Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб была больш рашучай Эўропа, вайна ва Ўкраіне спынілася б, — апытаньне ў Берасьці


Як спыніць вайну ва Ўкраіне? Што для гэтага магла б зрабіць Беларусь? На гэтыя пытаньні выказваліся берасьцейцы.

Спадарыня: Самі яны павінны там думаць, што робяць. Самі забіваюць адзін аднаго, больш нічога там ня робяць... Так што ня ведаю... Трэба задумацца, што яны самі зьнішчаюць сябе, сваю нацыю. Вось і ўсё, больш ня ведаю, што ім сказаць.

Сталая спадарыня: Калі б Эўропа сапраўдныя эканамічныя санкцыі ўвяла і выступала больш рашуча, то даўно б спынілася вайна ва Ўкраіне. А Беларусь адно магла б зрабіць — не падтрымліваць Расею, не даваць размяшчаць на тэрыторыі Беларусі расейскія вайсковыя часткі. Хаця б гэта магла зрабіць як суседка.

Спадар: Нашы там ніякага ўплыву ня могуць аказаць. Як спыніць вайну? Ніяк ты яе ня спыніш! Вечна яна практычна будзе... Расея дабіваецца гэтага, каб, як і на Бліжнім Усходзе, таксама мець канфлікт гэты. Як у Сырыі... І ўсё...

Дзяўчына: Я ня думаю, што Беларусь можа садзейнічаць неяк заканчэньню гэтай вайны. Па-першае, Беларусь тут ні пры чым, ды яе там ніхто і слухаць ня будзе. Па-другое, Лукашэнку ўжо і нявыгадна лезьці далей, бо ён ужо афіцыйна прызнаў Парашэнку прэзыдэнтам. Я думаю, што лепей за ўсё было б закончыць вайну мірам. Але на гэта самі сэпаратысты не пагодзяцца. Яны ж не пагодзяцца, каб гэтыя рэспублікі засталіся часткай Украіны.

Спадар: Для таго, каб спыніць кровапраліцьцё, мне падаецца, што трэба, каб два бакі сыйшліся разам і вырашылі гэтае пытаньне мірам, а ня зброяй. Ня бомбамі ды гранатамі... Што яны там свае разборкі ўчынілі за Данбас — гэта, канешне, вельмі непрыгожа. І мне асабіста непрыемна бачыць, як гэта Эўразьвяз падтрымлівае, ды Амэрыка... Мне падаецца, што ў славянскіх пытаньнях павінныя разьбірацца славяне...

Бабулька: А халера іх ведае, як ім там спыніць гэтую вайну... Можа трэба ісьці на іх са зброяй якой...

Карэспандэнт: На каго?

Бабулька: На Ўкраіну, на таго Парашэнку. Парашэнка нікому не падначальваецца, і за стол перамоваў ня хоча садзіцца. Ён жа абяцае, што спыніць той абстрэл, а сам усё роўна страляе. Яго ніякія сілы, напэўна, ня спыняць, бо ён упарты як баран...

XS
SM
MD
LG