Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскі базар падчас славянскай вайны


Аляксандар Лукашэнка на адкрыцьці «Славянскага базару» ў Віцебску

Аляксандар Лукашэнка на адкрыцьці «Славянскага базару» ў Віцебску

У Віцебску распачаўся фэстываль «Славянскі базар». Як падае беларуская афіцыйная прапаганда — гэта галоўная пляцоўка дэманстрацыі духоўнага братэрства славянаў. Між тым аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што сёлетні фэстываль адбываецца на тле расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і што ў такіх умовах гаварыць пра еднасьць «братніх народаў» не выпадае.

Сёлета ўкраінскае прадстаўніцтва на «Славянскім базары» вельмі сьціплае, фактычна гэта «другі эшалён» эстрадных артыстаў: вакальны ансамбль «Перазвон», Ірына Білык, Маціяс, Анастасія Багінская, Андрэй Байко. Усе — малавядомыя па-за межамі Ўкраіны. І гэта пры тым, што за мінулыя гады ў Віцебску перабывалі практычна ўсе зоркі ўкраінскай сцэны.

Як мяркуе культуроляг Максім Жбанкоў, наўрад ці варта чакаць, што канфлікт ва Ўкраіне нейкім чынам адаб’ецца на «Славянскім базары», а фэстываль, у сваю чаргу, паспрыяе дээскаляцыі напружанасьці. На думку экспэрта, сам фармат фэста прадугледжвае выключна прарасейскі акцэнт:

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

«Для мяне тут няма ніякага канфлікту, таму што „Славянскі базар“ ад самага пачатку свайго „рэбрэндынгу“ — а трэба ўспомніць, што першапачаткова гэта быў Фэстываль польскай песьні ў Віцебску — вельмі выразна набыў расейскацэнтрычны вэктар свайго існаваньня. Фактычна „Славянскі базар“ ніколі ня быў форумам раўнапраўных партнэраў, гэта былі дні культуры імя Расейскай Фэдэрацыі. Таму тут я ніякіх зьменаў ня бачу, бо ўсё адно расейскі вэктар застаецца. І гэта так жа відавочна, як і тое, што „Славянскі базар“ ніколі не быў чыста культурнай акцыяй, гэта заўсёды была дэманстрацыя публічнай палітычнай салідарнасьці Беларусі і Расеі. І вось гэты палітычны вэктар у цяперашняй сытуацыі яшчэ больш узмоцніцца. Больш за тое, гэта будзе дэкаратыўнай дэманстрацыяй таго самага ілюзорнага славянскага братэрства, за якім на самой справе стаіць расейскі імпэрскі інтарэс».

Сярод расейскіх артыстаў, якія прыбылі на «Славянскі базар», няма тых, хто выказваў салідарнасьць з Украінай. Расейскія сьпевакі Мікалай Растаргуеў і Надзея Бабкіна, Алег Газманаў і Кім Брэйтбург, Надзея Кадышава і Філіп Кіркораў, Стас Міхайлаў і Рынат Ібрагімаў, якія з году ў год наведваюцца на віцебскі «базар», віталі пляны прэзыдэнта Пуціна наконт «абароны рускамоўных» ва Ўкраіне. А Надзея Бабкіна ў Віцебску за сваю грамадзкую актыўнасьць нават атрымала пэрсанальную зорку на Алеі славы.

Заслужаны артыст Беларусі, опэрны сьпявак Віктар Скорабагатаў цяперашні ўзровень ўсходнеславянскага братэрства ацэньвае наступным чынам:

«На ўсялякі выпадак, сапраўднае прозьвішча Бабкінай — Засядацелева. Таму гэта як прызваньне — засядаць, падпісваць пэтыцыі... Але ўжо нават тое, што адных і тых жа людзей расейцы называюць „братамі“ і адначасова іх жа называюць „фашыстамі“ — ну што тут зробіш? Бяда проста. Хворы народ, невылечна. Каго ім трэба ва Ўкраіне абараняць, ад каго? Каго і ад каго? Калі ўзяць увесь іншы сьвет, увесь абсалютна — я маю на ўвазе палітычны і юрыдычны сьвет — то для яго аніякіх пытаньняў што да сытуацыі ва Ўкраіне няма. І толькі адзіная краіна, у якой такія пытаньні ўзьнікаюць, — гэта Расея. Што ж тады атрымліваецца? Усе крочаць не ў нагу, адна толькі Расея маршыруе як трэба? Дык хворых людзей трэба лячыць, а зьвяртаць увагу на іхнія меркаваньні ня варта абсалютна».

Аляксей Смалякоў

Аляксей Смалякоў

Лідэр наваполацкага гурту «Стокс» Аляксей Смалякоў, які ад сярэдзіны 2000-х жыве і працуе ў Расеі, заклікае і сваіх калегаў, і звычайных людзей аналізаваць сытуацыю, перш чым трапляць у ідэалягічныя сеткі прапагандыстаў:

«Падзяляць людзей у залежнасьці ад таго, якую яны займаюць пазыцыю ў дачыненьні да Расеі, да Ўкраіны ці да любога іншага месца на зямлі, няправільна. Гэта не справа артыста. Месца артыста — на сцэне, дзе ён можа выказаць сваю пазыцыю ў песьні, у нейкім творы. Вось гэта будзе правільна. Таму я заўсёды, калі з кімсьці размаўляю, ці нават у сваіх песьнях заклікаю, каб людзі аналізавалі, прынамсі вучыліся рабіць аналіз. Гэта тычыцца любой галіны, ня важна якой — музычнай, палітычнай, эканамічнай. Нельга, каб цябе пастаянна ўводзілі ў зман. Нам, прыкладам, сказалі — вось, умоўна кажучы, у Беларусі нафту знайшлі, столькі і столькі тысяч тонаў. Чалавеку здаецца — вось як шмат нафты знайшлі, зажывём! А на самой справе гэтай нафты хопіць, каб завод Наваполацкі ці Мазырскі папрацаваў адзін дзень. Так робіцца практычна заўсёды: не тлумачаць жа спэцыяльна, проста локшыну вешаюць. Гэта дзяржава. І так, дзеля справядлівасьці, робяць усе дзяржавы».

Ролю міратворцы паміж украінцамі і расейцамі паспрабаваў на сябе прымераць Аляксандар Лукашэнка. Выступаючы на цырымоніі адкрыцьця «Славянскага базару», ён пераклаў адказнасьць за падзеі ва Ўкраіне на нейкія «трэція сілы». А беларусы, расейцы і ўкраінцы, ягонымі словамі, па-ранейшаму застаюцца апорай усяго славянскага сьвету: «Ёсьць нягодныя палітыкі, якія недаацанілі важнасьць нашай еднасьці. Зьявілася шчыліна, і ў гэтую шчыліну пралезьлі нашы праціўнікі і ворагі. Яны спрабуюць распаліць братазабойчую вайну і ў гэтую варонку ўцягнуць галоўнае ядро славянства — расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў».

XS
SM
MD
LG