая ж зборная Чылі ў матчы з гішпанцамі. Хоць і заўзеў за гішпанцаў, мяне ўразіў той фізычны стан, у якім былі чылійцы, як яны біліся за тое, каб прайсьці далей, зь якой самааддачай гулялі і г.д. І гэта выявілася ня толькі ў гульні з камандай Гішпаніі, але і ў далейшым са зборнай Бразыліі. То бок яны абралі сабе свой шлях атакуючага футболу зь вялікім аб’ёмам працы на футбольным полі кожнага гульца. Гэта мне падабаецца, гэта супадае і з тымі маімі думкамі трэнэрскімі, і з думкамі простага аматара футболу, які глядзіць чэмпіянат сьвету».

Ці здолее прамінулы чэмпіянат сьвету падвысіць увагу да нацыянальнага першынства, якое ў Беларусі не карыстаецца асаблівай папулярнасьцю? Славуты футбаліст узору 1960-х Міхаіл Мустыгін перакананы: дзеля таго каб людзі пацягнуліся на трыбуны, на ўзроўні дзяржавы футболам павінны зацікавіцца хоць бы ў такой ступені, як хакеем:

Міхаіл Мустыгін
Міхаіл Мустыгін

«У нас галоўная каманда так гуляе, што і стаўленьне да зборнай, і да футболу ўвогуле апусьцілася, як кажуць, ніжэй за плінтус. Парадокс, нават узьнікае пытаньне — дзе гэта ўсё глядзець? Дагэтуль не разумею: будуць нешта на „Дынама“ рабіць, ня будуць — ніхто ж толкам ня кажа. Разбурыць разбурылі, а што ўзамен? Кажуць, нібыта футбольным стадыён дакладна ня будзе, зробяць лёгкаатлетычны. Не зусім правільна, як мне падаецца. Потым казалі, што на „Трактары“ ці замест яго нешта будуць рабіць, але зноў ніякага зруху. Але калі нават зробяць сучасныя стадыёны — няўжо заўзятары будуць туды хадзіць? Як апошнімі гадамі народ туды не хадзіў, так і ня будзе. Прынамсі, пакуль у нас агульны ўзровень футболу не падымецца. Вось паглядзім, як нашы футбалісты пачнуць адборачныя гульні на чэмпіянат Эўропы, паглядзім, што сёньня ўяўляе сабою зборная Беларусі. Хутка пабачым. Пагатоў шанцы нібыта большыя — 24 каманды будуць у фінальнай стадыі гуляць. Як добра пастарацца, то, можа, што і атрымаецца...»

Нацыянальная зборная Беларусі яшчэ ніводнага разу не трапляла ў фінальныя часткі чэмпіянатаў сьвету і Эўропы. З постсавецкіх камандаў гэта ўдавалася зрабіць камандам Расеі, Украіны і Латвіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG