Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён прымусіў мяне напісаць “Я люблю Данбас” маёй уласнай крывёй»


Масавыя факты выкраданьняў і катаваньняў зафіксаваныя з боку сэпаратысцкіх узброеных груповак. У меншай меры гэтым вызначыліся і праўладныя сілы.

Ганна і Фёдар

Ганна і яе сябар Фёдар былі выкрадзеныя ўзброенымі людзьмі ў Данецку 27 траўня і ўтрымліваліся 6 дзён. Ганна распавяла Amnesty International, што да яе ў кватэру, відавочна па наводцы, уварваліся сем узброеных людзей у масках і камуфляжы, якія сказалі, што яны з Данецкай народнай рэспублікі. Яны пачалі абшукваць кватэру, і калі знайшлі ўлёткі і ўкраінскі сьцяг, то выкарысталі яго, каб завязаць вочы Ганьне і Фёдару. Іх адвезьлі на допыты у нейкае скляпеньне, дзе ім пагражалі, у тым ліку сэксуальным гвалтам.

Фёдар распавёў Amnesty International, што яго зьбіваць пачалі яшчэ да допыту. Першыя пытаньні задаваліся з мэтай запалохаць, бо ня мелі нейкага інфармацыйнага зьместу. Ганну пыталі пра яе ўдзел у Майдане і абвінавацілі ў тым, што яна член «Правага сэктару». Сьледчы пачаў зьбіваць яе кулакамі, а калі яна згарнулася ў клубок і спрабавала засланіцца рукамі, ён узяў нож. Ён рэзаў ёй рукі, ногі. Асабліва глыбокая рана засталася на яе пальцы, бо яна спрабавала бараніцца. «Я была ў шоку, кажа Ганна, я ўжо не адчувала болю. Я думала, што гэта ня я і гэта ня можа быць мой суайчыньнік». Урэшце ён прыставіў ёй нож да шыі і сказаў «Маліся, зараз я заб’ю цябе». Але не забіў – толькі прымусіў напісаць уласнай крывёю на сьцяне сэпаратысцкі лёзунг «Я люблю Данбас». Ганна і Фёдар былі вызваленыя ў рамках абмену вязьняў.

Пакуль няма абагуленых або цалкам надзейных зьвестак пра колькасьць выкраданьняў ва ўсходняй Украіне. Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра амаль 500 выпадкаў у пэрыяд з красавіка па чэрвень 2014 году. Місія назіральнікаў ААН па правах чалавека на працягу апошніх трох месяцаў зафіксавала 222 выпадкі выкраданьня.

Amnesty International таксама сустрэлася з рознымі групамі, якія са сваёй ініцыятывы зьбіралі падрабязную інфармацыю ад асобаў, якія пабылі ў палоне. Большасьць зь іх заявілі таксама пра катаваньні.

Выкраданьні адбываліся ва ўсходняй Украіне, у Данецкай і Луганскай абласьцях. Мэтавымі асобамі былі ня толькі міліцыянты, вайскоўцы ці мясцовыя чыноўнікі, але і журналісты, палітыкі, актывісты, члены выбарчых камісій і бізнэсоўцы.

«Цяпер, калі ўкраінскія сілы паўторна ўсталявалі кантроль над Славянскам, Краматорскам ды іншымі месцамі, разам з вызваленымі палоннымі павялічваецца трывожная статыстыка, кажа Дзяніс Крывашэеў, прадстаўнік Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Гэта час, каб старанна задакумэнтаваць выпадкі, знайсьці і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці і дамагчыся кампэнсацыі ахвярам».

Выкуп за Сашу

Большасьць выкраданьняў мелі відавочную палітычную матывацыю. Ёсьць таксама сьведчаньні таго, што яны выкарыстоўваюцца ўзброенымі групамі для нагнятаньня страху і кантролю над мясцовым насельніцтвам. Людзей таксама выкрадаюць з мэтай атрыманьня выкупу.

Саша, 19-гадовы праўкраінскі актывіст, быў выкрадзены сэпаратыстамі пад руляй пісталета ў Луганску. Ён кажа, што яго бесьперапынна зьбівалі на працягу сутак: «Яны білі мяне кулакамі, крэслам, усім, што мелі пад рукой. Яны тушылі цыгарэты аб маю нагу і пускалі электраток. Гэта працягвалася так доўга, што я страціў прытомнасьць».

Саша быў вызвалены пасьля таго, як яго бацька заплаціў выкуп 60 тысяч даляраў. Ён зьехаў у Кіеў.

Крыкі ў Марыюпалі

Пераважная большасьць абвінавачваньняў у выкраданьнях і катаваньнях адносіцца на рахунак сэпаратысцкіх прарасейскіх груп. Тым ня менш, і праўрадавыя сілы, у тым ліку групы самаабароны, таксама адзначаліся жорсткім абыходжаньнем з палоннымі.

Дасьледчая група Amnesty International выехала з Кіева ў паўднёва-ўсходні марскі порт Марыюпаль, які двойчы за два апошнія месяцы пераходзіў з рук у рукі. 13 чэрвеня ўкраінскія войскі перанялі кантроль над горадам ад «Данецкай народнай рэспублікі». Мясцовы чыноўнік, які пажадаў застацца невядомым, распавёў Amnesty International, як ён чуў крыкі болю палонных сэпаратыстаў, ад якіх урадавыя сілы, відавочна, хацелі атрымаць інфармацыю.

У іншым выпадку 16-гадовы хлопчык Уладзіслаў быў выкрадзены пасьля таго, як ён разьмясьціў у інтэрнэце відэазапіс папярэдніх апэрацый праваахоўных сіл у Марыюпалі. У відэа, апублікаваным пасьля яго вызваленьня, Уладзіслаў сядзіць перад замаскаваным чалавекам, які трымае руку на яго галаве і пагражае хлопцу і «яму падобным», што ставяць пад сумнеў адзінства Ўкраіны. У наступным відэа-інтэрвію Ўладзіслаў сьцьвярджае, што яго катавалі, білі кулакамі і прыкладамі ў сьпіну і прымусілі напісаць «заяву для народа Ўкраіны», крычаць праўкраінскія нацыяналістычныя лёзунгі.

«Мы асуджаем эскаляцыю выкраданьняў і катаваньняў ва Ўкраіне, працягвае Дзяніс Крывашэеў. Усе бакі збройнага канфлікту павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палонных, якія ўсё яшчэ ўтрымліваюцца незаконна. Ажно да іх вызваленьня яны павінны быць абароненыя ад катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня».

Amnesty International заклікае ўрад Украіны стварыць адзіны рэестар выпадкаў зарэгістраваных выкраданьняў, актуалізаваць яго і старанна і справядліва расьсьледаваць усе факты неправамернага выкарыстаньня сілы, жорсткага абыходжаньня і катаваньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG