Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данбас: Будні вайны


У Данецкай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы працягваюць наступ і абстрэльваюць агнявыя кропкі сэпаратыстаў у населеным пункце Карлаўка.

За суткі ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў, 11 параненыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

Пра сытуацыю ў зоне канфлікту ў інтэрвію Свабодзе распавялі ўкраінскія журналісты Ляўко Стэк і Міхаіл Баган.

Паводле інфармацыі ўкраінскай арміі, пры абстрэле памежнага прапускнога пункту «Далжанскі» ў Луганскай вобласьці параненыя пяць вайскоўцаў. Усяго ў ноч на чацьвер былі абстраляныя пяць блёкпостаў ўкраінскіх вайскоўцаў. Пацярпелых няма. Па дадзеных украінскіх СМІ, вайскоўцы адбілі атакі сэпаратыстаў на аэрапорт у Луганску. Нацыянальная гвардыя паведамляе аб завяршэньні разьмінаваньня ў населеных пунктах паміж Ізюмам і Славянскам. У зоне антытэрарыстычнай апэрацыі знаходзіцца карэспандэнт радыё Свабода Ляўко Стэк. Паводле яго дадзеных, пацярпелых ад выбухаў мін і фугасаў сярод цывільных жыхароў няма.

Стэк: Прынамсі, у афіцыйных заявах вайскоўцы ня кажуць аб загінулых і пацярпелых ад мінаў сярод мірнага насельніцтва. У гарадах, якія цяпер вызваленыя ад баевікоў, вельмі павольна наладжваецца мірнае жыцьцё, таму што ёсьць небясьпека, што ў нейкім адміністрацыйным будынку або на вуліцы, або ў любой з барыкадаў можа быць бомба, міна або расьцяжка. Зараз актыўна працуюць супрацоўнікі МНС, сапёры. Вельмі шмат знаходзяць боепрыпасаў, снарадаў, якія не разарваліся, закладзеных мінаў. Але аб мірных жыхарах, якія пацярпелі б ад гэтага, я ня чуў.

РС: А вы асабіста з гэтай праблемай сутыкаліся?

Стэк: Так, вось ёсьць сытуацыі, калі ты едзеш па дарозе з аднаго населенага пункту ў іншы, і прама ў асфальце, на трасе можа тырчэць снарад або міна. Сапраўды, тут шмат боепрыпасаў, якія часта ўяўляюць небясьпеку. І ўсачыць за ўсім, вядома, проста немагчыма, даводзіцца на свой страх і рызыку ехаць і быць вельмі асьцярожным. Нікуды не заходзіць да таго, як там папрацавалі сапёры.

РС: Якая ў цэлым сытуацыя ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі?

Стэк: Перастрэлкі чутныя, як і некалькі дзён таму. Проста геаграфія іх зьмянілася. Калі раней стралялі каля Славянску і Краматорску, то цяпер лінія фронту, назавем яе так, зрушылася бліжэй да Данецку і Луганску. Баі каля Ямпаля былі, нават працавалі «Грады», гэта было чуваць на многія кілямэтры. Зараз у Карлаўцы, недалёка ад Данецку, ідуць баі. Казаць пра нейкае зацішша я б ня стаў. Баявыя дзеяньні, праца ўкраінскай арміі працягваецца, я так разумею, ніхто не даваў каманды зьмяншаць абароты. Усё па-ранейшаму, проста зьмянілася лякацыя.

РС: Паведамляецца, што з Украіны ў Расею рухаецца вялікая колькасьць уцекачоў. Ці заўважальна гэта ў зоне АТА?

Стэк: Патокаў уцекачоў няма цяпер. Калі была актыўная фаза АТА, так, было даволі шмат людзей, якія выяжджалі, іх можна было бачыць. Зараз жа абстрэлаў гарадоў маштабных няма, і людзей, якія б масава зьяжджалі, таксама няма. Вядома, з Данецку едуць людзі, з Луганску, але гэта адзінкавыя выпадкі, гэта могуць быць дзясяткі, сотні. Але казаць пра тое, што маса людзей бяжыць у Расею... калі шчыра, тут да гэтага ставяцца з усьмешкай.

У закладніках у сэпаратыстаў у Данбасе знаходзяцца, як мінімум, 150 грамадзянаў Украіны. Пра гэта ў чацьвер у Харкаве заявіла ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны па мірным урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе Ірына Герашчанка. Паводле зьвестак карэспандэнта выданьня «Навіны Данбасу» Міхаіла Багана, у Данецку зьявілася інфармацыя, што сэпаратысты здымаюць зь цягнікоў Данецк-Кіеў мужчынаў, якія спрабуюць пакінуць горад.

Баган: Данецк наводнены ўзброенымі людзьмі, асабліва гэта прыкметна ў цэнтры гораду, на ўскраінах іх ня так шмат. Паводле паведамленьняў гарсавету і жыхароў, у некалькіх раёнах гэтай ноччу была чутная страляніна. Пачасьціліся выпадкі выкраданьняў людзей. Паведамляюць пра тое, што забіраюць мужчын наўпрост на вуліцы на падставе таго, што яны павінны ваяваць за ДНР. Гараджане спрабуюць зьехаць як мага хутчэй, людзі проста напалоханыя, баяцца таго, што адбываецца.

РС: Чаго чакаюць людзі?

Баган: Цяжка сказаць. У прынцыпе, людзі жывуць ў чаканьні міру, вядома, у першую чаргу. Але як гэты мір будзе ўсталёўвацца – пакуль не зусім зразумела. У бліжэйшых да Данецку пасёлках увесь час ідуць баі, увесь час зьяўляюцца паведамленьні, што ўкраінская тэхніка падыходзіць да гораду. Але актыўных дзеяньняў з боку ўкраінскіх сілавікоў у самым Данецку не назіраецца.

РС: Ці можна зараз свабодна зьехаць з гораду?

Баган: Ёсьць праблемы з пакупкай квіткоў, асабліва ў Кіеў, на цягнікі. Аэрапорт у нас не працуе ўжо некалькі месяцаў. Што тычыцца аўтавакзалаў, аўтобусы ходзяць, але праблема ў тым, што яны праяжджаюць праз блёкпосты, і зноў-такі ёсьць паведамленьні, што здымаюць людзей з аўтобусаў. І зь цягнікоў, дарэчы, таксама – учора зьявілася паведамленьне, яно пакуль што не пацьверджанае, але яно было. Зьнялі некалькі мужчынаў зь цягніка Данецк – Кіеў сэпаратысты, баевікі. Яны прыходзяць і пад пагрозамі, пагражаючы аўтаматамі, здымаюць людзей.

РС: Што з гарадзкой інфраструктурай?

Баган: Транспарт працуе, вада падаецца ў абмежаваным рэжыме, таму што працягваецца рамонт каналу падачы вады, пашкоджанага з прычыны баявых дзеяньняў. Сьвятло, газ, усё ёсьць. З інфраструктурай асаблівых праблемаў няма, адзінае – часам у некаторых крамах назіраецца дэфіцыт. Дзесьці ў раёнах паліцы пустыя, а дзесьці ўсё нармальна. Гэта крыху для мяне невытлумачальныя рэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG