Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Луганску з раніцы працягваюцца баі паміж сіламі антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) і сэпаратыстамі.

Нягледзячы на тое, што пэўная колькасьць узброеных прарасейскіх сілаў пакінула горад, украінскае кіраўніцтва заклікае жыхароў пазьбягаць усходніх раёнаў гораду і не выходзіць з дамоў бязь пільнай патрэбы.

Пра сытуацыю ў горадзе распавядае старшыня праўленьня Луганскага праваабарончага цэнтру «Поступ» Канстанцін Рэўцкі.

Ці можна казаць, што Луганскі аэрапорт цалкам вызвалены ад тэрарыстаў?

Аэрапорт ня быў заняты тэрарыстамі, ён быў заблякаваны. Ноччу туды прыйшло падмацаваньне ўкраінскіх сілавікоў, і блякада была зьнятая, але пакуль ня цалкам. Казаць пра поўную перамогу ў раёне аэрапорту пакуль нельга.

За мінулыя суткі загінула 6 мірных жыхароў. Гэта значыць, што абстрэлы вядуцца ў жылых кварталах?

Так, у прыгарадах Луганску цягам апошніх сутак у выніку артылерыйскіх і мінамётных абстрэлаў баевікоў загінула 6 мірных жыхароў, яшчэ столькі ж шпіталізавана. Баевікі і цяпер працягваюць абстрэльваць жылыя кварталы. На жаль, калі адбываецца збройнае супрацьстаяньне, то страты і сярод мірнага насельніцтва непазьбежныя.

Распавядзіце пра бытавыя ўмовы жыцьця ў Луганску. Ці ўсе тавары ёсьць у крамах, ці працуюць камунальныя службы?

Сытуацыя з прадуктамі пакуль не крытычная, але шмат чаго ўжо пачынае не хапаць. Гэта зьвязана з тым, што каля 40% насельніцтва Луганску выехала з гораду, у выніку чаго некаторыя крамы перасталі працаваць на поўную магутнасьць, што і пацягнула за сабой дэфіцыт некаторых тавараў. Разам з тым сказаць, што горад у стане блякаднага Ленінграду, таксама нельга. Мэрыя нават кажа, што ў Луганску працуюць усе камунальныя службы, рамантуюцца дарогі, часткова функцыянуе грамадзкі транспарт. Таксама з гораду можна свабодна выехаць чыгункай у кірунку Кіева. У кірунку Масквы цягнікі, вядома, ня ходзяць, бо тэрарысты ўзарвалі ўчастак чыгункі таго адгалінаваньня.

На вашу думку, на якой стадыі вызваленьне Луганску ад тэрарыстаў у рамках АТА?

Я думаю, што на гэтае пытаньне ніхто зараз не адкажа. Вельмі шмат залежыць і ад волі камандаваньня АТА, і ад прафэсіяналізму ўкраінскіх байцоў, і ад таго, наколькі будуць супраціўляцца баевікі. Але да гэтага часу мы бачылі, што АТА моцна тармозіцца зь вельмі дзіўных прычынаў, якія складана лягічна патлумачыць. І ўсе гэтыя прычыны зьвязаныя з пазыцыяй украінскага камандаваньня. Усё можна было б зрабіць нашмат хутчэй, а яшчэ можна было б лёгка не дапусьціць сытуацыяў, ахвярамі якіх становяцца мірныя жыхары.

XS
SM
MD
LG