Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танныя беларускія бесьпілётнікі за мільён даляраў заваююць рынкі Афрыкі і Азіі — вайсковы экспэрт


Беларускі бесьпілётны авіяцыйны комплекс БАК-100 сёньня каштуе 2 мільёны даляраў ЗША.

Вытворцы плянуюць зьнізіць цану напалову. Калі гэта ўдасца зрабіць, бесьпілётнікі могуць заваяваць рынкі Афрыкі і Азіі, — перакананы вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

«Бесьпілётны авіяцыйны комплекс ствараўся як інавацыйны прадукт у рамках аднаго з сыстэмных праектаў ВПК. (...) Мы яшчэ не дайшлі да таго, каб ствараць цяжкія БЛА (бесьпілётны лятальны апарат. — Інтэрфакс) з адлегласьцю палёту 300–500 км і часам знаходжаньня ў паветры да 10 гадзінаў і больш, але БАК-100 з далечынёй палёту 100 км — гэта ўжо сур’ёзна», — кажа дырэктар кампаніі «Агат — Сыстэмы кіраваньня» Юры Масіенка.

Паводле ягоных слоў, бесьпілётнік ствараўся з улікам патрабаваньняў вайскоўцаў. «Галоўная эксплюатацыйная функцыя — карысная нагрузка. Гэта — сродкі аптычнай выведкі, лазэрнай выведкі, тэлевізійнай, радыяцыйнай выведкі», — кажа Масіенка.

Комплекс БАК-100 каштуе каля 2 мільёнаў даляраў. Такую цану Масіенка тлумачыць спэцыфічнай «начынкай» апарату.

«Мы плянуем зьнізіць кошт бесьпілётніка прыкладна ў два разы», — кажа дырэктар кампаніі «Агат — Сыстэмы кіраваньня» Юры Масіенка.

«Цана 2 мільёны — гэта бліжэй да сярэдняга сэгмэнту, а 1 мільён даляраў —гэта ніжэйшы цэнавы сэгмэнт для тэхнікі з такімі магчымасьцямі. Лідэры ў вытворчасьці бесьпілётнікаў — ЗША, Ізраіль, Францыя — далёка нас абагналі. Іхная тэхніка адпаведна каштуе і яна недаступная краінам, якія разьвіваюцца. Калі нам удасца зьнізіць цану на нашы бесьпілётнікі, то адкрываецца шырокі рынак краінаў Азіі і Афрыкі: вайсковая бясьпека, абарона навакольнага асяродзьдзя, маніторынг. Там вялікія тэрыторыі, якія кантраляваць людзьмі няма магчымасьці. Я думаю, што з пункту гледжаньня заваёвы рынку жаданьне зьнізіць цану абсалютна слушнае», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Над Беларусьсю будуць лётаць «Бэркуты» і «Грыфы»

Масіенка кажа, што патрэбы беларускага Міністэрства абароны — гэта каля 100 бесьпілётнікаў малога клясу «Беркут» і 20–25 БЛА тыпу «Грыф».

Алесін, у сваю чаргу, адзначае:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Самалётаў такіх трэба вельмі шмат, улічваючы, што цяпер распрацоўваюцца стратэгіі сеткавых і бескантактных войнаў. Выведка і маніторынг сытуацыі выходзяць на першае месца. Таму пажадана, каб пад кантролем бесьпілётных прыстасаваньняў знаходзілася ўся тэрыторыя, увесь тэатар ваенных дзеяньняў альбо тэрыторыя патэнцыяльных ваенных дзеяньняў. А па цане 2 мільёны мы шмат бесьпілётнікаў не набудзем, улічваючы, што бюджэт усяго беларускага войска не дасягае і мільярда даляраў».

У любым разе, паводле Алесіна, Міністэрства абароны замовіць бесьпілётнікі — «гэта будзе не адзінкавая пастаўка, яна расьцягнецца на некаторы час».

«У нас ужо гатовая інфраструктура: працуе цэнтар падрыхтоўкі ў раёне Бярозы, у авіяцыйным каледжы вучаць тэхнікаў і апэратараў, якія будуць абслугоўваць апараты», — канстатуе экспэрт.

У вайсковых распрацоўках больш свабоды, чым у іншых бізнэсах

Лятальны апарат «Грыф-1» сканструяваны на 558-м авіярамонтным заводзе. Стварэньнем «начынкі» займаліся некалькі прадпрыемстваў.

У бесьпілётнік інтэгравана абсталяваньне, якое прызначана для палётаў пры адсутнасьці спадарожнікавых радыёнавігацыйных сыгналаў. Яго распрацавала кампанія «КВАНД ІС».

«Для вайскоўцаў гэта сур’ёзнае абсталяваньне, якое проста неабходнае. Асабліва для замежных замоўцаў, якім такая магчымасьць вельмі рупіць», — заявіў дырэктар кампаніі «КВАНД ІС» Сяргей Тыціка.

БАК-100 распрацоўваўся паводле дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы за грошы зь бюджэту і за ўласныя сродкі кампаніяў.

«На гэтую праграму зь бюджэту выдзелена каля 80 мільярдаў рублёў. Прыкладна столькі ж уклалі кампаніі», — прызнаўся Масіенка.

«Калі ў эканоміцы дзяржава ў нас вельмі моцна ўсё зарэгулявала, то ў галіне вайсковых распрацовак, як гэта ні парадаксальна, існуе значна больш свабоды для творчасьці, і туды ідуць маладыя сьвежыя мазгі, якія прапаноўваюць свае распрацоўкі», — кажа вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG