Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Славянскі базар» цалкам «заточаны» пад расейшчыну


"Пагоня" на гербе вобласьці. Каб яшчэ напісалі па-беларуску.

"Пагоня" на гербе вобласьці. Каб яшчэ напісалі па-беларуску.

Суботняе пахаладаньне адбілася на колькасьці людзей у цэнтры горада: ахвотных набыць сувэніры на «Задзьвінскім кірмашы» ці ў «Горадзе майстроў» істотна паменела.

Між тым якраз гэткім чынам звычайна бавяць час на «Славянскім базары» жыхары Віцебску: фэстывальныя канцэрты вабяць далёка ня ўсіх, дый квіткі на іх дарагія.

Двое хлопцаў і дзьве дзяўчыны пад прагульваюцца па вуліцы Суворава пад парасонамі:

«Проста выйсьці ў горад таксама прыемна — калі на канцэрт хадзіць ня хочаш», — гаворыць хлопец.

Продаж сувэніраў

Продаж сувэніраў

Ягоная спадарожніца працягвае:

«Проста так ходзім, глядзім, што дзе прадаецца — і ў крамах, і на вуліцы. Сувэніры разглядаем».

«Так-так, разглядаем сувэніры, вунь там манэткі адчаканілі, тут карціны ёсьць, падзелкі розныя. Купляем розную драбязу», — хваліцца набыткамі другі хлопец.

«І папіць што-небудзь смачнае можна. Адным словам, для нас — нармальна,» — завяршае размову сяброўка.

Нешта «папіць», а таксама зьесьці можна ў фэстывальным цэнтры на кожным кроку. Алькагольныя напоі — на любы густ, кандытарскія вырабы, шашлык, каўбаскі, бутэрброды — таксама ў шырокім асартымэнце. Толькі віцябляне ў непагадзь найчасьцей сядзяць дома.

Харчовыя кропкі – на кожным кроку

Харчовыя кропкі – на кожным кроку

Затое прыезжыя — а пераважна гэта госьці з Расеі — наведваюць «кропкі» грамадзкага харчаваньня. Ім у фэстывальным Віцебску падабаецца. Па-першае, у крамах усё танна, калі параўноўваць з Масквой, па-другое, тут «спакойна», — гаворыць спадар Віталь:

«Прыехаў адмыслова з Масквы, каб пагуляць. Тут чыста, прыгожа, спакойна і бясьпечна. А гэта немалаважна! І сэрвісам мы задаволеныя, і транспартным рухам. І ўсё тут сканцэнтравана на невялікай тэрыторыі, можна за дзень ці за два ўвесь горад уважліва агледзець і абыйсьці».

Пакупнікі ўкраінскіх вышыванак

Пакупнікі ўкраінскіх вышыванак

На прыезжых з Расеі, уласна, і разьлічана ўсё на «Славянскім базары»: зрэдзьчас сустракаюцца беларускамоўныя шыльды і назвы, але большасьць надпісаў — па-расейску. Іншых замежных моваў, бадай што, і не сустрэнеш. Хіба толькі на вакзале цягнікі абвяшчаюць па-ангельску — гэта засталося яшчэ ад часу менскага чэмпіянату сьвету па хакеі.

На фэстывальных імпрэзах — таксама пераважна расейскія эстрадныя «зоркі». Сустракаюць іх тут па-рознаму. Прыкладам, гледачы канцэрту Філіпа Кіркорава чакалі выканаўцу амаль гадзіну — пакуль рабочыя змантуюць дэкарацыі. Але, хоць канцэрт пачаўся і са спазьненьнем, усе крыўды былі забытыя, артыста прымалі добра. Хоць квіткі былі разабраныя ня ўсе.

А вось на канцэрце Надзеі Кадышавай увогуле засталіся пустымі некалькі сэктараў у Летнім амфітэатры. З аншлягам прайшоў выступ «Хора Турэцкага», а вось учорашні канцэрт, прысьвечаны дню Саюзнай дзяржавы, спадабаўся ня ўсім: атмасфэра, казалі, была занадта афіцыёзнай.

Перад самым пачаткам фэстывалю мастацтваў на прэсавай канфэрэнцыі было абвешчана, што ў наступным годзе «Славянскі базар у Віцебску» мусіць стаць самаакупным. Сёлета, паводле афіцыйных падлікаў, фэст мусіць акупіцца толькі на 76-77%. Увогуле ж бюджэт «Славянскага базару-2014» складае 43 681 000 000 рублёў. 6 мільярдаў з гэтай сумы — выдаткі з прэзыдэнцкага фонду, 4,5 мільярды — з бюджэту Саюзнай дзяржавы. 65 мільёнаў выдаткавана Міністэрствам культуры, 250 мільёнаў — Віцебскім аблвыканкамам. Астатнія фінансавыя сродкі паступілі ад спонсараў.

"Жывая статуя"- упершыню ў Віцебску

"Жывая статуя"- упершыню ў Віцебску

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG