Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2015 годзе ў Беларусі пачынае дзейнічаць шэраг законаў, накіраваных на процідзеяньне розным аспэктам тэрарыстычнай дзейнасьці. Пра гэта паведамляе Белта.

У Крымінальны кодэкс унесеныя новыя артыкулы, у прыватнасьці, арт. 290-2 «Спрыяньне тэрарыстычнай дзейнасьці». Паводле артыкулу «за вярбоўку ці іншае ўцягваньне» чалавека ў тэрарыстычную дзейнасьць, роўна як і навучаньне ці іншую падрыхтоўку для ўдзелу ў такой дзейнасьці, будзе пагражаць да дванаццаці гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Новы артыкул 290-3 будзе прадугледжваць крымінальную адказнасьць і за праходжаньне навучаньня ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці — да дзесяці гадоў з канфіскацыяй.

Таксама ў кодэкс ўводзяцца арт. 290-4 «Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці альбо ўдзел у ёй» і арт. 290-5 «Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі». Акрамя гэтага, карэктуюцца арт.235 «Легалізацыя („адмываньне“) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам», арт.289 «Акт тэрарызму», арт.290-1 «Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці», арт.292 «Захоп будынкаў і збудаваньняў» і іншыя.

Паводле Белта, зьмены ў заканадаўства закліканыя, у тым ліку абцяжарыць фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, яны прыводзіць заканадаўства ў адпаведнасьць са стандартамі FATF (Група распрацоўкі фінансавых мераў барацьбы з адмываньнем грошай) — міжурадавай арганізацыі па барацьбе з адмываньнем грошай. Закон дазволіць беларускім банкам прыпыняць, адмаўляць у зьдзелках або разрываць адносіны з сумнеўнымі кліентамі пры ажыцьцяўленьні фінансавых апэрацый.

Зьмены ў заканадаўства мы папрасілі пракамэнтаваць рэдактара выданьня «Ежедневник», экспэрта ў дзейнасьці сілавых структураў Сяргея Сацука:

Сацук: Сёньня складана ацаніць мэту гэтых законаў, таму што, на мой погляд, пільнай неабходнасьці ў Беларусі для гэтых новаўвядзеньняў не было. Гэтыя законы пераважна скіраваныя супраць падрыхтоўкі і навучаньня тэрарыстаў. У Беларусі такое навучаньне не вядзецца і нават калі ўлічыць, што нейкая колькасьць беларусаў паехала ва Ўкраіну, то гэта пытаньне ўкраінскіх праваахоўных органаў, украінскага суду і ўкраінскіх заканадаўцаў.

Можна меркаваць, што беларуская ўлада, гледзячы на ўкраінскія падзеі, крыху спалохалася. У камэнтарах расейскіх СМІ наконт дзейнасьці розных заходніх фондаў ва Ўкраіне гаварылася, што падзеі ва Ўкраіне былі падрыхтаваныя Захадам і што гэтую падрыхтоўку майданаўцаў можна разглядаць, як падрыхтоўку тэрарыстаў.

Магчыма, у Беларусі спалохаліся, што і для Беларусі такая падрыхтоўка майданаўцаў будзе весьціся. Для прадухіленьня гэтага, магчыма, законы і прынятыя. Я ня думаю, што FATF настойваў на прыняцьці такіх законаў. Дзейнасьць беларускіх праваахоўных органаў па процідзеяньні тэрарызму FATF ацэньвае даволі высока, наколькі я ведаю.

Камэнтар Юрыя Дракахруста:

Дракахруст: Пакет антытэрарыстычных законаў можа мець некалькі мэтаў. Беларусы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на абодвух баках канфлікту, мэтай законаў можа быць прадухіленьне патоку як добраахвотнікаў, гэтак і наймітаў на канфлікты за межамі Беларусі.

Узгадка пра пажаданьні міжнароднай структуры, якая займаецца барацьбой з адмываньнем грошай, можа азначаць, што прынятыя законы — адна з формаў прагматычнага супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з Захадам. Міжнародны тэрарызм ня ведае межаў і прадухіленьне выкарыстаньня імі беларускай банкаўскай сыстэмы ў якасьці «пральні» Захад можа толькі вітаць.

Але існуе значная небясьпека, што новае антытэрарыстычнае заканадаўства будзе выкарыстоўвацца ў год выбараў для барацьбы з палітычнай апазыцыяй. Варта прыгадаць знакамітага «пацука» Сьцяпана Сухаренкі, колішняга шэфа КДБ РБ, які падчас выбараў 2006 году абвінавачваў апазыцыю ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў і дывэрсіяў і нават наўпрост пагражаў, што ўсе, хто возьме ўдзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў, могуць разглядацца як тэрарысты.

Магчыма спадчына генэрала Сухарэнкі, асабліва на тле падзеяў ва Ўкраіне, спатрэбілася беларускай уладзе зноў. Напярэдадні выбараў 2006 году таксама прымаўся пакет рэпрэсіўных законаў, у прыватнасьці, «Аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «Аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Апошні закон быў выкарыстаны тады супраць грамадзкай арганізацыі «Партнэрства», якая мелася ладзіць назіраньне за выбарамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG