Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве — выстава зброі, канфіскаванай у сэпаратыстаў (ФОТА)


У Кіеве на тэрыторыі музэя гісторыі Вялікай айчыннай вайны адкрылася выстава зброі, якую выкарыстоўвалі сэпаратысты ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. Пераважна яна вывезена са Славянска, які быў вызвалены ўкраінскай арміяй на мінулым тыдні.

Выставу разгарнулі літаральна ў адзін дзень. Як кажуць вайскоўцы, яшчэ ўчора прэзыдэнту Пятру Парашэнку былі прадстаўленыя суправаджальныя дакумэнты, што пацьвярджаюць расейскае паходжаньне тэхнікі і зброі. А сёньня шараговыя наведнікі могуць самастойна агледзець узоры канфіскаванай зброі і пры жаданьні параўнаць з тым, што на гэты конт па тэлебачаньні распаўсюджвае расейская прапаганда.

На імправізаванай выставе прадстаўленыя розныя мадыфікацыі РПГ, ручная ўстаноўка "Ігла", супрацьпяхотныя міны, ПЗРК, БМ-21 "Град", самаходная артылерыйская зброя "Нона" і супрацьпяхотныя міны Мон-50, якія не выпускаюцца ва Ўкраіне. Ці агнямёт "Шмель", якога таксама няма на узбраеньні ўкраінскай арміі.

Але ёсць тут і сапраўды рарытэтныя экспанаты – напрыклад, супрацьтанкавая зброя ажно 1944 года вытворчасьці, выкрадзеная тэрарыстамі зь мясцовых музэяў.

Кожны экспанат ахоўваюць вайскоўцы. Яны кажуць, што праз два дні выстава будзе згорнутая, а цягачы, з дапамогай якіх тэхніку прывезьлі ў Кіеў, павернуцца на ўсход. Туды, дзе па-ранейшаму вядуцца баявыя дзеяньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG