Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць гадоў таму на Гомельшчыне амаль 70 адсоткаў вучняў пачатковых клясаў навучаліся па-беларуску, у тым ліку першаклясьнікаў — больш як тры чвэрці. У абласным цэнтры 61 адсотак вучняў першай клясы засвойвалі веды на беларускай мове. Цяпер сытуацыю зь беларускамоўным навучаньнем у горадзе інакш як катастрафічнай і назваць нельга.

У паўмільённым горадзе толькі 20 школьнікаў навучаюцца па-беларуску. Прынамсі, такую лічбу называюць у гарадзкой управе адукацыі:

«Цяпер у горадзе толькі адна кляса, у якой выкладаньне прадметаў вядзецца на беларускай мове. Гэта трэцяя кляса ў 36-й гімназіі імя Івана Мележа — 20 навучэнцаў».

Калі мець на ўвазе, што школьнікаў у Гомелі каля 45 тысяч, то нескладана падлічыць, што гэта 0,04% — чатыры сотыя адсотка.

Настаўніца гімназіі № 36 Вольга Цярэшчанка наагул лічыць, што і ў іхняй установе няма паўнавартаснай адукацыі па-беларуску:

На беларускай мове вядуцца ўрокі, але не падтрымліваецца моўны рэжым. Дый урокі ня ўсе па-беларуску

«Я лічу, што беларускамоўная адукацыя ў Беларусі за 20 гадоў цалкам памерла. А тое, што засталося — так званыя беларускія клясы, — там не ідзе кантактаваньне зь дзецьмі на беларускай мове. Моўны рэжым не падтрымліваецца. Так, можа быць гішпанская, француская, нямецкая кляса. На беларускай мове вядуцца ўрокі, але не падтрымліваецца моўны рэжым. Дый урокі ня ўсе па-беларуску — маляванка там, праца. І настаўнікі не карыстаюцца беларускай мовай з 8 раніцы да 15 гадзіны, альбо да васямнаццатай, калі „падоўжанка“ працуе. На перапынках па-беларуску зь дзецьмі ніхто не размаўляе. Ніхто ад іх гэтага не вымагае. Гэта адно. Другое: лічу, што беларускамоўнае навучаньне засталося толькі ў падпольным ліцэі імя Якуба Коласа — і больш нідзе».

Настаўніца лічыць, што бяз мовы тытульнай нацыі сувэрэнную й незалежную краіну не пабудуеш.

Былы мэтадыст гарадзкой управы адукацыі, настаўнік гісторыі Алесь Міткавец згадвае, што стаўленьне да беларускамоўнага навучаньня кардынальна зьмянілася пасьля праведзенага з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі травеньскага рэфэрэндуму 1995 году, калі зьмянілі беларускія нацыянальныя сымбалі й зрабілі расейскую мову другой дзяржаўнай.

Усьлед за гэтым Міністэрства адукацыі праз школы прапанавала бацькам выбіраць мову навучаньня:

«Даслалі ліст, што бацькі могуць самі выбіраць мову навучаньня. Ну і, канечне, настаўнікі, дырэктарскі корпус палічылі за лепшае „ня тузацца“ — хуценька зладзілі ўсё на свой капыл. Людзі людзьмі, але й самі настаўнікі паступілі па-сьвінску. І асабліва — дырэктарскі корпус».

Такому кроку папярэднічала своеасаблівая «праграмная» прамова новаабранага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Гомелі на сэсіі гарсавету пры канцы 1994 году, калі ён заявіў, што «ў сьвеце ёсьць толькі дзьве вялікія мовы — расейская і ангельская, а на беларускай мове нельга выразіць нічога значнага».

Пануе ня роўнасьць моваў, а пануе двухгаловы арол — з такімі вострымі кіпцюрамі, што як увап’ецца, то ня выпусьціць сваю ахвяру

Да вынішчэньня беларускамоўнага навучаньня падштурхоўвала і іншае. Кожны бацька ці маці думаў: ну, ладна, вучыцца мой школьнік па-беларуску сёньня. А дзе яму заўтра па-беларуску набываць вышэйшую адукацыю? У якой установе?

Кіраўніца Гомельскай гарадзкой суполкі ТБМ Марыя Булавінская працягвае:

«Каб навучацца па-беларуску ў школе, трэба мець упэўненасьць, што надалей беларускамоўную адукацыю можна атрымаць у ВНУ ці ў іншых установах. Але такой упэўненасьці ў моладзі няма».

Сёлета ў красавіку ў штогадовым пасланьні да народу й парлямэнту Лукашэнка шмат гаварыў пра незалежнасьць. Сказаў, у прыватнасьці, і пра мову:

«Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове — мы перастанем быць нацыяй».

Старшыня рэгіянальнага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Бароўскі мяркуе, што заявіць так кіраўніка краіны, хутчэй за ўсё, прымусілі падзеі ва Ўкраіне:

«Пануе ня роўнасьць моваў, а пануе двухгаловы арол — з такімі вострымі кіпцюрамі, што як увап’ецца, то ня выпусьціць сваю ахвяру. І вось гэтыя кіпці ўпіліся ў нашу сыстэму. Гэта вельмі страшна, калі ўлада не зьвяртаецца да свайго народу на сваёй роднай мове».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG