Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікола Дземідзенка дапамагае сям’і ўцекачоў са Славянску


Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка

Адзін зь кіраўнікоў «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка абвясьціў праз сацыяльную сетку Фэйсбук збор рэчаў для сям’і ўцекачоў з украінскага гораду Славянску.

Рэчы ён сабраў, аднак сама ініцыятыва Дземідзенкі выклікала неадназначную рэакцыю карыстальнікаў сеціва.

— Мікола, як узьнікла ідэя дапамагчы ўцекачам з Украіны?

— У маі жыцьці побач зьявілася сям’я, якая прыехала са Славянска. У іх былі праблемы з жытлом, побытавымі пытаньнямі, грашыма. Яны прыехалі ў невялікі горад. І так здарылася, што я пра гэта уведаў.

Я зь імі паразмаўляў, бо было шмат пытаньняў: хто яны, чаго прыехалі? І засьведчыў у сваім Фэйсбуку, што гэта нармалёвыя людзі, што гэта не ўдзельнікі баявых дзеяньняў і сапраўды патрабуюць дапамогі.

Мы знайшлі ім здымную кватэру. Былі праблемы з мэбляй, бо спэцыфіка маленькага гораду ў тым, што людзі жывуць са сваёй мэбляй да канца. А ў Менску ёсьць людзі, якім надакучылі іхныя рэчы, ці якія могуць сабе дазволіць нешта лепшае.

— Якой была рэакцыя карыстальнікаў Фэйсбуку? — Я толькі плянаваў дапамагчы канкрэтна гэтым людзям. Аднак у сеціве пачаліся спрэчкі. Маўляў, я піярусь на такіх рэчах і дапамагаю невядома каму.

— Ёсьць людзі, якія заўсёды гатовыя прыйсьці на дапамогу. Але вынікі я ацэньваю станоўча. Рэчаў, якія мне паабяцалі, дастаткова для канкрэтна гэтай сям’і.

Распачынаць агульнанацыянальную кампанію дапамогі ўкраінскім уцекачам я не хачу, бо такія ініцыятывы ўжо існуюць. Тым больш, што ў Маладога фронту крыху іншы накірунак дзейнасьці.

Але добра, што пытаньне пра дапамогу ўздымаецца. Нашыя ўлады ў чарговы раз хлусяць. Аднойчы мы размаўлялі з гэтай сям’ёй, а побач працаваў тэлевізар, па якім распавядалі, як улады дапамагаюць уцекачам з Украіны. Гэта няпраўда, бо людзі ня ведаюць, куды ім зьвяртацца і што рабіць. Аказалася, што атрымаць статус уцекача ў Беларусі не так і проста.

— І як гэтыя людзі зрэагавалі на сюжэт па тэлебачаньню?

— Пэўны час гэтыя людзі жылі сярод двух прапагандаў. І гэта пры тым, што там былі вайсковыя дзеяньні. А зараз яны апынуліся ў сытуацыі, калі навокал не страляюць. І ім гэтага дастаткова, каб адчуваць цябе нармалёва.

Востра яны на той сюжэт не рэагавалі. Я паспрабаваў тлумачыць нашую сытуацыю. Але нейкай яскравай рэакцыі я ад іх не пачуў.

У іх ёсьць жаданьне проста працаваць і нармалёва жыць. І цяпер яны кажуць толькі пра гэта.

— А чаму гэтыя людзі хаваюцца ад журналістаў?

— Яны перажылі сытуацыю, калі іхная сям’я была падзеленая лініяй фронту. Гэтыя людзі ведаюць, што можа адбыцца пасьля камэнтару журналістам. І яны баяцца, што іхныя выказваньні могуць пашкодзіць сваякам, якія засталіся ва Ўкраіне.

— А хоць можаце назваць горад, дзе знаходзіцца гэтая сям’я?

— Гэта Мёры ў Віцебскай вобласьці.

— Колькі чалавек у сям’і?

— Тры чалавекі: малады хлопец з жонкай і ягоны бацька.

XS
SM
MD
LG