Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўрал у Віцебску: горад рыхтуюць да прыезду Лукашэнкі на «Славянскі базар»


Аляксандар Лукашэнка звычайна прыяжджае на адкрыцьцё музычнага фэсту. Цырымонія адкрыцьця прызначана на 21:30. І з самага ранку 10 ліпеня навакол Летняга амфітэатру вядуцца сьпешныя працы па добраўпарадкаваньні.

Фарбуюць бардзюры, у клюмбы сьпешна садзяць новыя кветкі, рамантуюць дарожнае пакрыцьцё, ствараючы праблемы для транспарту, які зь цяжкасьцямі праяжджае па вуліцах Леніна ды імя газэты «Праўда»...

У Віцебску ужо нямала гасьцей: сярод мінакоў вельмі часта сустракаюцца людзі з адмысловымі бэджамі ўдзельнікаў фэстывальных імпрэзаў. Але ўражаньні прыежджых ад аўралу ў чаканьні Аляксандра Лукашэнкі відавочна не турбуюць гарадзкія ўлады.

Мясцовыя ж жыхары ўжо звыклі, што ў дзень адкрыцьця міжнароднага музычнага фэсту горад добраўпарадкуюць самымі сьпешнымі тэмпамі.

Віцябляне разглядаюць афішы, нехта набывае квіткі на канцэрты, пераважна самыя недарагія... А міліцыянты ўжо надзелі з нагоды сёньняшняга адкрыцьця белыя кашулі і рыхтуюць брамы-мэталашукальнікі, каб правяраць гледачоў у летнім амфітэатры ды мінакоў у бліжэйшым навакольлі, а таксама расстаўляюць жалезныя загародкі — каб да галоўнай канцэртнай пляцоўкі нельга было дайсьці інакш, як праз ахоўныя кардоны.

XS
SM
MD
LG