Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Варшава ўзнаўляюць перамовы, спыненыя пяць гадоў таму


Беларусь і Польшча пасьля амаль пяцігадовага перапынку ўзнаўляюць перамовы аб транспамежнай супрацы.

14–15 ліпеня ў Менску пройдзе дзявятае паседжаньне Беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнай супрацы. Папярэдняя, восьмая, такая сустрэча праходзіла ў Варшаве яшчэ ў верасьні 2009 году.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык распавёў Свабодзе:

«Камісія разгледзіць шырокае кола пытаньняў, у тым ліку памежнае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, працу пунктаў пропуску і інфраструктуры на беларуска-польскай мяжы, а таксама іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць.

Дэлегацыі на перамовах узначаляць сустаршыні камісіі: беларускую — намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Гур’янаў, польскую — першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Пётар Стаханьчык. Няхай ня дзівіць, што кіраўнікі дэлегацыяў прадстаўляюць розныя міністэрствы. Транспамежнае супрацоўніцтва ахоплівае шырокае кола пытаньняў. І таму ў нас іх каардынуе МЗС, а ня нейкае іншае міністэрства. А ў нашых суседзяў крышачку іншы падзел працы, крышачку іншая кампэтэнцыя».

«Вельмі пазытыўным крокам» называе сустрэчу беларускіх і польскіх экспэртаў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец:

«У межах гэтай камісіі шмат што зроблена добрага для жыхароў абедзьвюх краін, якія жывуць паблізу ад дзяржаўнай мяжы. Больш за тое, наколькі я ведаю, некаторыя дакумэнты ўжо нават падпісаныя. Але дагэтуль не рэалізаваныя.

Зьвярніце ўвагу на дату. Апошні раз бакі сустракаліся ўвосень 2009 году ў Варшаве. Тады беларуска-польскія стасункі былі больш-менш нядрэнныя. А пасьля — прэзыдэнцкія выбары, Плошча і г.д. Тады і ўзьнікла праблема з рэалізацыяй дамоўленасьцяў. Калі цяпер воз нарэшце зрушыцца зь месца, то гэта стане добрай справай».

Беларуска-польская міжурадавая каардынацыйная камісія па справах транспамежнага супрацоўніцтва была створана на падставе Пагадненьня паміж урадамі абедзьвюх краін ад 24 красавіка 1992 году. Яе задача — каардынацыя агульных напрамкаў, праграмаў і формаў транспамежнага супрацоўніцтва. У камісіі дзейнічаюць чатыры падкамісіі: прыпамежнага супрацоўніцтва, міжрэгіянальнага, тэрытарыяльнага плянаваньня і пунктаў пропуску і інфраструктуры.

XS
SM
MD
LG