Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна патрабуе ад Расеі вярнуць палонную лётчыцу Надзею Саўчанка


Прадстаўнік Amnesty International ва Ўкраіне Багдан Аўчарук мяркуе, што Саўчанку маглі вывезьці ў Расею ў выніку здрады ва ўкраінскіх спэцслужбах.

Падобны ж выпадак адбыўся некалькі гадоў таму з расейскім апазыцыянэрам Леанідам Разважаевым.

"Гэта даводзіць нейкую сувязь расейскай улады з сэпаратыстамі ці іншымі групоўкамі, якія ўласна даставілі гэтага чалавека на тэрыторыю Расеі. А другое — гэта тое, што Расея ў чарговы раз паказала свае грэблівае стаўленьне да міжнародных нормаў",— кажа Аўчарук, якога цытуе УНІАН.

Раней расейскі бок заявіў, што Надзея Саўчанка трапіла ў Расею як уцякачка з Украіны. Гэтую інфармацыю катэгарычна абверглі ўкраінскаму выданьню ТСН прадстаўнікі добраахвотнага батальёна «Айдар».

Экспэрт па міжнародным праве Лідзія Кузьменка сьцьвярджае, што калі б Саўчанка сапраўды была ўцякачкай, то афіцыйныя органы Расеі ня мелі б права зьвяртацца ў консульскія ўстановы Ўкраіны, бо гэта парушае права чалавека на абарону.

«Нельга паведамляць імя ўцекача, бо ён ня хоча карыстацца абаронай. Калі яны паведамілі, як яны кажуць, нашым консульскім установам, то яны парушылі яе права на абарону, таму яна ані ў якім разе ня можа быць уцякачкай», — цытуе словы Кузьменка УНІАН.

Украіна зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з заклікамі дапамагчы вызваліць лётчыцу Надзею Саўчанку — пра гэта 9 чэрвеня паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Украіны Даніла Лубкоўскі. Паводле дыплямата, Саўчанку вывезьлі ў Расею «невядомым» чынам. Украіна патрабуе вызваліць усіх сваіх грамадзянаў, якія былі затрыманыя раней і знаходзяцца ў Расеі. Сярод іх рэжысёр Алег Сянцоў, якога абвінавачваюць у тэрарызме.

У заяве МЗС Украіны гаворыцца, што выпадак Надзеі Саўчанкі «яшчэ адно пацьверджаньне таго, што тэрарысты плянуюць і рэалізоўваюць свае злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны ў цеснай сувязі са спэцслужбамі Расейскай федэрацыі».

8 ліпеня стала вядома, што захопленая сэпаратыстамі пад Луганскам лётчыца Надзея Саўчанка знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары ў расейскім горадзе Варонежы. Яе падазраюць у датычнасьці да гібелі двух расейскіх журналістаў падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ва Ўкраіне. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла сястра Надзеі — Вера Саўчанка — са спасылкай на расейскага адваката.

Надзея Саўчанка знаходзіцца ў Расеі ад 23 чэрвеня. Надзея Саўчанка — афіцэр-лётчык, прымала ўдзел у АТА як добраахвотніца і трапіла ў палон да сэпаратыстаў каля мястэчка Шчасьце пад Луганскам 18 ці 19 чэрвеня. 17 чэрвеня у мястэчку Мэталіст пад Луганскам загінулі супрацоўнікі Усерасейскай дзяржтэлерадыёкампаніі Ігар Карнялюк і Антон Валошын Паводле ўкраінскіх сілавікоў, журналісты ажыцьцяўлялі інфармацыйнае суправаджэньне адной з вайсковых груп сэпаратыстаў.

XS
SM
MD
LG