Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На завяршэньні цыклю, прысьвечанага прэзыдэнцкім выбарам 1994 году, у якім я імкнуўся прывесьці меркаваньні розных удзельнікаў і дазваляў сабе толькі мінімальныя камэнтары – колькі словаў у якасьці адказу на пытаньне, якое часта чую: дык хто вінаваты?

Зразумела, усялякая падзея такога маштабу і такіх доўгачасовых наступстваў ёсьць вынікам узаемадзеяньня розных фактараў і розных абставінаў, спалучэньня непазьбежнага і выпадковага.

Канечне, многае тлумачаць словы Васіля Быкава пра нясьпеласьць грамадзтва, якое ня здолела скарыстацца шанцам, якога дамогся авангард (са словаў таго ж Быкава) прагрэсіўных сілаў – Беларускі Народны Фронт.

І – тым ня менш, ёсьць паняцьце палітычнай адказнасьці.

Найбольшую пэрсанальную палітычную адказнасьць за тое, што робіцца ў дзяржаве, нясе той, хто мае ўладу. Уся ўлада ў Беларусі ад абвяшчэньня незалежнасьці ў 91-м і да моманту прэзыдэнцкіх выбараў у 94-м належала намэнклятуры на чале са старшынём Савету міністраў Вячаславам Кебічам. Ён быў ня толькі кіраўніком ураду, але і кантраляваў дэпутацкую большасьць у Вярхоўным Савеце.

Беларускі Народны Фронт ніякай улады ня меў.

Праблема, аднак, была яшчэ і ў тым, што намэнклятура, якая захавала ў Беларусі ўладу, мела адну асаблівасьць. І супрацьстаяньне БНФ і намэнклятуры адрозьнівалася ад таго, што назіралася ў суседніх краінах.

Валэнсу ня трэба было даказваць Ярузэльскаму, што Польшча павінна быць незалежнай дзяржавай.

Ландсбергісу не было патрэбы пераконваць Бразаўскаса, што літоўская мова – гэта важна.

Але, можа быць, куды лепшы прыклад для параўнаньня – Украіна.

Ва Ўкраіне лідэр Народнага Руху Вячаслаў Чарнавіл у тым жа самым 1994 годзе таксама не перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, хаця меў куды большыя, чым Зянон Пазьняк, рэсурсы (незадоўга да выбараў Чарнавіл быў старшынём Львоўскай абласной рады, яго падтрымлівалі некаторыя буйныя бізнэсоўцы, якія кантралявалі значныя сэктары эканомікі). Аднак перамога стаўленіка намэнклятуры Леаніда Кучмы хаця і істотна запаволіла дэмакратычнае разьвіцьцё краіны, але не зрабілася для яе лёсу фатальнай.

Ні Кучму, ні ягонаму атачэньню не прыйшло ў галаву мяняць дзяржаўную сымболіку, зьнішчаць статус украінскай мовы як адзінай дзяржаўнай, ладзіць дзяржаўны пераварот ды ўсталёўваць практычна неабмежаваны тэрмін знаходжаньня на вышэйшай пасадзе. Такія прапановы, калі б яны прагучалі, былі б найперш адрынутыя той жа самай кіруючай элітай.

Бо пры шмат якіх падабенствах ёсьць адно, што адрозьнівала ўкраінскую намэнклятуру ад беларускай. Гэта – узровень нацыянальнай сьвядомасьці. А больш дакладна – наяўнасьць яе ва ўкраінскага кіраўніцтва і амаль поўная яе адсутнасьць у беларускага.

Вось таму ў 1992-м украінская Вярхоўная Рада не ратыфікавала Статут СНД, а ў 1993-м не далучыла краіну да Дамовы аб Калектыўнай абароне – чаго дамаглася, насуперак Апазыцыі БНФ, парлямэнцкая большасьць Вярхоўнага Савету Беларусі. Вось чаму дзяржаўныя СМІ Ўкраіны ў пачатку 90-х хаця і супрацьстаялі шмат у чым Народнаму Руху, але не фармавалі ў грамадзтве ўстойлівы стэрэатып, што эканамічныя цяжкасьці – вынік незалежнасьці. Вось чаму прэзыдэнт, абраны ў 1994 годзе, не дамову аб «саюзнай дзяржаве» з Крамлём падпісаў – а кнігу «Украіна – не Расея» напісаў.

У Беларусі намэнклятура не ўспрыняла зробленую дэпутатамі Апазыцыі БНФ у жніўні 91-га, адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, прапанову далучацца да сумеснай працы ў справе будаўніцтва сувэрэннай дзяржавы. Фактычна, усё, чаго ўдалося дасягнуць ў 1991-94, было насуперак жаданьням ураду Кебіча і падкантрольнай яму парлямэнцкай большасьці. Гады, калі Расея была аслабленай, не былі скарыстаныя для таго, каб вырвацца з арбіты ўплыву Крамля і Лубянкі – што ўдалося зрабіць кіраўніцтву краінаў Балтыі і, у нейкай ступені, Украіны. Пры гэтым ці не штодня дэпутаты Апазыцыі БНФ тлумачылі і ўраду, і Вярхоўнаму Савету, што трэба рабіць – але толькі некаторыя нашыя прапановы прымаліся.

Яшчэ горш, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі фармавалі ў людзей перакананьне, што эканамічны крызіс, інфляцыя, карупцыя – вынік развалу СССР, і што «аднаўленьне сувязяў з братняй Расеяй» і нават – «аднаўленьне адзінай дзяржавы» – галоўная ўмова нармальнага жыцьця. Ні ўрад, ні манапалізаваныя ім СМІ не спрыялі той сьпеласьці грамадзтва, пра недахоп якой казаў Васіль Быкаў. Наадварот – цягам некалькіх гадоў грамадзтва атрымлівала моцную прарасейскую ін’екцыю. Таму Лукашэнка зь ягонымі праімпэрскімі лёзунгамі трапіў на падрыхтаваную глебу. А лепей сказаць – вырас з гэтай глебы, узгадаваўся на ёй. Зразумела, пры спрыяньні сілаў, якія прагнулі зьнішчыць Беларусь.

У 1992-94 было некалькі момантаў, калі Беларусь магла пайсьці па іншым шляху. Мог адбыцца рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах ВС – але намэнклятура заваліла яго рукамі Шушкевіча і Булахава. Можна было абраць парлямэнцкую форму праўленьня – але, жадаючы ўмацаваць уласныя пазыцыі, у пачатку 1994 году Кебіч і парлямэнцкай большасьць (ізноў жа – насуперак Апазыцыі БНФ) – увялі прэзыдэнцтва. Ну і, канечне, нельга сьпісваць адказнасьць з «маладых ваўкоў» – паплечнікаў Лукашэнкі: ужо адно тое, што ён дэманстрацыйна насіў БССРаўскі дэпутацкі значок, павінна было б насьцярожыць, ня кажучы ўжо пра заклікі да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі. Аднак «маладыя ваўкі» абралі праімпэрскую рыторыку лейтматывам выбарчай кампаніі.

Можна спрачацца, у якой ступені тое, што адбылося ў 94-ым, было плянам Масквы. Але застаецца фактам, што і Кебіч, і Лукашэнка выступалі з аднолькавых, папросту сынхронных ідэалягічных пазыцый, цалкам прарасейскіх – і абодва супрацьстаялі кандыдату Народнага Фронту, што Кебіч пазьней пацьвердзіў у мэмуарах. Удар быў нанесены ня проста па БНФ – а па нацыянальным Адраджэньні.

Бясспрэчна і тое, што вынік выбараў Маскву задаволіў цалкам. Прычым, мяркую, задаволіў і Крэмль, і Лубянку, і Генштаб: на зьмену састарэлай, нямоглай прарасейскай камуністычнай намэнклятуры прыйшла намэнклятура маладая, энэргічная. І – такая ж прарасейская.

... У дні прэзыдэнцкіх выбараў мая маці пераказала расповед пра наведваньне Кебічам сьвятых месцаў у Жыровіцах. Быццам бы паклаў Вячаслаў Францавіч да абраза Божай Маці ружу, і ружа імгненна счарнела.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG