Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз уводзіць санкцыі супраць яшчэ 11 украінцаў і расейцаў


Эўрапейскі зьвяз уводзіць санкцыі супраць яшчэ 11 расейскіх і ўкраінскіх грамадзян у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне.

Ім будзе забаронены ўезд у краіны ЭЗ, дзе будуць таксама замарожаныя іх капіталы.

Такім чынам, расейска-ўкраінскі санкцыйных сьпіс пашыраецца да 72 чалавек.

Імёны будуць апублікаваныя 11 ліпеня ў афіцыйным выданьні ЭЗ – EU Official Journal, пасьля чаго санкцыі адразу ўступяць у сілу.

Як паведамляе агенцтва Франс-Прэс са спасылкай на эўрапейскія дыпляматычныя колы, большасьць асобаў, якія папоўнілі сьпіс – грамадзяне Ўкраіны, у некаторых падвойнае ўкраінска-расейскае грамадзянства. Паводле ацэнак крыніцы, усё гэта – малазначныя пэрсоны.

Пры абмеркаваньні «чорнага сьпісу» ў шэрагах Эўразьвязу паўсталі сур'ёзныя рознагалосьсі: такія краіны, як Вялікабрытанія, Латвія, Літва, Польшча і Швэцыя, настойвалі на ўключэньні ў яго высокапастаўленых чыноўнікаў і палітыкаў, імкнучыся зрабіць больш адэкватнай рэакцыю ЭЗ на падзеі ва Ўкраіне, падкрэсьліла дыпляматычная крыніца.

У канцы чэрвеня на саміце ў Брусэлі ЭЗ заявіў, што, калі Расія ня зьменіць сваю палітыку ва Ўкраіне, санкцыі будуць больш жорсткімі.

XS
SM
MD
LG