Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-10 прадказаньняў Валерыі Навадворскай пра расейска-ўкраінскі канфлікт


Мы падабралі найбольш яркія цытаты праваабаронцы Валерыі Навадворскай пра апошнія падзеі ва Ўкраіне і яе погляд на будучыню.

1

Здаецца, гэта наша апошняя прыгода.... На захадзе мы гнюсна і здрадліва напалі на Ўкраіну, і гэтая вайна назаўсёды пазбавіла нас даверу і павагі цывілізаваных народаў, ад Швэцыі да Аўстраліі, ад Канады да Чылі.

2

Для Украіны выйсьце адно — трывалы мір. А трывалы мір надыходзіць тады, калі праціўнік ня можа падняць галавы, таму што яе яму адарвалі

3

...тыя здраднікі, якія цяпер бегаюць па Данбасе з каларадзкімі стужачкамі і расейскімі сьцягамі (якія яны прафаніравалі і абразілі), маюць права толькі на адно: на добрыя эўрапейскія турмы, дзе яны будуць адбываць тэрмін за дзяржаўную здраду. Рана птушачка засьпявала: як бы котачка ня зьела.

4

Крым ня кінуць. Там жа людзі жывуць: крымскія татары, прыстойныя ўкраінцы, антыпуцінскія рускія. Дзеля гэтай меншасьці Крым не пакінуць Расеі на разарваньне. Праз перашыек людзі будуць бегчы ва Ўкраіну, пакуль Расею ня выкінуць адтуль разам з Чарнаморскім флётам і Гоблінам Аксёнавічам.

5

Данецка-палестынская аўтаномія ўзаконеная ня будзе. Так, яна паслужыць Крамлю пляцдармам для вар’яцкіх пірацкіх набегаў «каларадаў». І ўсё пойдзе па нотах знаёмай нам песьні: «Пусть ярость благородная вскипает как волна, идет война народная, священная война».

6

Украіна, хочацца верыць, яшчэ верне сабе Крым, калі кары зямныя і нябесныя спасьцігнуць Расею. А вось мы індульгенцыю нашу сабе ня вернем. Крым быў такой індульгенцыяй, букетам кветак, што мы ўсклалі на знак свайго раскаяньня на магілу загубленага ў нашых лягерах вялікага ўкраінскага паэта, якога параўноўваюць з Рыльке, — Васіля Стуса, і на безыменныя ўзгорачкі, пад якія ляглі мільёны ўкраінскіх сялянаў — ахвяраў Галадамору.

7

... Хай Расею вернуць эканамічна ў 1990 год. Каб вараная каўбаса была ў адной Маскве, каб алей быў па картках (200 грамаў у месяц), каб ні вустрыц, ні буцікаў, ні айфонаў, ні модных кафэ, ні іншамарак. 90% (або 80%) тых, якія падтрымалі Пуціна, выбралі Савецкі Саюз. Хай даведаюцца зноў, што гэта такое: чарга за косткамі, усеагульны дэфіцыт, жалезная заслона. Мы ўсё гэта пакорліва разьдзелім. Мы ведаем, за што.

8

Я б разарвала дыпляматычныя адносіны з Расіяй, як гэта зрабіла Грузія. Крым, як і Паўднёвая Асэтыя, захопленыя, і ўсім вядома, хто такія і ад каго прыйшлі Стралкоў і Барадай. Новаму прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнка лепш выбудоўваць адносіны з кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным «пры дапамозе буйнакаліберных кулямётаў». Я ня ведаю, як Парашэнка павінен сябе зь ім паводзіць, але, напэўна, Парашэнка, як чалавек сталы, гэта ведае лепш за мяне. Я б асабіста вітацца не змагла, хоць газ Украіне патрэбны. Але, можа, лепш яго купіць у Азербайджане або Туркмэністане?

9

Усім жыхарам паўднёва-ўсходняй Украіны, якія так горача жадаюць увайсьці ў склад Расіі, скажу адно: вы — дрэнныя грамадзяне для любой дзяржавы, таму што здраднікамі пагарджаюць усюды. Упэўнена, калі хтосьці дасьць даражэй, чым Расея, вы хутка абвясьціце яшчэ адзін «рэфэрэндум». Але ніхто нічога вам ужо ня дасьць. Расея, дарэчы, таксама, зарубіце сабе на носе. У Крыме «грамадзяне» таксама марылі аб расейскім раі. Цяпер жа на паўвостраве зьбіраюцца ўводзіць прадуктовыя карткі, а ваду правядуць да 2017 года. Пакуль жа расейскія крымчане пасядзяць без вады.

10

Я перакананая: калі Ўкраіна не даб’е гадзіну ў выглядзе расейскай пятай калёны, то гадзіна даб’е Ўкраіну. Сэпаратыстам прапаноўвалі ўсё: і дэцэнтралізацыю, і статус рускай мовы, і самакіраваньне. Але яны выбралі ролю Юды. Толькі Юда сам павесіўся, а гэтыя вешацца не зьбіраюцца, яны хочуць павесіць усю Ўкраіну. Тыя, хто заадно з агрэсарам — ворагі і здраднікі. Аб іх долі можна не клапаціцца, але афіцыйны Кіеў павінен выйграць бітву на Данбасе, інакш прайграе ўсю Ўкраіну.

Пра будучыню

Худы мір для Ўкраіны можа выглядаць так: Данбас будзе наймацнейшым тормазам на шляху рэформаў, каларады будуць палохаць НАТА сваімі рожамі і расейскімі сьцягамі так, што насуперак усім рэфэрэндумам (а рэфэрэндум цяпер дасьць добры вынік — Пуцін пастараўся), НАТА пабаіцца ўзяць да сябе Ўкраіну. Арганізацыя нясьмелая, Расеяй зашуганая, самі ведаеце. Данбас будзе мітынгаваць на карысьць Расеі, выхваляцца тым, што яны забівалі ўкраінцаў, адмяжоўвацца ад сваёй краіны. Атрымаўшы амністыю, каларады абяруць у мэры, губэрнатары і ў дэпутаты Рады сваіх любімых баевікоў, а ўжо Губарава і Панамарова — у першую галаву. Будуць рабаваньні па начах, таму што бандзюкі, якія вырваліся на апэратыўную прастору, ні ў шахты, ні ў аўтасэрвіс працаваць ня пойдуць. Каларады будуць патрабаваць рускіх школаў, каб ненавісная ім украінская мова зусім не гучала і нават дзеці яе не вучылі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG