Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На «Славянскім базары» прадаюць літоўскія дранікі і ўкраінскія вышыванкі (ФОТА)


14 ліпеня — апошні дзень фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску. Ён быў самы непрацяглы за апошнія гады — доўжыўся 5 дзён. Што рабілі гэтым часам віцябляне і госьці горада, якія імпрэзы наведвалі і ці шмат грошай патрацілі на фэстывальныя забавы?

Бавіць час у фэстывальным Віцебску большасьць любіць зусім не на канцэртах у Летнім амфітэатры. Самымі папулярнымі забавамі сталі сёлета вулічныя, бясплатныя імпрэзы, накшталт забегу на абцасах ці выступы самадзейных выканаўцаў. Яшчэ папулярнасьцю карыстаюцца распродажы сувэніраў і вырабаў народных майстроў на «Задзьвінскім кірмашы», або мастацкія вэрнісажы на вуліцы Суворава. Там заўжды шмат людзей.

Вадзім Кузьмін

Вадзім Кузьмін

Але далёка ня ўсе нешта набываюць, дзеліцца назіраньнямі калекцыянэр Вадзім Кузьмін. Штогод падчас «Славянскага базару» ён прапануе нейкія рарытэтныя рэчы — старыя фотаапараты, посуд і прадметы побыту, іншыя цікавосткі. Аднак сёлета да яго часьцей зьвяртаюцца, каб нешта прадаць, а не набыць:

«Фэстываль год ад году ўсё горшы. Ніхто нічога не купляе. Наадварот: раней людзі падыходзілі, хваліліся, што ў іх ёсьць, казалі, што ніколі з гэтым не раcстануцца... А цяпер прапануюць набыць добрыя рэчы і за мінімальны кошт, які мы можам даць. Вось так людзей прыціснула агульнае падвышэньне коштаў. І тыя, хто гандлюе па суседзтву, таксама кажуць: «Больш мы на гэты „Базар“ не паедзем, бо людзі нічога не купляюць».

На фэстывальныя канцэрты спадар Вадзім ня ходзіць:

«Не, не хадзіў на канцэрты. Толькі ў тэатар схадзіў. А сядзець недзе на ўскрайку на другарадным нейкім канцэрце — ня хочацца!»

Наконт канцэртаў віцябляне адзінадушныя: выступы артыстаў, пераважна расейскіх эстрадных зорак, разьлічаны выключна на аматараў. Спадарыня Людміла прыяжджае да віцебскіх сваякоў з Глыбокага, але нічога новага ў параўнаньні зь мінулымі фэстывалямі для сябе не ўбачыла. Проста прагуляцца ў цэнтар гораду — гэта і азначае для многіх «пабываць на фэстывалі»:

«Прайсьціся, паказацца ў новых пантофлях, паглядзець, у чым выйшла суседка... А так, „Славянскі базар“ — гэта ўжо сумна, на канцэрты ўжо ня хочацца. Тым болей, што канцэрты гэтыя былі і летась, і пазалетась, і ўсё адно й тое самае. Вось колькі гадоў „Славянскаму базару“, столькі тут, напэўна, сьпяваюць Кіркораў і Бабкіна»...

Украінскія вяночкі сталі папулярным таварам

Украінскія вяночкі сталі папулярным таварам

На думку спадарыні Людмілы, фэстывалю істотна бракуе тутэйшага, беларускага калярыту:

«Хочацца, каб фэстываль праходзіў пад знакам беларускасьці, нашай адметнасьці. Вось мне спадабаліся ўкраінцы: на іхныя вышыванкі ўсе зьбіраліся паглядзець. Але ж набыць украінскую вышыванку ня хочацца — хочацца сваю, з віцебскага, глыбоцкага, полацкага строю. А гэтага — няма!»

Віцябляне шукаюць на «Славянскім базары» нацыянальнага і адметнага, прыкладам, стоячы ў чарзе па дранікі — але не беларускія, а літоўскія. У тым месцы, дзе стаяць літоўскія гандляры, рамесьнікі ды самадзейныя артысты, заўсёды шмат наведнікаў. Купляюць украінскія вышыванкі ці вяночкі са стужкамі.

На літоўскім "падворку"

На літоўскім "падворку"

Дарэчы, прадстаўніца Ўкраіны, 8-гадовая Настасься Багінская атрымала сёлета Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу. Першая прэмія дасталася беларусцы Зінаідзе Купрыяновіч, а адмысловы прыз ад Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі атрымала другая наша ўдзельніца, Мілана Рэдчанка.

Што да конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песьні, то па выніках двух спаборніцтваў большую колькасьць балаў набраў Радрыга дэ ля Кадэна, прадстаўнік Мэксыкі — 186 балаў. Трэцюю пазыцыю па колькасьці балаў займае ўкраінка Вераніка Дораш, якая 12 ліпеня выйшла выступаць у сукенцы колераў нацыянальнага сьцяга. Беларус Артур Міхайлаў — на сёмай пазыцыі пасьля лідэра, прадстаўнік Расеі, Злат — на дзесятай.

Беларускія майстры

Беларускія майстры

Гэта папярэднія вынікі, якія сталі вядомыя каля поўначы. Конкурсныя месцы могуць быць падзеленыя паміж двума выканаўцамі, а цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў пройдзе 14 ліпеня ў віцебскай філярмоніі. Увечары, а 22 гадзіне ў Летнім амфітэатры мае адбыцца закрыцьцё 23-га фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску».

XS
SM
MD
LG