Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Афганістане пералічаць 8 млн галасоў. Бюлетэні з правінцыяў даставяць вайскоўцы НАТО


Кандыдаты на прэзыдэнта Афганістану Ашраф Гані і Абдула Абдула

Кандыдаты на прэзыдэнта Афганістану Ашраф Гані і Абдула Абдула

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што ў выніку перамоваў, якія прайшлі ў Кабуле з кандыдатамі ў прэзыдэнты Афганістану Ашрафам Гані і Абдулой Абдулой была дасягнутая дамоўленасьць аб пераліку галасоў. Паводле яго словаў, пад кіраўніцтвам міжнародных назіральнікаў будуць пераправераныя ўсе 8 млн бюлетэняў.

Кэры адзначыў, што абодва кандыдаты пагадзіліся прызнаць вынікі пераліку галасоў і заявілі аб неадкладным фармаваньні ўраду нацыянальнага адзінства ў выпадку сваёй перамогі.

Пералік бюлетэняў пачынаецца 13 ліпеня ў Кабуле. Выбарчыя скрыні зь бюлетэнямі з правінцыяў у афганскую сталіцу даставяць вайскоўцы НАТО.

Джон Кэры прыбыў у Кабул 11 ліпеня для садзейнічаньня палітычнаму ўрэгуляваньню спрэчкі паміж палітыкамі, якія прэтэндуюць на найвышэйшую пасаду ў Афганістане.

Паводле папярэдніх вынікаў выбараў, якія адбыліся 14 чэрвеня, Ашраф Гані набраў больш галасоў, чым Абдула Абдула, які лічыць абвешчаныя вынікі выбараў несправядлівымі і які назваў іх «антынародным» пераваротам.

XS
SM
MD
LG