Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь п’е — бо пустэча ў душах і алькаголь даступны


Стомленая алькаголем жанчына на ўскраінным прыпынку ў Магілёве

Стомленая алькаголем жанчына на ўскраінным прыпынку ў Магілёве

На Магілёўшчыне амаль кожны школьнік ужываў алькаголь. Паводле вынікаў ананімнага апытаньня, у гэтым прызналіся 90 працэнтаў непаўналетніх. На прафіляктычным уліку абласнога наркалягічнага дыспансэру — каля тысячы падлеткаў. Чатыры зь іх маюць дыягназ «алькагольная залежнасьць». Чаму п’е моладзь і хто падбівае яе да алькаголю?

Пытаньні пра цягу моладзі да алькаголю падпітыя моладзевыя кампаніі ўспрымаюць або кпліва, або агрэсіўна. Нічога заганнага ва ўжываньні алькагольных напояў маладзёны ня бачаць, аднак гутарыць на гэтую тэму адмаўляюцца. Найчасьцей для сваёй тусоўкі з алькаголем абіраюць месцы ў сквэрах або ў школьных дварах.

«Першы раз я выпіў, калі мне было гадоў шаснаццаць. Гэта было піва», — прызнаецца малады хлопец у двары аднаго са спальных раёнаў Магілёва. Быў у кампаніі, тлумачыць, і ня змог адмовіцца:

«Калі ты сядзіш у кампаніі і табе прапануюць выпіць, а ты кажаш: „Не, я ня буду“, то цябе даймаюць: „Што ты, нам ня сябар, значыць, ты нас не паважаеш? У нашай кампаніі табе хранова — значыць, ты ня з нашых“. Тады глядзіш — усе выпіваюць. А калі чалавек п’яны, — дзеліцца першымі сваімі ўражаньнямі ад ужываньня алькаголю суразмоўца, — у яго выпрацоўваецца адрэналін, табе падаецца, што ты ўсё можаш. Адчуваеш, што ты ўладар сусьвету, і пачынаеш тварыць тое, ад чаго на раніцу ў шоку».

Для новага майго знаёмца, як ён цьвердзіць, ужываньне алькаголю скончылася без асаблівых наступстваў. Праз тры гады, кажа, завязаў. Паводле яго, некаторыя прыяцелі так і ня здолелі суняцца, і цяпер ён іх часта бачыць ля крамаў у стракатай кампаніі гэтак званых «бічоў».

Маладыя людзі заяўляюць, што піва ў іхных кампаніях — гэта перадусім элемэнт камунікацыі. Моцныя ж алькагольныя напоі ў моладзевым асяродзьдзі непапулярныя.

Што, нашы дзеці растуць і ня бачаць, што ў нас адбываецца ў грамадзтве?

У Магілёўскім наркалягічным дыспансэры не выключаюць: шмат хто з тых школьнікаў, якія ў ананімным апытаньні прызналіся, што хоць раз ужывалі алькаголь, маглі зь ім пазнаёміцца і ў сям’і. «Што, нашы дзеці растуць і ня бачаць, што ў нас адбываецца ў грамадзтве?» — рэагуе на просьбу пракамэнтаваць агучаныя вынікі апытаньня супрацоўніца дыспансэру. — Алькаголь — гэта адзін з атрыбутаў дарослага жыцьця. Зразумела, яны яго каштуюць рана ці позна. Што зь імі будзе ў пэрспэктыве — гэта ж невядома. Нейкі працэнт, вядома, усё ж прыйдзе да алькагольнай залежнасьці».

Паводле суразмоўніцы, на прафіляктычным уліку ў дыспансэры стаяць 937 маладых людзей. Бальшыню зь іх затрымала міліцыя, калі яны ў грамадзкім месцы ўжывалі алькаголь. У вобласьці дыягназ «алькагольная залежнасьць» маюць чацьвёра непаўналетніх.

На думку дарослых, падлеткі ўцягваюцца ў гульні з алькаголем раней за шаснаццацігадовы ўзрост. Паўплываць на іхныя паводзіны, заяўляюць мінакі на магілёўскіх вуліцах, ня ў стане нават бацькі. Староньнія ж людзі абмінаюць моладзевыя кампаніі, бо іх баяцца:

«Гадоў з чатырнаццаці пачынаюць піць, — заяўляе адзін зь мінакоў. — Я яшчэ пры Савецкім Саюзе нарадзіўся — было недаступна піва і ўсё астатняе. Цяпер гэта ўсё лёгка купляецца. Гэта такія „панты“ моладзі. Дый адукацыя цяпер... Я вось баяўся настаўнікаў, а цяпер ім усё абыякава. І неадэкватныя паводзіны ў іх нават пасьля бутэлькі піва. Ня ўмеюць яны піць».

Яшчэ адзін суразмоўца цьвердзіць, што падлеткі калькуюць паводзіны дарослых. Іншага спосабу расслабіцца яны ня маюць, зазначае мужчына сярэдняга веку:

«Яны ня могуць знайсьці сябе ў іншым напрамку. А сям’я і атачэньне фармуюць стаўленьне да алькаголю».

Дарослыя самі вучаць сваіх дзяцей піць і закладаюць тым самым мадэль паводзінаў на ўсё жыцьцё, — зазначае яшчэ адна супрацоўніца наркалягічнага дыспансэру.

Зь дзяцінства яны цудоўна ведаюць, што калі ў цябе сьвята, то трэба выпіць

«Яны бачаць, што людзі зь любой нагоды сядаюць за стол. Паховіны — п’янка, Вясельле — п’янка. У нас такім чынам адзначаюцца ўсе сьвяты. Зь дзяцінства яны цудоўна ведаюць, што калі ў цябе сьвята, то трэба выпіць. Да 18 гадоў усе практычна маюць досьвед ужываньня алькаголю».

Нарколяг адзначае, што алькагалізм яшчэ называюць хваробаю занятасьці: «Алькаголь — гэта мыліца, зь якой чалавек ідзе па жыцьці. Калі няма апірышча і пустэча ў душы. Усё гэта трэба запаўняць. І ўсё гэта запаўняецца алькаголем».

Яшчэ адна жыхарка Магілёва заўважыла, што ня бачыць сэнсу гаварыць пра п’нства ў моладзевым асяродзьдзі, пакуль алькаголь застаецца нязьменным атрыбутам сьвяткаваньня на афіцыйных мерапрыемствах. Паводле яе, дзяржава такім чынам стымулюе ўжываньне алькаголю, нягледзячы на заявы пра барацьбу з алькагалізмам:

«На ўсіх гэтых гуляньнях шчодра прадаецца алькаголь ды закуска да яго. Так прадаецца, што іншым разам і прайсьці міма нельга, — кажа жанчына, — так прадаецца. Узяў, выпіў і пайшоў гуляць. Малады арганізм прывыкае хутка. Алькаголь у нас не такі дарагі. У шмат якіх месцах і падлеткі могуць набыць яго, нягледзячы на тое, што нельга».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG