Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі публіцыст пра парадак і хаос сучаснага сьвету


Пра новыя выклікі сучаснага сьвету піша ў сваім блогу на старонцы The New York Times калюмніст гэтага выданьня Томас Фрыдман.

Ён прыгадвае, што напачатку 80-х была папулярная камэдыя «Напруга зьвілінаў» пра нехлямяжага сакрэтнага агента Максвэла Смарта. Спэцслужба, на якую ён працаваў, называлася «Кантроль». Міжнародная арганізацыя зла, зь якой ён змагаўся, мела назву Kaos.

На думку Фрыдмана, стваральнікі камэдыі апярэдзілі свой час, бо сучасны сьвет уяўляе сабой змаганьне менавіта паміж парадкам і хаосам.

Ён прыгадавае, што пасьля «халоднай вайны» Захад разьвітаўся з сыстэмай альянсаў, у межах якой ён падтрымліваў шмат слабых дзяржаваў, даваў ім грошы, каб яны кантралявалі свае межы, бо гэтага патрабавала глябальнае супрацьстаяньне паміж Вашынгтонам і Масквой. Сёньня гэта ўжо ў мінулым.

У выніку ў сьвеце ўтварыліся тры сыстэмы: парадак, які забясьпечваецца дэмакратыяй, парадак, які забясьпечваецца аўтарытарызмам, і хаос, прастора, дзе дзяржавы няспраўджаныя, дзе плямёны, апалчэнцы, піраты і банды канкуруюць за кантроль паміж сабой, дзе фактычна няма цэнтральнага ўраду, якому, фігуральна кажучы, можна патэлефанаваць, каб мець справу з адпаведнай краінай.

Паглядзіце навокал — піша Фрыдман — Бока Харам ў Нігерыі выкрадае 250 школьніц, а затым зьнікае ў цёмным куце гэтай краіны. Ісламская дзяржава Іраку і Леванту — ісламісцкая міліцыя, рэкрутаваная з усякай навалачы, захоплівае сабе зямлю для халіфату ў Сырыі ды Іраку. Лібія пасьля скіданьня Кадафі ператварылася ў поле вайны ўсіх супраць ўсіх, гэта пацягнула за сабой крах Рэспублікі Чад, забурэньні выплюхваюць зброю і ўцекачоў, пагражаючы стабільнасьці Тунісу і Марока. Ізраіль затапілі 50 тысячаў эрытрэйскіх і суданскіх уцекачоў, якія перасеклі Сінайскую пустыню пешкі, на аўтобусах ці машынах у пошуках працы і бясьпекі ў ізраільскім «востраве парадку».

Гэтаксама ў кастрычніку летась на ЗША абрынулася хваля з 50 тысячаў дзяцей-сіротаў з Гватэмалы, Сальвадору і Гандурасу.

Чаму гэта адбываецца зараз? Паводле Фрыдмана, таму што слабыя дзяржавы ўжо ня могуць разьлічваць на шчодрасьць супернікаў у «халоднай вайне», пры гэтым яны аказваюцца пад ціскам трох выклікаў: глябалізацыі, зьмены клімату і эканамічных умоваў і імклівага прагрэсу тэхналёгіяў.

Публіцыст адзначае, што акрамя амэрыканскага ўварваньня ў Ірак прычынай паўстаньня ў Сырыі стала чатырохгадовая жахлівая засуха і дэмаграфічны выбух. Паводле яго, нельга зразумець паўстаньне ў Эгіпце, не зьвязваючы яго з сусьветным крызыісам вытворчасьці пшаніцы ў 2010 годзе і ростам коштаў на хлеб.

Фрыдман прыгадвае і ролю, якую ў глябалізаванай сусьветнай эканоміцы адыгрывае Кітай. Пайдзіце ў сувэнірную краму ў Каіры, купіце попельніцу ў выглядзе піраміды і перагарніце яе. Што вы там прачытаеце? «Зроблена ў Кітаі». Глябалізацыя ўзнагароджвае тыя адносна бедныя краіны, якія здолелі навучыцца прадаваць сваю працоўную сілу, і жорстка карае тыя, хто гэтага ня здолеў зрабіць.

Томас Фрыдман падкрэсьлівае, што посьпех Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту, як і «арабскай вясны» немагчыма ўявіць сабе без сучасных сродкаў камунікацыі і сацыяльных сетак, пры дапамозе якіх нават невялікія групы людзей могуць мабілізаваць масы прыхільнікаў і кінуць выклік цэлым дзяржавам.

Так што не кажыце мне, што ва ўсім вінаваты Абама — піша калюмніст The New York Times. — Шмат у чым і сапраўды вінаваты, але не ва ўсім. Ёсьць магутныя сілы, якія дзейнічаюць на баку хаосу, і патрабуецца шчыльнае супрацоўніцтва сілаў парадку, каб утрымаць іх.

***

У дадатак да развагаў Томаса Фрыдмана прапануем вам фрагмэнт апошняй перадачы «Праскі акцэнт», прысьвечанай менавіта праблеме, ўзьнятай амэрыканскім публіцыстам. У перадачы ўдзельнічалі экспэрт Беларускага цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Павал Вусаў, публіцыст Дзьмітры Ісаёнак і дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч

Дракахруст: Пасьля краху камунізму здавалася, што гістарычная альтэрнатыва ясная і простая — аўтарытарызм (варыянт таталітарызм) і дэмакратыя. Наступныя падзеі — і на постсавецкай прасторы, і зусім нядаўнія — у арабскім сьвеце і на Блізкім Усходзе паказалі, што дылема прынамсі бывае, магчыма, часова, іншай: аўтарытарызм ці хаос, безуладзьдзе, няспраўджаная дзяржава. Страх перад хаосам быў адным з матываў галасаваньня за Аляксандра Лукашэнку 20 гадоў таму, «улада валялася пад нагамі» — так ён сам характарызаваў той час. Дык ці ёсьць такая дылема ці гэта — адно страшылка прапагандыстаў дэспатыяў? А насамрэч дэмакратыя — гэта і ёсьць найлепшы сродак ад беспарадку?

Вусаў: Гэта складанае пытаньне. Ніколі не адбываецца хуткага, бесканфліктнага пераходу ад таталітарызму да дэмакратыі. Заўсёды адбываюцца працэсы распаду сыстэмы, як палітычнай гэтак і эканамічнай. Нейкія грамадзтвы праходзяць гэты этап вельмі лёгка, напрыклад, Чэхія, Славаччына, Польшча, Літва, а некаторыя дзяржавы, як Малдова, Грузія, Азэрбайджан і Расея, вельмі цяжка. Шмат што залежыць ад унутраных фактараў і ад функцыянаваньня грамадзтва. Да таго ж пераход ад адной формы рэжымаў да іншай заўсёды існуе «шэрая зона», зона няўпэўненасьці, куды пойдзе рэжым — ці ў бок дэмакратыі, ці ў бок аўтарытарызму. Утвараюцца таксама прамежкавыя рэжымы, якія называюць гібрыднымі, дзе напалову існуюць чыньнікі аўтарытарныя, а напалову — дэмакратычныя. Яскравым прыкладам гэтага доўгі час заставалася Ўкраіна, бо было невядома (і зараз невядома), у якім кірунку будзе разьвівацца тамтэйшая палітычная сыстэма.

У Беларусі такая гібрыдная форма існавала ў 1991-96 гадах. Прыход такой моцнай пастаці, як Лукашэнка, зь ягонай прагай да абсалютнага кантролю, прывяло да ўсталяваньня аўтарытарнага пэрсаналісцкага рэжыму. Беларусь чакае яшчэ адзін пэрыяд трансфармацыі, пэрыяд пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі, а магчыма і пазьнейшага вяртаньня да аўтарытарызму. І гэта можа адбывацца некалькі разоў, пакуль не ўсталюецца кансалідаваны дэмакратычны рэжым. А што тычыцца таго, што перамены нясуць хаос, то сёньня гэта адзін з найбольш выгадных і папулярных матываў, якія выкарыстоўваюцца беларускай прапагандай. Паказваюцца прыклады Ўкраіны, Расеі, Малдовы і гаворыцца, што ў нас сапраўды няма дэмакратыі, але ёсьць стабільнасьць. Але аўтарытарызм ня выратуе Беларусь ад дэстабілізацыі.

Дракахруст: Дзьмітры, вы згодны з такім поглядам: што ёсьць аўтарытарызм, ёсьць дэмакратыя, і ёсьць транзыт паміж імі, які спалучаецца з пэўнымі цяжкасьцямі? Ці «стабільны хаос», «стабільная нестабільнасьць» — гэта ўстойлівы стан, які можа цягнуцца доўга?

Ісаёнак: Я зьедліва заўважу, што нас вучылі, што аўтарытарызм бывае добры і кепскі. Калі Ельцын змагаецца з «чырвона-карычневым» парлямэнтам і праводзіць непапулярныя рэформы — гэта добры аўтарытарызм, ён — дзеля будучыні, і ў ім ёсьць нешта ад дэмакратыі. Калі Лукашэнка разганяе парлямэнт (бяз танкаў, дарэчы) і згортвае непапулярныя рэформы — гэта кепскі аўтарытарызм. Насамрэч я мяркую, што ў сытуацыі распаду СССР, маштабнага пераразьмеркаваньня ўласнасьці, выбар быў рэальна паміж гэтымі двума відамі аўтарытарызму, аўтарытарызм, скіраваны на правядзеньне непапулярных рэформаў, і аўтарытарызм, скіраваны на іх згортваньня. Бо ў сытуацыі эканамічнага катаклізму і жорсткага канфлікту было крыху не да дэмакратыі.

Дракахруст: Андрэй, а як вы лічыце, ці дастаткова восі «аўтарытарызм-дэмакратыя» для апісаньня сучаснай палітычнай прасторы? А можа ёсьць іншая вось, іншае вымярэньне «кіраванасьць-хаос»? Ці хаос — гэта тое, пра што казаў Павал, хаос — гэта проста праблемы пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі? Але калі мы паглядзім на сучасную Лібію ці Ірак, здаецца, што вось «аўтарытарызм-дэмакратыя» не зусім адэкватна апісвае падзеі, якія там адбываюцца.

Казакевіч: Аўтарытарызм у Іраку не прадухіляў і паўстаньні курдаў і шыітаў, і шмат якія іншыя праблемы. Досьвед сучаснага сьвету паказвае, што найбольш палітычна ўстойлівымі сыстэмамі зьяўляюцца дэмакратыі. Для большасьці краін дэмакратыя зьяўляецца ідэалам добрага грамадзтва і добрага кіраваньня. Пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі сапраўды зьвязаны з пэўнымі рызыкамі, маем вялікую колькасьць прыкладаў як станоўчых, гэтак і адмоўных, калі гэта прыводзіла да дэстабілізацыі.

Гэта праблема і для палітычнай эліты, і для насельніцтва — ці гатовае яно ўзяць на сябе рызыку пераходу, каб перайсьці да больш устойлівай і прывабнай сыстэмы. Беларускае грамадзтва збольшага вельмі асьцярожнае і збольшага схіляецца да таго, каб не рызыкаваць. Тут праблема ня ў тым, што лепш, а што горш, а менавіта ў гэтай рызыцы, каб у будучыні мець больш эфэктыўную і блізкую да насельніцтва палітычную сыстэму.

XS
SM
MD
LG