Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ прадставіла сьведчаньні таго, што Расея фінансуе тэрарыстаў


Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала схемы фінансавых патокаў для вярбоўкі наймітаў, выплаты ім грашовай узнагароды за забойства ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў, канфіскавала звыш 22 млн грн наяўнымі, заблякавала 25 рахункаў з 50 млн грн.

Як паведамляе прэс-цэнтар СБУ, доказы злачынстваў прадстаўленыя ў Кіеве ў мэмарыяльным комплексе Нацыянальнага музэя Вялікай айчыннай вайны на адмысловай выставе.

СБУ прадставіла сьведчаньні таго, што Расея фінансуе тэрарыстаў-наймітаў, вярбуе і рыхтуе баевікоў на сваіх вайсковых базах, ажыцьцяўляе адкрытую інфармацыйную агрэсію ў Інтэрнэце.

«Падрабязныя прызнаньні затрыманых наймітаў і дывэрсантаў ГРУ ГШ РФ, пашпарты і вайсковыя білеты расейскіх грамадзян, сэпаратысцкія агіткі – усё гэта рэчавыя доказы, канфіскаваныя ў фігурантаў крымінальных справаў, пачатых СБУ паводле арт. 109 (дзеяньні, накіраваныя на гвалтоўную зьмену або зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады), арт. 110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны), арт. 111 (дзяржаўная здрада), арт. 113 (дывэрсія), арт. 114 (шпіянаж), арт. 258-258-5 (тэрарыстычны акт, стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі, фінансаваньне тэрарызму) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. СБУ апублікавала схемы фінансавых патокаў для вярбоўкі наймітаў, выплаты ім грашовай узнагароды за забойства ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў. Украінская спэцслужба канфіскавала больш за 22 мільёны грыўняў наяўнымі, заблякавала 25 рахункаў з 50 млн грыўняў», – гаворыцца ў паведамленьні.

Кіраўнік сьледчага падразьдзяленьня СБУ Васіль Воўк адзначыў, што сьледчымі СБУ пачата дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальных працэсах у дачыненьні да 16 грамадзян РФ, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці спэцслужбаў Расеі, 72 грамадзян Украіны, якія падазраюцца ў замаху на канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, дзяржаўнай здрадзе, дывэрсіях.

«160 грамадзян Украіны падазраюцца ў тэрарызьме, масавых беспарадках, кантрабандзе зброі. Большасьць зь іх, і гэта ўжо даказана, дзейнічалі па ўказцы расейскіх спэцслужбаў», – падсумаваў Воўк.

Як паведаміў УНІАН, 12 ліпеня ў Кіеве на тэрыторыі Нацыянальнага музэя Вялікай айчыннай вайны адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё выставы доказаў датычнасьці Расеі да падтрымкі тэрарыстаў, якія дзейнічаюць на ўсходзе Ўкраіны.

У экспазыцыі выстаўлены захопленыя ўкраінскімі вайскоўцамі дакумэнты, зброя і баявая тэхніка, якія былі перададзеныя баявікам з РФ. Сёньня ў музэі супрацоўнікі СБУ, Міністэрства абароны і МУС прадэманстравалі запрошаным дыпляматам, акрэдытаваным ва Ўкраіне, зброю, а таксама дакумэнты, якія сьведчаць аб расейскім паходжаньні ўзбраеньня і людзей, якія ваююць на баку тэрарыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG