Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына — чэмпіён! Мэсі — найлепшы. Пра Расею ўсе забылі


Зборная Нямеччыны ў фінале чэмпіянату сьвету па футболе выйграла ў каманды Аргентыны 1:0. Асноўны час завяршыўся ўнічыю 0:0.

Падчас овэртайму пераможны гол забіў Марыё Гёцэ, прызнаны найлепшым гульцом фіналу. «Залаты мяч» — прыз найлепшаму гульцу чэмпіянату сьвету — атрымаў аргентынец Ліянэль Мэсі. Найлепшым брамнікам турніру прызнаны Мануэль Нойер, галкіпер зборнай Нямеччыны.

Найлепшым бамбардзірам стаў форвард зборнай Калюмбіі Джэймс Радрыгес, які забіў 6 мячоў. Француз Поль Погба прызнаны найлепшым маладым футбалістам. А прыз «Фэйр плэй» дастаўся зборнай Калюмбіі.

Зборная Нямеччыны заваявала свой чацьвёрты чэмпіёнскі тытул. Раней чэмпіянат сьвету немцы выйгравалі ў 1954, 1974 і 1990 гадах (у першых двух выпадках каманда выступала пад сьцягам ФРГ). Такім чынам, упершыню ў гісторыі каманда з Эўропы выйграла чэмпіянат сьвету, які праходзіў на тэрыторыі Лацінскай Амэрыкі. Гэта, вядома, гістарычнае дасягненьне, якога не маглі ў свой час дамагчыся ні выдатная каманда Чэхаславаччыны ў 1962 годзе, ні легендарныя «лятучыя галяндцы» ў 1978-м, ні італьянцы ў Мэксіцы-1970, ні тыя ж футбалісты зборнай ФРГ у той жа Мэксіцы-1986.

Адваротны прыклад таксама існуе ў «адзіным экзэмпляры»: зборная Бразіліі выйграла чэмпіянат сьвету ў 1958 годзе ў Эўропе — у Швэцыі. Усяго ж «барацьба кантынэнтаў» пакуль вядзецца на карысьць Старога Сьвету: эўрапэйскія зборныя перамагалі на чэмпіянатах сьвету 11 разоў, а лацінаамэрыканскія — 9. Нямеччына дамаглася сваёй гістарычнай перамогі, зь вялікімі намаганьнямі падавіўшы Аргентыну сілай і тэхнікай, але не аўтарытэтам. Упартая барацьба ў фінале часам была далёкай ад сапраўднай футбольнай прыгажосьці, але ў чым-чым, а ў адсутнасьці вастрыні і высокай напружанасьці гульцоў папракнуць нельга.

Немцы ў чарговы раз паказалі высокі ўзровень, даўно ўжо злавіўшы, так бы мовіць, «футбольны трэнд», зьвязаны са зьяўленьнем у складзе зборнай Нямеччыны яркіх гульцоў, якія прадстаўляюць розныя футбольныя школы. На самой справе: Клозэ і Падольскі — выхадцы з Польшчы, Баатэнг — з Ганы, Хэдзіра — з Туніса, Азіл — з Турцыі, а яшчэ зусім нядаўна ў запасе зборнай Нямеччыны лічыўся бразілец Кака.

Вядома, аб нацыянальнасьці або этнічных каранях гаворка не ідзе, проста гэтыя футбалісты ўзбагацілі футбольную Нямеччыну менавіта разнастайнасьцю футбольных школ, памножаных на ўсе клясычныя прыкметы так званага «нардычнага футбола». Гэты тэрмін сёньня амаль забыты, але, паглядзеўшы на гульню і цяперашняй зборнай Нямеччыны, і каманды ФРГ ўзору 1974 года, лёгка вызначыць усе галоўныя рысы гэтага футбольнага стылю. Увогуле, Нямеччына перамагла абсалютна заслужана. Яна зараз — лепшая ў сьвеце і па месцы ў футбольнай іерархіі, а таксама па прыгажосьці і моцы гульні адначасова. Цікава, што падобны стыль спрабаваў прышчапляць зборнай Расеі італьянскі трэнер Фабіа Капэла. Вось толькі пра зборную Расеі цяпер ніхто не ўзгадвае.

XS
SM
MD
LG