Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя альпінізму паведаміла прозьвішчы беларусаў, якія загінулі на Камчатцы


Камчатка. Ключаўская сопка.

Камчатка. Ключаўская сопка.

Прадстаўнік прэзыдыюму Беларускай фэдэрацыі альпінізму Аляксей Харушка паведаміў Радыё Свабода падрабязнасьці гібелі двух беларускіх альпіністаў на вулькане Камень у Вусьць-Камчацкім раёне Камчаткі.

Трагедыя здарылася 11 ліпеня. Тады ў раён здарэньня вылецеў верталёт «МІ-8» МНС Расеі з шасьцю ратавальнікамі, якія сёньня знайшлі целы на вышыні 3400 мэтраў.

«На Камчатцы знаходзілася група з 8 беларускіх альпіністаў. У выніку трагічнага здарэньня загінулі беларускія альпіністы Сяргей Франкоўскі і Андрэй Крупадзёраў, якія былі зьвязаныя альпінісцкім рыштункам. Адзін сарваўся і пацягнуў другога за сабой», — паведаміў Аляксей Харушка.

Паводле ягоных словаў, Беларуская фэдэрацыя альпінізму зьвярнулася ў МНС Беларусі і МНС Расеі. Цяпер узгадняюць дзеяньні і абмяркоўваюць, як забраць целы. Іншыя альпіністы з групы спынілі свой паход і змогуць вярнуцца ў Беларусь разам зь нябожчыкамі.

«Такое можа здарыцца з кім заўгодна. Мяркуючы па ўдзельніках гэтай групы, загінулыя — прафэсійныя дасьведчаныя альпіністы. Я думаю, што гэта трагічны выпадак. Трэба адзначыць, што сярод беларускіх альпіністаў даволі рэдка такое здараецца, але гэта горы і экстрэмальныя ўмовы, таму імавернасьць заўсёды застаецца. Сярод нашых альпіністаў такія выпадкі бываюць раз на два гады, прычым не заўсёды з трагічным вынікам. Калі паглядзець статыстыку іншых краінаў, то гэта вельмі добры паказчык», — распавядае Аляксей Харушка.

«Камчатка — цяпер папулярны кірунак для альпіністаў, таму што там бязьлюдна, прыгожая прырода, цікавыя маршруты. Таксама беларускія альпіністы езьдзяць на Каўказ і ў Азію», — дадаў Аляксей Харушка.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык пацьвердзіў Радыё Свабода, што трагічнае здарэньне адбылося з грамадзянамі Беларусі:

«Аддзяленьне амбасады Беларусі ў Хабараўску гатовае аказаць судзеяньне, каб даставіць целы загінулых на радзіму».

Уладзімер Максімаў, кіраўнік аддзяленьня амбасады РБ у Хабараўску, кажа, што ўздымацца на гэтую гару ў ліпені было небясьпечна:

«Вызначана, што гэта грамадзяне Беларусі. Ім трохі больш за трыццаць гадоў. Там іх жонкі таксама прысутнічаюць. Яны ехалі групай — тры жанчыны і пяць мужчынаў. Прыехалі — не зарэгістраваліся ў МНС, як гэта звычайна бывае. Пэўная самаўпэўненасьць.

Гара гэтая вельмі небясьпечная. Туды трэба было хадзіць у траўні. Мясцовыя цяпер туды ня ходзяць, бо ў ліпені лёд рухаецца. Яны гэтага ня ведалі, ці ведалі і пайшлі на рызыку.

Двое загінулі. Астатнія выжылі. Тыя, хто выжыў, хацелі іх самастойна знайсьці, але не змаглі, бо іх далёка зьнесла. Зьвярнуліся ў МНС. Як толькі будзе афіцыйная інфармацыя, будзем паведамляць».

Пра гібель двух беларусаў паведамілі расейскія СМІ. Паводле іхняй інфармацыі, група беларускіх турыстаў пачала ўзыходжаньне на вулькан Камень у Вусць-Камчацкім раёне 9 ліпеня.

XS
SM
MD
LG