Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ізраіль адменіць візы для беларусаў у кастрычніку, калі нічога не здарыцца


Беларускі бок выступае за тое, каб бязьвізавы рэжым для грамадзян Беларусі, якія накіроўваюцца ў Ізраіль, існаваў для ўсіх катэгорыяў насельніцтва.

Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Пытаньне пра бязьвізавы рэжым для розных катэгорыяў грамадзян да афіцыйнага прадстаўніка зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі ўзьнікла невыпадкова. Справа ў тым, што цяпер у Менску знаходзіцца з рабочым візытам намесьніца міністра ўнутраных спраў Ізраіля Фаіна Кіршэнбаўм. Некаторыя мэдыі са спасылкай на яе паведамілі: бязьвізавы рэжым у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Ізраілем можа ажыцьцявіцца ўжо праз два месяцы. Аднак ізраільская чыноўніца зрабіла агаворку, што пад дзеяньне гэтага візавага рэжыму будуць падпадаць толькі тыя грамадзяне Беларусі, якія маюць біямэтрычныя пашпарты. А іх у жыхароў Беларусі дагэтуль няма.

Аднак спадарыня Кіршэнбаўм сама ўнесла яснасьць у сытуацыю: некаторыя журналісты не так яе зразумелі, неабходнасьць біямэтрычных пашпартоў тычыцца грамадзян Малдовы, а не Беларусі. Што да беларусаў, то візавы рэжым адмяняецца для ўсіх грамадзянаў, незалежна ад віду іх пашпартоў.

«Ізраіль вырашыў адмяніць візы для грамадзян Беларусі. І адпаведныя дакумэнты перададзеныя ў МЗС Беларусі», — заявіла намесьніца міністра ўнутраных спраў Ізраілю. Паводле яе словаў, калі не адбудзецца нейкіх непрадбачаных зьменаў, бязьвізавы рэжым пачне дзейнічаць у кастрычніку 2014 году.

У адрозьненьне ад беларусаў, цяпер грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны ўжо карыстаюцца правам бязьвізавага наведаньня Ізраілю, адпаведна як і грамадзяне Ізраілю бязь візы наведваюць Расейскую Фэдэрацыі і Ўкраіну.

Дзьмітры Мірончык паведаміў таксама, што з 8 па 10 ліпеня намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына знаходзілася ў Брусэлі, дзе вялася размова з прадстаўнікамі Эўразьвязу і Эўракамісіі аб праграме мадэрнізацыі для Беларусі. Падчас гэтага наведваньня Брусэлю спадарыня Купчына вяла перамовы і наконт спрашчэньня візавых працэдураў для грамадзянаў Беларусі, якія хочуць наведаць шэнгенскую зону.

XS
SM
MD
LG