Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Крамянецкі: Дзесяць сутак арышту ў Ельску я правёў у прыбіральні


Зьміцер Крамянецкі

Зьміцер Крамянецкі

У Цэнтральным судзе Гомеля пачаўся разгляд пазову маладафронтаўца Зьмітра Крамянецкага да ўправы ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму і Міністэрства фінансаў краіны аб спагнаньні маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

Сума гэтая — за пакуты, якія зазнаў Зьміцер цягам дзесяці сутак арышту — да суду і пасьля яго, знаходзячыся ў ізалятары пры Ельскім райаддзеле міліцыі. Судзьдзя Марыя Дамненка адклала разгляд справы на 19 жніўня, бо сыходзіць у адпачынак.

22 лютага Зьмітра Крамянецкага й Мікалая Дземідзенку затрымалі на мяжы ўкраінскія памежнікі. Актывісты накіроўваліся ў Кіеў на Эўрамайдан. Ахоўнікі мяжы, да якіх, відаць, яшчэ не дайшла інфармацыя пра ўцёкі Януковіча, паставілі маладафронтаўцам штампы ў пашпарты пра забарону ўезду на тэрыторыю Ўкраіны цягам пяці гадоў.

Што было далей, апавядае Зьміцер Крамянецкі:

«Нас зьнялі ўкраінскія памежнікі, перавезьлі на беларускі бок і перадалі нашым памежнікам. А тыя ўжо — я думаю, быў нейкі загад зьверху — выклікалі міліцыю. Мы сядзелі на той мяжы некалькі гадзін. Потым нас проста прывезьлі ў Ельскі РАУС і склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 17.1 — лаяліся мацюкамі. Хуліганка — гэта заўсёды, гэта звычайная практыка ў нашай краіне. А што ж яшчэ могуць прыдумаць? Схема простая і адпрацаваная, таму няма патрэбы вынаходзіць ровар».

Судзьдзя Ельскага раённага суду Іван Цалкоў, які разглядаў міліцэйскія пратаколы, таксама ровара не вынаходзіў: пакараў 24 лютага Зьмітра Крамянецкага і Мікалая Дземідзенку 10-суткавым арыштам, які яны й адбылі ў ізалятары пры Ельскім РАУСе.

Зьміцер Крамянецкі апавядае пра ўмовы ўтрыманьня:

«Камэра мэтры два на два, двое двух’ярусных нараў. На дваіх чалавек разьлічана, але там і аднаму месца мала. Нас удваіх пасадзілі ў гэтую камэру, дзе ўжо быў арыштант. І далі па паўматраца — адзін да дваіх, і па паўкоўдры. Нары, дзе мы спалі, — за 20 сантымэтраў ад прыбіральні. Гэта не вядро, а тыпу ўнітаза — нейкі такі дагістарычны. Ня ведаю, можна параўнаць, што 10 сутак мы сядзелі ў туалеце. Я ў Менску арандаваў кватэру, дык у мяне прыбіральня большая, чымсьці тая камэра. Душа няма. Дзесяць сутак мы не маглі нават памыцца».

Дзесяць сутак мы не маглі нават памыцца

Зьміцер паведаміў, што, адбыўшы ў нялюдзкіх умовах пакараньне, ён з адвакатам зьвярнуўся у пракуратуру:

«Падалі скаргу ў Ельскую пракуратуру. Адвакат вырашыў, што патрэбны й пазоў на спагнаньне маральнай шкоды на 10 мільёнаў. Я — чалавек. Прынцып не ў грашах, а ў тым, каб нехта з адказных быў пакараны, бо парушае мае правы. Ёсьць абярэмак законаў. Чаму я павінен выконваць законы, кімсьці напісаныя, а чаму яны не павінны? І яшчэ адно. Гэта Ельск — у тую камэру кагосьці зноў пасадзяць, і трэба, каб ствараліся нармальныя ўмовы. У нашай жа краіне на гэты конт таксама ёсьць законы. І трэба, каб яны выконваліся ня толькі з боку асуджаных, але й з боку адміністрацыі».

Па выніках праверкі скаргі Крамянецкага пракуратура Ельскага раёну ўнесла прадстаўленьне на адрас начальніка Ельскага РАУС з патрабаваньнем ліквідаваць выяўленыя парушэньні.

У судзе Цэнтральнага раёну, на папярэднім разглядзе пазову маладафронтаўца, прадстаўнік Міністэрства фінансаў у Гомельскай вобласьці Сяргей Захарчанка заявіў, што ягонае ведамства ня ёсьць належным адказчыкам. Гэта павінна быць Міністэрства ўнутраных спраў як распарадчык бюджэтных грошай у сваім ведамстве, бо справа, маўляў, не крымінальная, а адміністрацыйная.

На прызначаны ў чэрвені судовы разгляд пазову Зьмітра Крамянецкага прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму ў суд не зьявіўся. Была толькі даслана пісьмовая просьба аб пераносе судовага паседжаньня на іншы час.

11 ліпеня пазоў маладафронтаўца разглядаўся па сутнасьці. Валянціна Радзівонава, якая па даверанасьці прадстаўляла абласную міліцыю, пазоў не прызнала. Спаслалася на тое, што, маўляў, маральная шкода спаганяецца тады, калі чалавека пакаралі несправядліва і па крымінальнай справе. Пастанова ж Ельскага суду на арышт Крамянецкага не адменена.

Зь пісьмовага адказу ельскай міліцыі наагул вынікала, што Крамянецкі й Дземідзенка на харчаваньне адзін раз на дзень скаргаў не выказвалі, а ў лазьню нібыта самі адмаўляліся ехаць:

«У лазьню нас не вадзілі. Мы зь Дземідзенкам нават самі прапаноўвалі міліцыі аплаціць грамадзкую лазьню, абы толькі нас туды адвезьлі і далі памыцца. Але міліцыянты пажартавалі, пасьмяяліся й сказалі: няма канвою, і яны ня могуць нас вывезьці — і ўсё».

Зьміцер Крамянецкі заявіў, што ў жніўні яму прыйдзецца ехаць зь Менску ў Гомель ужо чацьвёрты раз.

Тым часам новая ўлада Ўкраіны, разабраўшыся з затрыманьнем на мяжы, выкрасьліла і Крамянецкага, і Дземідзенку зь ліку непажаданых на тэрыторыі Ўкраіны асобаў. Пра гэта актывістам паведаміла ўкраінская амбасада ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG